28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інтэрн з Бабруйска выпадкова пракалола пацыенту лёгкае

39
Інтэрн з Бабруйска выпадкова пракалола пацыенту лёгкае

У дачыненні да 23-гадовай дзяўчыны распачалі крымінальную справу.

Крымінальную справу за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў распачалі ў дачыненні да 23-гадовай Вольгі М. - лекаркі-інтэрна з Бабруйска. На расследаванні настаяла бабруйчанка, 24-гадовы сын якой пасля аперацыі на пальцы атрымаў ускладненне. Следчы камітэт разбіраецца, што адбылося, а лекары не разумеюць, чаму крымінальную справу распачалі ў прынцыпе, паведамляе tut.by.

Паводле звестак следства, 24-гадовы бабруйчанін зламаў палец у верасні 2017 года. Костка зраслася няправільна, таму ў лістападзе яму спатрэбілася аперацыя. Яе праводзілі пад мясцовай анестэзіяй.

- Укол з абязбольвальным сродкам рабіла лекарка-інтэрн. І пракалола лёгкае. Пасля гэтага руку абязболілі, аперацыю правялі, але ў пацыента з'явілася ўскладненне - пнеўматоракс, г.зн. назапасілася паветра ў плеўральнай поласці, - распавяла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта Магілёўскай вобласці Аксана Саленюк.

БЛАКАДА ПАВОДЛЕ КУЛЕНКАПФУ. ГЭТУ ПРАЦЭДУРУ, НА МЕРКАВАННЕ ЛЕКАРАЎ, РАБІЛА 24-ГАДОВЫ БАБРУЙЧАНКА, КАБ АБЯЗБОЛІЦЬ РУКУ І ПРАВЕСЦІ АПЕРАЦЫЮ НА ПАЛЬЦАХ. ФОТА: VMEDE.ORG

Пацыент і яго маці напісалі заяву: запатрабавалі расследавання справы. Унутраную праверку правялі ў цэнтральнай бальніцы Бабруйска, таксама быў зроблены шэраг экспертыз. На падставе іх вынікаў СК і распачаў крымінальную справу: звесткі праверак паказалі - ускладненні стала вынікам праколу лёгкага.

Расследаванне працягваецца, і яго зыход смутны. Справа можа як дайсці да суда, так і быць закрытая.

Сама Вольга М. пакуль не гатова размаўляць са СМІ.

Медыцынская грамадскасць краіны абураная тым, што справу ў прынцыпе распачалі, а тым больш - што падазраванай стала лекарка-інтэрн.

- Інфармацыі, якая ёсць у калегаў, дастаткова, каб задаць важныя пытанні, - падзяліўся меркаваннем загадчык аддзялення анестэзіі і рэанімацыі Менскай дзіцячай інфекцыйнай бальніцы Максім Ачарэтні і адзначыў, што многія лекары-рэаніматолагі краіны з ім салідарныя. - Па-першае, чаму крайняй зрабілі лекарку-інтэрна, калі адказнасць за гэтыя дзеянні нясе не яна. Лекар-інтэрн - гэта чалавек, якога навучаюць. За яе адказвае як мінімум загадчык аддзялення. Па-другое, пнеўматоракс не смяротнае і не інвалідызуючае ўскладненне - пацыент выйшаў з лякарні здаровым. Да таго ж працэдура была дазволеная, яна мае дапушчальны адсотак ускладненняў, і гэта рэгламентавана адпаведнымі медыцынскімі дакументамі. Я магу сказаць, што з такім ускладненнем лекары сутыкаюцца даволі часта, у пераважнай большасці выпадкаў - калі своечасова распазнаць, як амаль заўсёды і бывае - няма ніякіх наступстваў для здароўя, і ніякіх крымінальных спраў, наколькі я ведаю, ніколі не было.

Максім Ачарэтні падкрэслівае: перад пачаткам аперацыі лекар заўсёды пад роспіс знаёміць пацыента з магчымымі ўскладненнямі - і той, ставячы свой подпіс, згаджаецца з рызыкамі.

Крымінальная справа распачатая за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, што пацягнула прычыненне пацыенту праз неасцярожнасць цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне да двух гадоў абмежавання волі. Максім Ачарэтні кажа, што медыцынская грамадскасць будзе назіраць за развіццём справы.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках