24 красавiка 2024, Серада, 7:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладальнікі прыватных заправак у Беларусі пагражаюць звальненнямі

5
Уладальнікі прыватных заправак у Беларусі пагражаюць звальненнямі

Скарачэнні могуць адбыцца праз кошты паліва і манапалістаў.

Уладальнікі сямі сетак АЗС просяць улады ўжыць «тэрміновыя захады» для паляпшэння фінансава-эканамічных умоў працы, абмежаваць рост тарыфаў на тавары і паслугі арганізацый з манапольным становішчам. Гэта вынікае са звароту аператараў найбуйнейшых заправак Беларусі на адрас дзяржорганаў (ёсць у распараджэнні рэдакцыі), паведамляе tut.by.

Дакумент падпісалі кіраўнікі «Лукойл-Беларусі» (брэнд АЗС «Лукойл»), «РН-Захад» («Слаўнафта»), «Юнайтэд Компані», «НафтаХімТрэйдынг» («Трайпл»), «Астатрэйдынг» (А-100), «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт» («Газпром нафта») і «Татбелнафтапрадукт» («Татнафта»). Гэта значыць, заклапочанасць выказалі ўсе найбуйнейшыя аператары, за выключэннем падкантрольнай дзяржаве «Беларуснафты».

У лісце гаворыцца, што пачынаючы са студзеня 2015 года маржынальнасць даходаў прадпрыемстваў ад раздробнага гандлю палівам практычна не змянілася, што абумоўленае яе наўпроставай залежнасцю ад кошту рэалізацыі, якая рэгулюецца «Белнафтахімам». Пры гэтым выдаткі ў асноўных артыкулах павялічыліся. Плата за электраэнэргію падвысілася на 53%, водазабеспячэнне - на 31%, газ для ацяплення - на 30%, арэндная плата за зямлю і зямельны падатак павялічыліся на 58-78%, паслугі МУС у ахоўнай дзейнасці - на 40%.

Акрамя таго, павелічэнне абсалютнага раздробнага кошту паліва прывяло да росту выдаткаў на банкаўскія паслугі (інкасацыю, эквайрынг) на 13%. Рост курсу даляра (на 68%) забяспечыў рост коштаў абсталявання і камплектуючых у прапарцыйных суадносінах.

Такім чынам, уладальнікі АЗС вымушаныя канстатаваць той факт, што «рост выдаткаў пры сталай маржынальнасці даходаў носіць працяглы сістэмны характар», што ўжо прывяло да адмоўных фінансавых вынікаў і, як следства, да спынення новых інвестыцый у бізнэс, зніжэння фінансавання ў асноўныя фонды. Кампаніі вымушаныя разглядаць «пытанне скарачэння працоўных месцаў, што прывядзе да росту каэфіцыента напружанасці на рынку працы, да павелічэння колькасці беспрацоўных».

«Назіраецца сталае павышэнне камісій транснацыянальных кампаній Visa і Mastercard, павелічэнне банкамі Беларусі кошту эквайрынгу, што прыводзіць да адсутнасці цікавасці ў прадпрыемстваў развіваць і ўкараняць сучасныя тэхналогіі аплаты, якія ўжываюцца ў міжнародным фармаце», гаворыцца ў лісце.

Адмоўныя фінансавыя вынікі працы ўладальнікаў сеткі АЗС прыводзяць да праблем крэдытавання ў банках, якія «падкрэсліваюць працягласць існых праблем», адсутнасці крыніц для правядзення індэксацыі заробкаў супрацоўнікаў, што «прыводзіць да росту напружанасці ў працоўных калектывах і адставанню ад мэтавага ўзроўню заробку 1000 рублёў».

Аўтары звароту таксама падкрэсліваюць, што маржынальнасць даходаў прадпрыемстваў прыкметна меншая, чым у калег у Расеі, Украіне і краінах Балтыі, дзе «канкурэнцыя мінімізавала даходнасць гульцоў рынка».

Нядаўняе дырэктыўнае «зніжэнне раздробных коштаў дызпаліва без карэкціроўкі коштаў франка-станцыі» таксама прывяло да пагаршэння фінансавых вынікаў прадпрыемстваў.

Цяпер урад Беларусі адпрацоўвае механізм змены раздробных коштаў адпаведна з коштам нафты, паведаміў 31 траўня старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка. Ён канстатаваў, што ў сувязі з ростам кошту нафты падвышэнне коштаў паліва непазбежнае. Раней старшыня «Белнафтахіму» адзначаў, што пры кошце нафты 80 даляраў за барэль бензін павінен падаражэць на 24%. Пры гэтым улады не хацелі дапусціць перавозу паліва з памежных расейскіх рэгіёнаў, таму яны імкнуліся трымаць кошт нафтапрадуктаў на расейскім узроўні.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках