29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто адказны за рэстаран у Курапатах: сьпіс асобаў

9
Хто адказны за рэстаран у Курапатах: сьпіс асобаў
Фота: tut.by

Iмёны чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, якія спрычыніліся да зьяўленьня каля месца масавых забойстваў забаўляльнай установы.

«Радыё Свабода» сабрала імёны чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, якія спрычыніліся да зьяўленьня каля месца масавых забойстваў забаўляльнай установы. Многія з чыноўнікаў ужо пасыходзілі, але некаторыя — як намесьніца міністра культуры РБ Ірына Дрыга, дагэтуль займаюць ранейшыя пасады.

Барыс Батура, былы старшыня Менскага аблвыканкаму

У 2010 годзе Менаблвыканкам падпісвае інвэстыцыйную дамову з кампаніяй «Белрэстінвэст». Кампанія, парушаючы заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, пачынае будаўніцтва забаўляльнага комплексу.

«Я ня помню. Я ня помню абсалютна. Можа, іншыя людзі гэтым займаліся, а ня я», — так камэнтуе пэнсіянэр Батура гэтую сытуацыю на замову выданьня «Наша Ніва».

Чыноўнікі, якіх у 2012 годзе Генэральная пракуратура прапаноўвала прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасьці за парушэньні пры будаўніцтве забаўляльнага комплексу.

Аляксандар Валовіч, галоўны архітэктар Менскай вобласьці (цяпер гэтую пасаду займае Вадзім Мікалаенка).

«Усе аб’екты, якія будуюцца каля першай і другой МКАД, павінны быць цікавымі і арыгінальнымі як па архітэктуры, так і па выбары страў, па дызайне інтэр’еру, каб людзі хацелі іх наведваць і маглі выбіраць», — так Аляксандар Валовіч тлумачыў у 2016 годзе, якімі бачыць аб’екты прыдарожнага сэрвісу.

Анатоль Акушэвіч, начальнік упраўленьня культуры Менаблвыканкаму (цяпер імя начальніка ўпраўленьня на сайце не пазначана).

Валянцін Драздоў, начальнік аддзелу архітэктуры Менскага райвыканкаму (цяпер гэтую пасаду займае Сяргей Ціткоў).

Прадстаўленьне генэральнай пракуратуры пра праверку будаўніцтва рэстарана ў Курапатах

Валянцін Драздоў удзельнічаў у грамадзкім абмеркаваньні праекта дэталёвага плянаваньня ў 2014 годзе. Менавіта там быў прадстаўлены праект новых зон аховы, які фактычна рабіў пабудову рэстарана легальнай.

Сяргей Кудзін, начальнік аддзелу культуры Менскага райвыканкаму (цяпер аддзелам кіруе Сяргей Шаблыка).

Анатоль Мірчук, былы намесьнік старшыні Менаблвыканкаму

17 ліпеня 2013 году падпісаў дакумэнт пра тое, каб разгледзець магчымасьць разьмяшчэньня аб’екта прыдарожнага сэрвісу каля Курапат.

Ад гэтага моманту пабудова каля Курапат стала імкліва «легалізоўвацца».

Ігар Чарняўскі, былы начальнік управы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Пры ім пачаў будавацца рэстаран, пры ім жа зьмянілі ахоўныя зоны вакол Курапат.

Пра новыя ахоўныя зоны выказваўся так: «Мы ў асноўным захавалі ўсе парамэтры. Гэта тэрыторыі, якія зьяўляюцца ахоўнымі зонамі. І ахоўная зона, і зона рэгуляваньня забудовы і аховы ляндшафту цалкам забясьпечваюць захаваньне помніка гісторыі і дазваляюць праводзіць увекавечваньне памяці ў любых формах, калі такое рашэньне будзе прынятае».

Вадзім Гліньнік, архітэктар, распрацоўвае новы праект зон аховы, які зьмяншае папярэднія зоны і супадае зь межамі ўжо пабудаванай рэстарацыі.

«Паслухайце, я хацеў бы папрасіць вас правільна мяне зразумець. Задача гэтага дакумэнту (праекту. — рэд.) — распрацоўка рэглямэнту. Я не кажу пра маральны бок праблемы. Я яе цалкам падзяляю з вамі. На маю думку, піць гарэлку і шашлыкі смажыць на могілках — амаральна. Ні маёй нагі, ні нагі маёй сям’і там ня будзе. Але гэта не задача тэхнічнага праекту зонаў аховы», — так казаў архітэктар Вадзім Гліньнік на грамадзкім абмеркаваньні праекту дэталёвага плянаваньня.

Аляксандар Акеньцьеў, галоўны архітэктар «Менскграда», у 2014 годзе прадстаўляе грамадзкасьці распрацаваны ягонай арганізацыяй праект дэталёвага плянаваньня.

Тады грамадзкія актывісты спыталіся ў яго, навошта ўстанове каля месца масавых пахаваньняў лазьня і дзіцячая пляцоўка.

«Мы пагадзіліся з тым, што наяўнасьць такіх аб’ектаў у схеме жыцьцядзейнасьці менскай аўтадарогі да месца», — адказаў Аляксандар Акенцьеў.

Ірына Дрыга, дзейная намесьніца міністра культуры РБ, падпісвае пастанову Міністэрства культуры ад 1 сьнежня 2014 году пра зьмяненьне зон аховы Курапат.

Зоны зьмяншаюцца, рэстарацыя можа легальна працаваць.

Бізнэсоўцы:

Леанід Зайдэс (часам яго імя пішуць як Леў), 54 гады.

Паходзіць са Слуцку. Зайдэс — асоба не публічная. Яго імя ў мэдыях зрэдзьчас усплывае ў сувязі з рэстаранным бізнэсам.

Як у 2013 годзе пісаў «Ежедневник» , Леанід Зайдэс распачаў рэстаранны бізнэс у 2000-х. Ён адкрыў «Кушавель», «Тусэ», «Дачу», актыўна займаўся кейтэрынгам. З 2005 году Зайдэс — саўладальнік кампаніі «Белноватэкс груп». Гэтая кампанія пачала будаўніцтва рэстарана пад назвай «Бульбаш-хол» у 2012 годзе.

На той час рэстарацыя так і не адкрылася. Але празь некалькі год на Менскім моры зьявілася новая рэстарацыя — «Бульбаш пляж» (пазьней зьмяніла назву). Як высьветлілася, яе таксама збудаваў «Белноватэкс груп».

Дагэтуль Зайдэс так і ня выйшаў на кантакт з прэсай.

Ала Сурыс, рэзыдэнт Ізраілю, мае долю ў кампаніі «Белноватэкс груп». Як высьветліла «Наша Ніва», насамрэч грошы належаць яе сыну — 46-гадоваму Барысу Сурысу. Ён вырас ва ўкраінскім Хэрсоне, але цяпер жыве ў Санкт-Пецярбургу.

Акрамя рэстараннага бізнэсу, Сурыса і Зайдэса аб’ядноўвае вытворчасьць плястыкавых елак. Разам яны заснавалі кампанію ТАА «МАГ 2000» ва Ўкраіне.

У мэдыях Сурыс усплываў некалькі разоў. У 2005 годзе яго выкрадалі ў Расеі і патрабавалі выкуп у 2 мільёны даляраў за вызваленьне. А цяпер у дачыненьні да кампаніі «МАГ 2000» пачалося дасудовае расьсьледаваньне. Службовыя асобы з кампаніі Сурыса і Зайдэса падазраюцца ў шкодзе ўкраінскай дзяржаве памерам у паўмільёна грыўняў (каля 20 тысяч даляраў).

Сьвятлана Дубкова, прадстаўляецца дырэктарам ТАА «Амізбел», меркавана, мэнэджэр рэстарана «Поедем поедим».

Жанчыну, падобную да Дубковай, можна было заўважыць падчас прамых трансьляцый з пляцоўкі перад галоўным уваходам у рэстаран «Поедем поедим». Яна ўступала ў спрэчкі з пратэстоўцамі.

У кароткай размове са Свабодай Дубкова адмовілася камэнтаваць сытуацыю вакол адкрыцьця рэстарана і заявіла, што з часам «усё стане вядома праз СМІ».

Праз пошук у інтэрнэце можна даведацца, што Дубкова як мінімум некалькі гадоў працуе ў Менску ў сфэры рэстараннага бізнэсу. У прыватнасьці, яе мабільны нумар падаваўся ў абвестках пра набор на працу афіцыянтаў і бармэнаў.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.

Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.

1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.

28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.

Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.

Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2013-м ахоўную зону зьменшылі.

Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках