28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Патрыёт Антон Фурс: Хачу пабіць рэкорд Барыса Кіта

1
Патрыёт Антон Фурс: Хачу пабіць рэкорд Барыса Кіта

30 красавіка аднаму з заснавальнікаў Саюза беларускіх патрыётаў споўніўся 91 год.

Антон Фурс нарадзіўся 30 красавіка 1927 года ў мястэчку Язна Дзісненскага павета (зараз Мёрскі раён). Вучыўся ў школе ў Язне і і прагімназіі ў Глыбокім, пасля акупацыі паступіў у Глыбоцкую педагагічную вучэльню, пішуць westki.info.

Неяк у 1945 годзе ў Глыбокім трое язненскіх хлопцаў — студэнты педвучэльні Васіль Мядзелец, Антон Фурс і вучань сярэдняй школы Алесь Юршэвіч — пачалі разважаць пра русіфікацыю адукацыі. Прыйшлі да рашэння стварыць патаемную арганізацыю на ўзор віленскіх філаматаў і філарэтаў.

Сябры СБП (Саюза беларускіх патрыётаў) прысягалі пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй» быць вернымі ідэалам свабоды і незалежнасці Беларусі. Праз некаторы час глыбоцкая суполка СБП аб’ядналася з суполкай «За Беларусь!», якая адначасова і незалежна паўстала ў Пастаўскай педагагічнай вучэльні.

Савецкія спецслужбы даведаліся пра існаванне арганізацыі і накіравалі ў яе правакатара, які спрабаваў схіліць юнакоў да збройнага паўстання. Хоць правакацыя не атрымалася, але ўсе сябры СБП былі арыштаваныя і асуджаныя за «антысавецкую дзейнасць».

Антон Фурс, які быў сакратаром глыбоцкай суполкі СБП, атрымаў пятнаццаць гадоў лагераў. Адбываў пакаранне на лесапавале ў Свярдлоўскай вобласці і на будаўнічых працах у Казахстане. Правёў у зняволенні дзевяць гадоў.

Пасля вызвалення ажаніўся з Алесяй Умпіровіч, былой удзельніцай СБП, якая правяла ў лагерах Мардовіі дзесяць гадоў. Не знайшоўшы месца на Радзіме, сям’я Фурсаў выехала ў Казахстан, дзе яны пражылі дваццаць пяць гадоў. Там у іх нарадзіліся дзеці Юрась і Людміла. Толькі ў 1982 годзе Фурсы вярнуліся ў Беларусь, дзе набылі дом у Паставах. Спадарыня Алеся памерла ў мінулым годзе.

Каб павіншаваць Антона Фурса, да яго ў панядзелак прыехалі сябры з Мінска, Лынтупаў, Глыбокага.

Спадар Антон, нягледзячы на свой узрост, выглядае вельмі бадзёра. Ён сам капае градкі, любіць вырошчваць памідоры. А яшчэ ён мае добрае пачуццё гумару. “Я збіраюся дагнаць Барыса Кіта па гадах, а можа нават і пабіць яго рэкорд”, - усміхаецца ён.

- У мяне пытаюцца, ці захоўваю я пост, - кажа спадар Антон. – Я ж дзесяць год адпасціў, таму гэтага мне хопіць на ўсё жыццё. Ды і наогул амаль палова майго жыцця была нялёгкай, часта проста не хапала ежы.

Побач з хатай Фурсаў жыве бусел, але сёлета ён ніяк не мог знайсці сабе пару. Але пакуль чакалі гасцей з Мінска, пара знайшлася!

Госці з Мінска прывезлі Антону Фурсу шмат падарункаў, у тым ліку і вышыванку, якую спадар Антон апрануў.

Удзельнікі імпрэзы ўшанавалі хвілінай маўчання памяць Алесі Фурс, а спадар Антон паказаў верш, які напісаў ёй у 1957 годзе.

Ён сказаў, што у яго было іх шмат, але ён іх спаліў разам з іншымі паперамі. Гэта прыйшлося зрабіць пасля таго, як яны з жонкай з’ездзілі да Ларысы Геніюш на юбілей. Там аказаўся даносчык, таму спадар Антон, каб пазбегнуць непрыемнасцей, і вырашыў спаліць паперы.

Антон Фурс – гэта жывая легенда, на дадзены момант ён адзіны сябра Саюза беларускіх патрыётаў. На жаль, беларускай дзяржаве пакуль не патрэбныя такія героі, але грамадзянская супольнасць не павінна забывацца на такіх людзей.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках