19 красавiка 2024, Пятніца, 19:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі створанае спецпадраздзяленне, якое дзейнічае супраць актывістаў апазіцыі

82
У Беларусі створанае спецпадраздзяленне, якое дзейнічае супраць актывістаў апазіцыі
ФОТА: BLOGSPOT.COM

Рада БНК патрабуе спыніць выкраданні актывістаў апазіцыі.

У Беларусі створанае спецыяльнае падраздзяленне, задача якога - нейтралізацыя вядомых актывістаў і лідараў апазіцыі, а таксама тэрор у дачыненні да іх сем'яў.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Рады Беларускага нацыянальнага кангрэса «Спыніць палітычны тэрор». Прыводзім яе тэкст:

- Доўгі час улады выкарыстоўваюць практыку прэвентыўных затрыманняў актывістаў і лідараў апазіцыі перад вулічнымі акцыямі. Раней гэта рабілі супрацоўнікі міліцыі, якія часам прадстаўляліся і паказвалі свае дакументы. Рэжым хаця б ствараў бачнасць выканання ўласных законаў.

Пасля вясновых пратэстаў 2017 года сітуацыя змянілася. Невядомыя ўзброеныя людзі за некалькі дзён да правядзення акцыі бяруць у аблогу дамы і кватэры актывістаў апазіцыі, 24 гадзіны на дзень тэрарызуюць іх сваякоў і суседзяў, пагражаюць штурмам, а часам і фізічнай расправай, па-бандыцку выкрадаюць людзей проста на вуліцах. Падчас гэтага яны ўжываюць сілу, не прадстаўляюцца, не паказваюць сваіх дакументаў і не тлумачаць прычыну сваіх дзеянняў. У актывістаў адразу забіраюць тэлефоны, не даюць магчымасць адзецца або замкнуць дзверы жылля.

Толькі у 2018 годзе перад акцыямі 25 сакавіка і 1 траўня такім чынам былі затрыманыя Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, Вольга Нікалайчык, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Мікалай Статкевіч, многія рэгіянальныя лідары апазіцыі. Дзясяткі актывістаў не змаглі трапіць на санкцыянаваныя ўладамі мерапрыемствы праз адсутнасць магчымасці выйсці са сваіх кватэр і дамоў.

Пра затрыманні ў Менску выкрадальнікі заўсёды дакладваюць кіраўніцтву ГУУС і непасрэдна ад яго атрымліваюць загады аб далейшых дзеяннях. Аналагічная схема дзейнічае і ў рэгіёнах. Шчыльная каардынацыя выкрадальнікамі сваіх учынкаў з міліцэйскім кіраўніцтвам і асаблівасці іх працы дазваляюць з упэўненасцю зрабіць выснову аб тым, што пры Міністэрстве ўнутраных спраў было створанае спецыяльнае падраздзяленне, задача якога - нейтралізацыя вядомых актывістаў і лідараў апазіцыі, а таксама тэрор у дачыненні да іх сем'яў.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу патрабуе ад уладаў Рэспублікі Беларусь:

- правесці расследаванне дзейнасці незаконнага ўзброенага фармавання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, высветліць, хто аддаў загад аб яго стварэнні і каардынуе яго працу,

- спыніць палітычны тэрор у дачыненні да актывістаў і лідараў апазіцыі і іх сем'яў.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу звяртаецца да беларускай і міжнароднай супольнасці з заклікам да салідарнасці з актывістамі і лідарамі апазіцыі, а таксама з усімі грамадзянамі краіны, якіх пераследуюць паводле палітычных матываў.

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках