28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады ўзяліся за працоўных мігрантаў

50
Улады ўзяліся за працоўных мігрантаў

Створаная спецыяльная працоўная група.

Улады маюць намер заняцца працоўнай міграцыяй. У Беларусі стварылі працоўную групу, якая занялася падрыхтоўкай нацыянальнай міграцыйнай стратэгіі. Як плануецца, праект будзе падрыхтаваны да канца гэтага года. У працоўную групу ўвайшлі ў тым ліку прадстаўнікі МУС, Мінпрацы, Фэдэрацыі прафзвязаў, паведамляе tut.by.

– Пакуль у нас няма разумення, ці патрэбная вонкавая працоўная сіла і навошта адпраўляць нашых грамадзянаў за мяжу. Гэта трэба будзе разгледзець падчас працы ў стварэнні Нацыянальнай стратэгіі. Адзначу, што ў першую чаргу павінна быць забяспечаная абарона нацыянальнага рынку працы і прыярытэтнае права грамадзянаў краіны на заняцце вакантных месцаў, – паведамляла кіраўніца галоўнай управы юрыдычнай працы і прававога забеспячэння Федэрацыі прафзвязаў Марына Лазар.

Выпрацоўку захадаў для «паляпшэння кіравання» працоўнай міграцыяй у Беларусі эксперты абмеркавалі на нядаўнім двухдзённым семінары. Удзел у мерапрыемстве ўзялі прадстаўнікі МУС, МЗС, Мінпрацы, Фэдэрацыі прафзвязаў, Міжнароднай арганізацыі міграцыі, праграмы «Ла Страда».

Ключавая праблема звязаная з пытаннямі сацыяльнага забеспячэння працоўных-мігрантаў. Гэта пенсійнае забеспячэнне, выплата дапамог, атрыманне медыцынскай дапамогі і пражыванне ў Беларусі. І калі Працоўны кодэкс ужываецца ў дачыненні да ўсіх супрацоўнікаў і наймальнікаў, якія заключылі працоўную дамову на тэрыторыі краіны, то ў астатнім неабходна выпрацаваць пастановы.

Беларусы сталі часцей скіроўвацца на заробкі за мяжу. Так, у першым квартале гэтага года ў пошуках працы за мяжу з'ехала 2187 чалавек, а за аналагічны перыяд мінулага года – на 348 чалавек менш. У Расеі ў студзені – сакавіку знайшлі працу 1030 беларусаў, у Польшчы – 686 чалавек, у Літве – 308, у ЗША – 46, у Чэхіі – 45, у Кітаі – 19, а ў Катары – 13.

З нашай усходняй суседкай – Расеяй – дамоўленасці ў абароне гэтых працаўнікоў ёсць – працуе адпаведнае пагадненне паміж урадамі. Таксама ў 2010 годзе Беларусь далучылася да Канвенцыі аб прававым статусе працоўных-мігрантаў і чальцоў іхніх сем'яў дзяржаваў – удзельніцаў СНД. А вось з краінамі Еўразвязу сітуацыя прынцыпова іншая.

«Калі грамадзяне выязджаюць на працу ў адну з краін ЕЗ, то іхнія правы павінны рэгулявацца нацыянальным заканадаўствам, а таксама міжнароднымі дамовамі. Для гэтага неабходныя пагадненні паміж дзяржавамі, – патлумачыла Марына Лазар. – Да прыкладу, вядомыя выпадкі, калі працоўныя мігранты з Беларусі не атрымлівалі аплату за працу ў Польшчы. Цяпер прававую дапамогу тым, хто апынуўся ў такой сітуацыі, могуць прапанаваць у консульствах альбо амбасадах нашай краіны, працоўных інспекцыях краіны-працаўладкавання, а таксама ў міжнародных арганізацыях, да прыкладу, “Ла Страда”. Але неабходныя дадатковыя захады. Скажам, некаторыя краіны ўводзяць у Міністэрстве працы пасады аташэ ў працы».

Як адзначае намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Мельчанка, Беларусь пакуль не далучылася да міжнародных канвенцый у абароне правоў працоўных-мігрантаў і рэгулярна атрымлівае рэкамендацыі пра неабходнасць гэта зрабіць. Аднак на гэтым этапе наша краіна не можа стаць удзельніцай названых дамоваў.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках