28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Daily Beast: Ізраіль скарыстаецца F-35 для ўдару па ядзерных аб'ектах Ірана

Daily Beast: Ізраіль скарыстаецца F-35 для ўдару па ядзерных аб'ектах Ірана
ФОТА: AMIR COHEN/REUTERS

Тэль-Авіў ужо паспрабаваў стэлс-знішчальнікі F-35 у баі.

Ізраіль можа выкарыстаць найноўшыя стэлс-знішчальнікі F-35 для ўдару па Іране, піша The Daily Beast, (пераклад - Newsader). Тэль-Авіў можа пайсці на такі крок пасля таго, як гэтыя самалёты - у адпаведнасці з афіцыйнай заявай - былі ўпершыню выкарыстаныя для ўдараў па іранскіх аб'ектах.

Абсталяваны ўдасканаленай тэхналогіяй нябачнасці, F-35 здольны абысці ўсялякія існыя радары. Гэта робіць яго найлепшым інструментам для магчымага рэйду на добра абароненыя ядзерныя аб'екты Ірана, піша газета.

Першы досвед такога кшталту Ізраіль атрымаў у 1981 годзе: ужо праз год пасля набыцця ў Злучаных Штатаў новых F-16 ізраільскія вайскоўцы выкарыстоўвалі гэтыя знішчальнікі для ўдару па ядзерным рэактары ў Іраку, не папярэдзіўшы Вашынгтон аб рыхтаванай аперацыі. Тады ў Тэль-Авіве заявілі аб паспяховым зрыве "другога Галакосту", які, на думку ізраільцян, непазбежна здарыўся б у выніку распрацоўкі Іракам ядзернай зброі.

Праз амаль 40 гадоў Ізраіль можа такім жа чынам скарыстацца самалётамі F-35 для правядзення аналагічнай вайсковай аперацыі, піша выданне. Той факт, што гэтыя практычна непрыступныя для СПА машыны прайшлі баявое хрышчэнне ў Сірыі і Лібане, робіць вельмі імаверным наўпроставы вайсковы напад Ізраіля на Іран з мэтай бамбавання інфраструктуры, як мяркуецца звязанай з ядзернай праграмай Тэгерана.

У чацвер стала вядома, што Іран заклікаў еўрапейскія краіны - Брытанію, Нямеччыну і Францыю - не выходзіць з "ядзернай угоды" следам за ЗША і выканаць некалькі ўмоў, уключаючы неўмяшанне ў ракетную праграму Ірана і яго замежнапалітычныя амбіцыі на Блізкім Усходзе. У адваротным выпадку іранскі рэжым прыстрашыў аднавіць працу над атамам.

У аўторак Вайскова-паветраныя сілы Ізраіля афіцыйна паведамілі пра першае баявое выкарыстанне знішчальніка-бамбавіка F-35, не ўдакладніўшы дату і месца аперацыі.

F-35, распрацаваныя кампаніяй Lockheed Martin, валодаюць надзвычай малой радыёлакацыйнай сігнатурай і здольныя заходзіць на тэрыторыю супраціўніка незаўважанымі, а таксама абыходзіць сучасныя сістэмы супрацьракетнай абароны, як, напрыклад, С-300 расейскай вытворчасці, якія мае Іран.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках