28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як гамяльчук зрабіў для знакамітага амерыканскага музыкі гітару з золата

5
Як гамяльчук зрабіў для знакамітага амерыканскага музыкі гітару з золата
ЮРЫЙ ШЫШКОЎ
ФОТА: Колін Янг-Вульф, NEW YORK TIMES

Беларус стаў сапраўднай зоркай у свеце стваральнікаў эксклюзіўных інструментаў.

Газета New York Times (пераклад – belmir.by) размесціла інтэрв'ю з беларусам Юрыем Шышковым, які прыехаў у ЗША ў 1990 годзе і працуе там майстрам вырабу кастамных гітараў брэнда Fender.

Наш суайчыннік стаў сапраўднай зоркай у свеце стваральнікаў эксклюзіўных інструментаў. На ягоных творах гралі Роберт Плант, Джымі Пэйдж, Даймбэг Дарэл, Пол Стэнлі і іншыя.

Прапануем поўны пераклад гэтага матэрыялу, апублікаванага 25 траўня, аўтар якога – журналіст Пэры Гарфінкель.

– Дзе Вы навучыліся рабіць гітары?

– У маім родным горадзе Гомелі, у Беларусі, калі яна яшчэ была часткай былога СССР. Улады тады забаранялі рок-н-рол, граць або слухаць. І ўсё ж мы маглі слухаць яго праз радыё на кароткіх хвалях. Да 12 гадоў я вельмі палюбіў рок і надзвычай моцна захацеў граць на гітары.

ЮРЫЙ ШЫШКОЎ
ФОТА: FENDERCUSTOMSHOP.COM

Але набыць прафесійны інструмент, зроблены на Захадзе, можна было толькі на чорным рынку, і за кошт, эквівалентны заробку за 4 гады. Улады дазвалялі рабіць трохі гітараў, але яны былі настолькі дрэнныя, што цяпер прадаюцца як узор жудасных інструментаў. Таму я і навучыўся сам – з неабходнасці.

– А як менавіта навучыліся рабіць?

– Мне падабаўся Рычы Блэкмар, гітарыст Deep Purple, і ў мяне была ягоная фатаграфія з гітарай Fender Stratocaster. Я павялічыў малюнак, перанёс на паперу і зняў усе памеры. Так атрымалася ўзнавіць вонкавы выгляд.

Потым я сабраў электрычнае начынне. Гэта не было вельмі цяжка: у большасці дзяцей у СССР не было цацак, таму мы былі майстрамі на ўсе рукі і рабілі іх сабе самі. Хутка я стаў ствараць гітары для іншых, у склепе нашага дома.

– Якім чынам Вы апынуліся ў ЗША? І чым займаліся ў той час?

– Я пакінуў Беларусь у 1990-м, ва ўзросце 26 гадоў. На шчасце, якраз ішоў перыяд галоснасці і адкрытых рэформаў пры Міхаілу Гарбачову. Дзверы трохі прыадчыніліся, таму з'ехаць было не так цяжка, як у часы халоднай вайны.

Спачатку я прыбыў у Чыкага. У мяне не было ні сям'і, ні сяброў. Я не размаўляў па-ангельску. Адзінае, што ведаў, – як рабіць гітары, таму звярнуўся ў гітарную кампанію Washburn. Маё рэзюмэ складалася з некалькіх чорна-белых здымкаў інструментаў, якія зрабіў у Беларусі. А адзін мой новы расейскі сябар быў на інтэрв'ю перакладнікам.

Кампанія ўзяла мяне ў якасці гітарнага тэхніка. Гэта значыць, я настройваў гітары. Крыху пазней яны зразумелі, што я здольны на большае, чым наладжваць гітары, і перавялі ў майстра. Там я заставаўся 10 гадоў, пакуль не даведаўся пра вакансію ў Fender.

– Назавіце апошнюю гітару Fender, якую стварылі?

– Front Row Legend Esquire, якая цяпер у вытворчасці. Зробленая яна з драўніны 96-гадовага нуткінскага кіпарысаўніку – дошак лавак у Hollywood Bowl, якія захаваліся з тых часоў, як гэты амфітэатр рэканструявалі ў 2014-м. Матэрыял вельмі ўстойлівы да кузурак. Лічбы на вонкавым баку – рэальныя нумары сядзенняў, а дзіркі – ад балтоў, якімі былі прыкручаныя лаўкі.

І вось так гітара, якая некалі ў выглядзе лаўкі была гледачом на выступах Поля Робсана, Фрэнка Сінатры, Элы Фіцджэральд, Луі Армстронга, «Бітлз», Боба Дылана, Джымі Хендрыкса і многіх-многіх іншых, сама стала выканаўцам. Ейны кошт – 12 тысячаў даляраў.

– Аднойчы Вы зрабілі гітару, якая ўбачылася ўва сне. Апавядзіце падрабязней?

– Гэта на самай справе незвычайная гісторыя касмічных супадзенняў. Неяк мне прыснілася, што раблю гітару, цалкам пакрытую тонкім ліставым золатам, ад гэтага да гэтага, цалкам. Але ідэя падалася занадта крыклівай, занадта вычварнай, і я адклаў яе.

А аднойчы ў 2010 годзе чалавек з аддзела працы з кліентамі прыйшоў у маю кабінку і спытаў, ці магу я зрабіць Stratocaster, пакрытую ліставым золатам. Я спытаў, хто кліент. І атрымаў адказ, што Прынс. Высветлілася, яму таксама прыснілася, што ён грае на такім інструменце падчас свайго тура «Сардэчна запрашаем у Амерыку». Урэшце Прынс прадаў яе на аўкцыёне на карысць дзяцей з маламаёмных сем'яў Гарлема.

ЗАЛАТАЯ ГІТАРА ДЛЯ ПРЫНСА
ФОТА: LATIMESBLOGS.LATIMES.COM
Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках