29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Іосуб: Уступленне ў СГА - гэта ўдар «па ўнікальнай беларускай эканамічнай мадэлі»

1
Іосуб: Уступленне ў СГА - гэта ўдар «па ўнікальнай беларускай эканамічнай мадэлі»
Вадзім Іосуб
ФОТА: ONLINER.BY

Перамовы Беларусі з СГА «паспяхова» ідуць ужо больш за 20 гадоў.

Старэйшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб распавёў «Народнай Волі» пра тое, чаму Беларусь дагэтуль не ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА).

На днях большасць краін-сябраў СГА падтрымала ўступленне Беларусі ў арганізацыю. Але чаму наша краіна дагэтуль не ў СГА?..

- Думаю, гэта звязана з тым, што нават на фоне іншых краін-партнёраў па Еўразійскаму саюзу Беларусь найбольш актыўна выкарыстоўвае ў сваёй эканамічнай палітыцы пратэкцыянісцкія меры, - мяркуе экспэрт. - Яна максімальна сябе абараняе ад тавараў і паслуг іншых краін. А ўступленне ў СГА - гэта не толькі патэнцыйны доступ на міжнародныя рынкі, але, адпаведна, і доступ чужых тавараў на наш рынак, кардынальнае зніжэнне з двух бакоў гандлёвых мыт. Гэта выклікае ў нашых уладаў пэўны непакой у сувязі з досыць нізкай канкурэнтнай здольнасцю беларускіх тавараў з пункту гледжання суадносін «кошт-якасць».

- У гэтым сэнсе Расеі і Казахстану, напэўна, значна прасцей?

- Безумоўна, таму што гэта класічныя сыравінныя краіны, якія ў асноўным зарабляюць на пастаўках сыравіны на замежныя рынкі. А Беларусі акрамя экспарту калійных угнаенняў больш пахваліцца няма чым. Усё ж такі ў нас стаўка зробленая на прамысловасць і перапрацоўку. А значыць былі і застаюцца асцярогі, што зніжэнне мыт на імпартныя тавары ў выпадку ўступлення ў СГА можа «забіць» нашу прамысловасць, якая і так не вельмі добра сябе адчувае.

- Калі казаць пра плюсы і мінусы, якія краіна можа атрымаць пасля ўступлення ў СГА...

- Плюсы перасякаюцца з мінусамі. Напрыклад, уважаецца, што пашырэнне міжнароднага гандлю стымулюе эканамічнае развіццё. У выніку краіна будзе вымушана вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю, і, натуральна, ад гэтага будзе толькі ў выйгрышы. Гэта магутны стымул для развіцця, павышэння якасці, зніжэння выдаткаў. З іншага боку: ці здольныя мы гэта зрабіць? Але зноў-такі - трэба будзе працаваць лепш, каб не «памерці» зусім.

А наогул, уступленне ў СГА кардынальна супярэчыць асноўнай беларускай прамысловай палітыцы, якая зводзіцца да таго, каб утрымаць на паверхні нейкія прадпрыемствы, тыя, што засталіся нам у спадчыну ад Саюза. І не проста ўтрымаць на паверхні, а часам і ўкласці вялікія грошы ў іх мадэрнізацыю без усялякай эканамічнай аддачы. Гэта значыць, калі казаць тэарэтычна пра развіццё эканомікі, то ўступленне ў СГА - гэта плюс. Але адначасова гэта і ўдар «па ўнікальнай беларускай эканамічнай мадэлі».

- Адным словам, беларускія ўлады не вельмі зацікаўленыя хутчэй ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю?

- А яны ніколі не былі ў гэтым зацікаўлены. І гэта галоўны адказ на пытанне, чаму краіна дагэтуль не з'яўляецца сябрам гэтай арганізацыі. Цяпер перамоўны працэс ідзе, але, калі Беларусь уступіць у СГА, сказаць складана. З улікам таго, што гэтыя перамовы «паспяхова» ідуць ужо больш за 20 гадоў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках