20 красавiка 2024, Субота, 2:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Адбілі»: у Магілёўскай вобласці ўводзяцца паніжальныя каэфіцыенты на інтэрнаты

8
«Адбілі»: у Магілёўскай вобласці ўводзяцца паніжальныя каэфіцыенты на інтэрнаты
ФОТА: DEUTSCHE WELLE

Каэфіцыенты дазволяць знізіць плату за інтэрнаты.

Жыхары інтэрнатаў Магілёўскай вобласці могуць уздыхнуць вальней: аблвыканкам прыняў пастанову пра ўвядзенне паніжальных каэфіцыентаў, якія дазволяць істотна знізіць плату за пражыванне, піша «Вячэрні Бабруйск».

Нагадаем, у лютым у Магілёўскай вобласці ў жыроўках жыхароў інтэрнатаў з'явіўся новы радок – «плата за карыстанне жылым памяшканнем», які прывёў да значнага павелічэння «камуналкі».

За жыллё нізкіх спажывецкіх якасцяў у інтэрнаце жыхарам Магілёва і вобласці даводзілася плаціць часам як за 3-4-пакаёвую кватэру. Гэта выклікала спачатку выбух абурэння ў сацыяльных сетках, а потым і пратэставыя выступы ў гарадах рэгіёну, асабліва ў Магілёве і ў Бабруйску. Як адзін з варыянтаў развязання праблемы жыхары і іхнія прадстаўнікі прапаноўвалі ўвядзенне паніжальных каэфіцыентаў, якія мяняліся б у залежнасці ад спажывецкіх якасцяў жылля ў інтэрнаце.

І вось стала вядома, што Магілёўскі аблвыканкам пастанову пра ўвядзенне паніжальных каэфіцыентаў прыняў. Да «платы за карыстанне жылым памяшканнем» будзе ўжывацца каэфіцыент ад 0,1 да 1,0.

У квітанцыях за красавік жыхары рэгіёну палёгку ўжо адчулі. Так, напрыклад, жыхары інтэрната «Белшыны» па вуліцы Ульянаўскай, 94, у Бабруйску цяпер будуць плаціць з паніжальным каэфіцыентам 0,4. У аднаго з жыхароў, да прыкладу, у квітанцыі за сакавік стаяла 65 рублёў, у красавіку ж, дзякуючы новаму каэфіцыенту, ён заплаціць толькі 25.

Варта адзначыць, што пастановы пра павышэнне платы і ўвядзенне паніжальных каэфіцыентаў прымаюцца на рэгіянальным узроўні, таму гэты працэс ідзе ў краіне нераўнамерна. Як вынік – напружанне ўсё яшчэ захоўваецца. Так, пакуль у Магілёўскай вобласці ўводзілі паніжальны каэфіцыент, у Гарадзенскай вобласці плату за інтэрнаты яшчэ толькі-толькі павысілі. Таму варта чакаць у найбліжэйшы час новы віток напружанасці і рост колькасці пратэставых выступленняў – на гэты раз у Гарадзенскай вобласці.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках