19 красавiка 2024, Пятніца, 1:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка, сыдзі, дай народу зарабіць»

86
«Лукашэнка, сыдзі, дай народу зарабіць»

Прадпрымальнік прапанаваў адкрыта пагаварыць з дыктатарам.

Трапляючы ў памежныя ўкраінскія гарады, беларусы прызнаюць, што яны ў шоку ад убачаных там коштаў.

Чаму склаўся такі дыспарытэт ва ўзроўні жыцця паміж Беларуссю і Украінай і як шукаць выйсця з сітуацыі, якая сітуацыі? На пытанні Charter97.org адказвае грамадскі актывіст і прадпрымальнік з Баранавічаў Мікалай Чарнавус.

- Вы прадпрымальнік і напалову ўкраінец, часта ездзіце па тавар у суседнюю краіну – ці сапраўды кошты адрозніваюцца ад беларускіх на парадак?

- Кошты ва Украіне нашмат ніжэйшыя. І практычна кожныя выхадныя даводзіцца назіраць «вялікае перасяленне народаў»: беларусы садзяцца на цягнік «Баранавічы – Удрыцк» і шумны караван адпраўляецца ва Украіну. Едуць, закупляюцца, просяць перавозчыкаў, каб дапамаглі «перакінуць» тавар праз мяжу – і як у часы арганаўтаў або Сіндбада-марахода з поўнымі мяшкамі «скарбаў» вяртаюцца дадому.

- Вы даволі яскрава апісалі гэты працэс... Але беларускі тэлевізар спрабуе «давесці», што ў Беларусі ўзровень жыцця нібыта вышэйшы. Што б вы адказалі прапагандыстам?

- Тэлевізар складае небыліцы сабе на пацеху. Як у прымаўцы: сабака брэша – вецер носіць.

Іх «довад»: заробкі ў нас большыя, чым ва ўкраінцаў. Напраўду ж, калі пераводзіць на даляры – атрымліваецца амаль тое ж самае. 150 даляраў – самыя распаўсюджаныя заробкі ў нас у рэгіёнах. Не спрачаюся, можа ва Украіне дзесьці, далей ад Кіева, бывае і трохі ніжэй. Але кошты ж ніжэйшыя ў некалькі разоў! І атрымліваецца, што пакупніцкая здольнасць украінца сёння значна вышэйшая. Вось такая простая матэматыка.

І яшчэ жалезны контрдовад: усе едуць ва Украіну, а не наадварот. Я сам ехаў у гэтым дызелі – ён трашчыць ад беларусаў. Так што ўкраінская лядоўня даўно перамагла беларускі тэлевізар.

Пры гэтым украінцы яшчэ адлічваюць са сваіх заробкаў да 20% на перамогу ў АТА – і нічога, на ўсё ў іх выстарчае. Так не жывуць, як мы...

- А як мы жывём? Ваша меркаванне.

- Мы жывем, як у ледніком перыядзе. Краіна становіцца ледзяной пустыняй: на рынках і ў крамах людзей, як ветрам здзьмула.

Тры гады таму зойдзеш у «Еўраопт» - стаяць дзесяць кас і да кожнай чэргі людзей, якія не паспяваюць абслугоўваць. А цяпер заходзіш і бачыш: тры касы – і пустэча. Усё, наеліся. Даляры выдаткавалі, а заробак сыходзіць на «камуналку». Так і жывем: заплацілі «камуналку» і спім, як камяні. Разлічыліся з дзяржавай. А астатняе – не па кішэні. Усё ўжо, дажыліся да ручкі.

- Вы параўналі электрычкі ва Украіну з караванамі. Раней караваны былі не толькі крыніцамі тавару, але яшчэ і крыніцамі інфармацыі... А што цяпер кажуць людзі, вымушаныя ехаць на закупы ў суседнюю краіну?

- Беларусы ўжо зразумелі, што аднымі размовамі нічога не памяняеш. Едуць цяпер моўчкі, больш думаюць. Але такое глухое маўчанне можа быць мацнейшым, чым усякія словы. І больш грозным.

Затое, калі хто-небудзь з украінцаў (гэта ў асноўным тыя, хто ў Беларусі ні разу і не бываў) кажуць пра Лукашэнку, людзі заўсёды адказваюць: «Забярыце яго».

- Вы - жыхар Баранавічаў, у вас добрае злучэнне з Украінай, але рэгулярна ездзяць і людзі на маршрутках з Менска. Як вы гэта пракаментуеце? Што перашкаджае зрабіць нармальнымі кошты ў нас?

- Кошты можна зрабіць. На паўдня. Потым зноў падскочаць. Бо кошты тавару вызначае рынак, свабодная канкурэнцыя, гандаль. А што адбываецца з гандлем у Беларусі? Правільна – гандаль у Беларусі задушылі.

Гандлюе толькі той, у каго асаблівыя дачыненні з уладай. І я кажу не пра нейкіх прыдворных, набліжаных... Паглядзіце: «цюбіцейкі» свае месцы адкрылі і ніякіх праверак не баяцца. А паспрабаваў бы хто-небудзь з простых ІП так... Задушаць.

Таму што наверсе свабода гандлю аднаму чалавеку, як костка папярок горла. А калі б народ нагамі затупаў, выйшаў на Плошчу і зняў Лукашэнку – усё было б добра, наступіў бы парадак. Прапануйце Лукашэнку сысці – і ўсё стане на свае месцы, і кошты будуць як ва Украіне.

- Ну, напэўна, проста прапанаваць мала...

- Вядома, трэба не проста, а вельмі настойліва прапанаваць. І прасачыць, каб сышоў. Але калі народ «прагаласуе» за лепшае жыццё нагамі, выйдзе на Плошчу, тады і можна будзе пагаварыць адкрыта, шчыра. І пра заробкі, і пра годнае жыццё.

А пакуль маўчым – будуць памочнікі Лукашэнкі і начальнікі калоній хабары браць па 200 тысяч даляраў. Вы толькі ўявіце, што гэта за сума: палову Баранавічаў можна апрануць і накарміць!

У Лукашэнкі багацце – дзевяць мільярдаў. Навошта яму столькі? Нават калі сталы накрыць і замест маянэзу на хлеб гэтыя даляры нашмароўваць – усё адно не хопіць часу з'есці.

Адумайся, колькі ты яшчэ думаеш сядзець? Ну пражывеш да 80, да 90 гадоў – усё адно не патраціш гэтыя грошы. Сыдзі, дай народу зарабіць. Але не. Ён як сабака на сене: і сам не гам, і іншаму не дам.

Толькі можа прыдумаць новыя «фокусы», каб людзей абрабаваць. Паглядзіце, як з дэнамінацыяй было: кошты некаторых прадуктаў выраслі ў дзясяткі, нават у 100 разоў! А крычаў з трыбуны, абяцаў: кошты не вырастуць...

Таму я так скажу: «Хочаце кошты, як ва Украіне? Скажыце Лукашэнку «сыходзь!»

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках