18 красавiка 2024, Чацвер, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барташ Ціхоцкі: Палякі ўважаюць беларусаў за братоў

18
Барташ Ціхоцкі: Палякі ўважаюць беларусаў за братоў
БАРТАШ ЦІХОЦКІ
ФОТА: AFP

Прыярытэты польскай палітыкі ў Беларусі – абарона інтарэсаў польскай меншасці, бяспека, рост таваразвароту і правы чалавека.

Пра гэта ў інтэрв'ю галоўнай рэдактарцы сайта Charter97.org Наталлі Радзінай заявіў віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Барташ Ціхоцкі.

– Спадар міністр, я ведаю, што Вы працавалі ў легендарным польскім выдавецтве «KARTA», а таксама ў вядомым аналітычным цэнтры «Ośrodek Studiów Wschodnich». Як Вы сталі дыпламатам?

– Працу ў МЗС прапанаваў мне міністр Вітальд Вашчыкоўскі, ягоную прапанову ўхваліла прэм'ер-міністарка Беата Шыдла.

Відаць, мой досвед працы ў няўрадавых арганізацыях і экспертных цэнтрах быў прызнаны перавагай у плане зменаў, якія паслядоўна ўводзіць урад партыі «Права і Справядлівасць», сярод іншага, у польскай дыпламатыі.

– Днямі Вы правялі сустрэчу з прадстаўнікамі беларускіх арганізацый у Польшчы. Сустрэча была для Вас карыснай?

– Сустрэчы з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый і незалежнымі дзеячамі сталі абавязковым элементам кожнага візіту чальцоў МЗС і польскіх палітыкаў у Менску. Не менш важныя рэгулярныя кантакты, якія я асабіста і мае супрацоўнікі падтрымліваем з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці, што знаходзяцца за межамі Беларусі.

Гэта абавязковы элемент дыялогу, які мы вядзем з беларускімі ўладамі. Палітычны дыялог сталіцаў не будзе развівацца ў адарванасці ад пытанняў, якімі жыве грамадзянская супольнасць абедзвюх краінаў.

– Якія сёння прыярытэты польскай палітыкі ў Беларусі?

– Польская палітыка ў адносінах да Беларусі бярэ да ўвагі ўвесь спектр пытанняў: двухбаковыя адносіны, у тым ліку датычна абароны правоў польскай меншасці, развіццё дачыненні з Еўрапейскім Звязам у межах Усходняга партнёрства, шырокае кола пытанняў бяспекі.

У двухбаковым вымярэнні мы стараемся стварыць адпаведныя ўмовы для росту гандлёвага абмену і інвестыцый. Летась імпарт і экспарт дасягнулі 2,55 млрд USD. Мы шукаем сферы, у якіх польскі досвед эканамічных пераменаў можа быць карысны Беларусі, напрыклад прыватызацыя.

Вельмі важным уяўляецца павелічэнне колькасці выдадзеных візаў – летась нашы консульствы ў Беларусі выдалі амаль 419 тыс. візаў. Варта адзначыць, што, нягледзячы на адсутнасць інфармацыі з боку нашых беларускіх партнёраў датычна таго, калі ўступіць у сілу пагадненне пра малы памежны рух, беларускія ўлады палегчылі турыстычны рух. Палякі ахвотна карыстаюцца гэтым. Нам хацелася б, каб грамадзяне Беларусі маглі такім самым чынам наведваць суседзяў у Польшчы.

Акрамя таго, апошнія два гады паказалі патэнцыял супрацоўніцтва паміж польскімі і беларускімі мясцовымі ўладамі і арганізацыямі.

Мы звяртаем увагу на абавязак беларускай дзяржавы забяспечыць беларускім палякам доступ да польскай культуры і адукацыі на польскай мове. Мы стараемся заахвоціць улады ў Менску да ўдзелу ў прапановах Усходняга партнёрства, узгодненых на лістападаўскім саміце ў Брусэлі: аблягчэнне візавага рэжыму, збліжэнне да ствараных у ЕЗ лічбавых рынкаў ці буйных інфраструктурных праектаў.

У далейшай перспектыве мы прапануем правесці перамовы ў фармальным пагадненні. Аднак спачатку мы чакаем ад нашых беларускіх партнёраў прымання прыярытэтаў партнёрства, якія будуць асновай далейшага ўмацавання стасункаў. Мы перакананыя, што гэта найлепшы шлях да забеспячэння захавання правоў чалавека і дабрабыту.

Акрамя таго, мы вядзем цяжкія размовы пра пагаршэнне сітуацыі бяспекі ў рэгіёне ў сувязі з агрэсіяй у дачыненні да Украіны і мілітарызацыяй Калінінградскай вобласці. Мы тлумачым беларускім партнёрам, чаму NATO вымушанае рэагаваць на рост пагрозы з боку Расеі.

– У апошнія гады мы назіраем на постсавецкай прасторы змены рэжымаў і падзенне дыктатураў. Грузія, двойчы Украіна, цяпер Арменія. Як Вы ацэньваеце гэтыя працэсы?

– Вы аб'ядноўваеце многія працэсы, якія адбываліся на постсавецкай прасторы цягам апошніх 25 гадоў, але яны зусім не так адназначна звязаныя адзін з адным. Самы просты адказ на гэтае пытанне: Польшча ўваходзіць у лік суверэнных, дэмакратычных дзяржаваў, якія карыстаюцца правам на самавызначэнне.

Мы мяркуем, што гэта ўніверсальнае права, і мы гатовыя падтрымліваць мірныя перамены ў іншых краінах – нават абавязаныя гэта рабіць, паколькі і нас падтрымлівалі ў перыяды кіравання дыктатуры. Пры гэтым мы звяртаем увагу на тое, што сістэмная трансфармацыя з'яўляецца доўгім працэсам, які ў дзень адхілення несправядлівых, карумпаваных уладаў толькі пачынаецца і не прыносіць імгненнага вымяральнага паляпшэння жыцця.

Часам трэба быць гатовым да абароны грамадскага выбару шляху развіцця ўласнай дзяржавы нават са зброяй у руках.

– На жаль, часта сітуацыя ў Беларусі ў польскіх медыя ацэньваецца даволі стэрэатыпна, тыражуецца даўно не адпаведны рэчаіснасці штамп «хто, калі не Лукашэнка», хоць беларускі дыктатар даўно страціў падтрымку народа і трымае ўладу толькі сілавым шляхам. Як Вы мяркуеце, чаму гэта адбываецца? Палякі і беларусы – блізкія народы і маглі б ведаць адзін аднаго лепш.

– Ацэньваць тыя ці іншыя выказванні, якія з'яўляюцца ў нашай прэсе – гэта не мая задача. Але я рады, што ў Польшчы прысутнічае вялікая цікавасць да Беларусі, вядзецца гарачая, нязмушаная дыскусія на тэму сітуацыі ў вашай дзяржаве і нашых двухбаковых стасункаў. Гэта пацвярджэнне таго, што мы мяркуем беларусаў братамі і зычым вам усяго самага найлепшага.

Палякі і беларусы насамрэч блізкія адзін аднаму – мы жылі ў адной дзяржаве, гэтак жа пацярпелі ў XX стагоддзі, у нас ёсць агульныя гістарычныя героі і агульныя выклікі наперадзе. У Беларусі ёсць польская меншасць, у Польшчы – беларуская меншасць. Варта далей развіваць супрацоўніцтва паміж асобнымі рэгіёнамі нашых краінаў, гарадамі, грамадскімі, культурнымі і спартыўнымі арганізацыямі. Варта карыстацца багаццем памежных кантактаў. Усё гэта з'яўляецца нашай агульнай, польска-беларускай задачай.

– На апошнім саміце NATO ў Варшаве была пазначаная лінія канфлікту з Расеяй, і на гэтай лініі – Беларусь. Польскія эксперты і вайскоўцы таксама не раз казалі пра імавернасць ваеннай пагрозы з боку Беларусі, нагадваючы, што беларуская армія – частка расейскай. Як Вы ацэньваеце такую імавернасць?

– Лінію канфлікту з Расеяй не пазначае NATO. Мы прапанавалі супрацоўніцтва ўжо ў пачатку 1990-х гг. і наша прапанова застаецца ў сіле. Гэта Расея выбрала канфрантацыю.

Мы занепакоеныя ўсё большым удзелам Беларусі ў вайсковым супрацоўніцтве з Расеяй: як яго глыбінёй, так і напрамкамі, якія яно прымае. Выразным прыкладам беларуска-расейскай кааперацыі былі, сярод іншага, вучэнні «Захад-2017», якія выклікалі нашы сумневы адносна наступальнага сцэнарыя і значных маштабаў. Тым не менш мы спадзяемся на дыялог з Беларуссю, каб развеяць нашы сумневы, перш за ўсё на найлепшым для гэтага форуме, якім з'яўляецца АБСЕ. Мы спадзяемся на канструктыўны ўдзел Менска ў ваенным дыялогу, у тым ліку ў сферы празрыстасці і сродкаў пабудовы даверу і бяспекі.

– Будаўніцтва першага «Паўночнага патоку» зрабіла магчымым агрэсію Расеі супраць Украіны. Польшча, разумеючы ўсе пагрозы, выступае супраць будаўніцтва «Паўночнага патоку-2». Ці будзе пабудаваны гэты газаправод?

– Яго не павінна быць, бо ён будуецца ў абыход правілаў, пра якія мы ўсе ў ЕЗ дамаўляліся. Яго не павінна быць, таму што ён дазволіць Газпраму і надалей прымяняць дыскрымінацыйныя кошты і іншую практыку з парушэннем правілаў канкурэнцыі. Прыбытак ад продажаў газу, пастаўленага Паўночным патокам, папоўніць бюджэт дзяржавы, якая ўжывае ваенную сілу, і збедніць краіны, якія з'яўляюцца ахвярамі гэтай сілы.

У найгоршым выпадку Расея можа перакрыць пастаўку газу ў некаторыя дзяржавы. Першачарговым пытаннем для ЕЗ на гэты момант з'яўляецца зацвярджэнне паправак у газавую дырэктыву, якія ўдакладняць, што еўрапейскія правілы павінны ўжывацца для ўсіх газаправодаў, таксама за межамі ЕЗ.

– У Польшчы, Беларусі і Украіне актыўна абмяркоўваюць ідэю хаўрусу краінаў Міжмор’я. Што гэта для Польшчы – проста ідэя або імаверна канкрэтнае ўвасабленне? Ці разглядаюцца Беларусь і Украіна як частка гэтага праекта?

– Вы, напэўна, маеце на ўвазе ініцыятыву «Трох мораў», якую часта блытаюць з ідэяй Міжмор’я, высунутай Юзафам Пілсудскім у часы II Рэчы Паспалітай. Ініцыятыва «Трох мораў» з самага пачатку была накіраваная на павышэнне эфектыўнасці функцыянавання еўрапейскага рынку на тэрыторыі ЕЗ, на якой жыве амаль 112 млн грамадзянаў. Мы хочам дасягнуць гэтага шляхам паляпшэння транспарту, з дапамогай інфраструктурных інвестыцый, праз эканамічную інтэграцыю, супрацоўніцтва ў галіне кіберпрасторы. Таму гэтая ініцыятыва была адрасаваная ў першую чаргу дзяржавам-сябрам ЕЗ. Яна, вядома ж, не накіраваная супраць каго-небудзь, і ўжо дакладна не супраць якога-небудзь з нашых суседзяў.

Гэтая ініцыятыва звязаная з паглыбленнем інтэграцыі нават у тых сектарах і галінах, у якіх суседзі ЕЗ заключылі пагадненні з іншымі арганізацыямі. Прыкладам з'яўляецца эканоміка: Беларусь як чалец Еўразійскага эканамічнага звязу праяўляе адначасова зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Еўрапейскім Звязам.

Ініцыятыва «Трох мораў» магла б стаць цікавай лабараторыяй у гэтым кантэксце. Бо больш моцная інтэграцыя рынкаў дзяржаў-чальцоў ЕЗ, суседніх з Украінай і Беларуссю, будзе ўздзейнічаць на суседнія краіны і павінна быць для іх выгоднай, як у эканамічным плане, так і ў плане стабільнасці.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках