20 красавiка 2024, Субота, 16:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заіка: «авіяканструктар» Кабякоў на «самалёце» прэм'ера да 2021 года не даляціць

4
Заіка: «авіяканструктар» Кабякоў на «самалёце» прэм'ера да 2021 года не даляціць
АНДРЭЙ КАБЯКОЎ
ФОТА: BYMEDIA

Беларусь мае патрэбу ў скарачэнні паловы міністэрстваў.

Эканаміст ацаніў планы ўрада нарасціць вытворчасць Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» да мільярда даляраў за некалькі гадоў.

У інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву «Сіньхуа» прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў расказаў пра перспектывы беларуска-кітайскага праекта.

- Што тычыцца ацэнкі нашых чаканняў ад парку, то да 2021 года плануем комплекснае засваенне тэрыторыі першага этапу плошчай 850 га. Да 2021 года чакаем дасягнуць наступнага эфекту: блізу 1 млрд назапашаных інвестыцый з моманту стварэння парку, 100 рэзідэнтаў, кошт вырабленай прадукцыі не менш за 1 млрд, блізу 7 тысяч дадатковых працоўных месцаў, - цытуе чыноўніка БелТА.

Раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што «Вялікі камень» стане «перлінай» эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Таксама ў планах праекта прадугледжвалася павелічэнне экспарту да 50 мільярдаў даляраў штогод.

Наколькі рэалістычнымі выглядаюць агучаныя Андрэем Кабяковым перспектывы, у экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» распавёў эканаміст Леанід Заіка. Ён разглядае праект «Вялікага каменя» як «добрую задуму для кітайскай наменклатуры».

- Кітайскія чыноўнікі цяпер з вялікім задавальненнем сваіх дзяцей выштурхваюць у Еўропу. І для гэтага выгаднае стварэнне вось такіх плацдармаў, якое стварае кітайскую аселасць. Тут яны нешта распачнуць, нешта будуць рабіць, прадаваць-купляць і працаўладкоўваць грамадзян Кітая, - падкрэслівае Леанід Заіка.

Ацэньваючы планы ўрада аб развіцці індустрыяльнага парку і карысць для беларускай эканомікі, суразмоўца заўважае:

- Пры ўсёй павазе да авіяканструктара Андрэю Уладзіміравіча Кабякова, хачу сказаць, што ён на самалёце прэм'ер-міністра да 2021 года не даляціць. З маіх адчуванняў, да гэтага часу кіраўніком урада ён дакладна не будзе.

Напраўду, мільярд даляраў - гэта невялікая лічба для краіны. Атрымаць прыкладна такую ж суму мы можам ужо цяпер, прадаючы ў Нямеччыну расейскую нафту. Гэта значыць, можна было элементарна прадаваць удвая больш нафты і не каламуціць нічога з кітайцамі. Так што, карысць ад гэтага праекта будзе даволі невялікая.

А рэальная карысць для беларускай эканомікі будзе тады, калі ў нас будзе скарочаная палова ўсіх міністэрстваў. Калі мы не будзем чакаць замежных інвестыцый, а будзем сваіх уласных капіталістаў гадаваць, а не па турмах іх рассаджваць. Вось тады ўсё будзе дзейнічаць. Беларусам проста трэба даць моцнага выспятка. Спачатку ўраду, а потым бізнэсоўцам. І гэта тое, што нам сёння сапраўды патрэбнае.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках