19 красавiка 2024, Пятніца, 8:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША абвінавацілі пяцярых расейцаў у парушэнні санкцый супраць Сірыі

8
ЗША абвінавацілі пяцярых расейцаў у парушэнні санкцый супраць Сірыі

Ім пагражае да 25 гадоў.

Міністэрства юстыцыі ЗША абвінаваціла пяцярых грамадзянаў Расеі і траіх грамадзянаў Сірыі ў пастаўцы авіяпаліва ў Сірыю ў абыход амерыканскіх санкцый. Цяпер ім пагражае да 25 гадоў турмы, паведамляе bbc.com.

Як адзначаецца ў заяве ўстановы, абвінавачванні былі прад'яўленыя ў судзе сталічнай акругі Калумбіі Івану Окаракаву, Іллю Логінаву, Карэну Сцепаняну, Аляксею Канкову і Людміле Шмелкавай, якія з'яўляюцца супрацоўнікамі расейскай кампаніі "Совфрахт".

Таксама паводле гэтай справы праходзяць грамадзянін Сірыі Ясер Насер, які прадстаўляе інтарэсы "Совфрахта" ў Сірыі, і сірыйцы Фарыд Бітар і Гэбрыэл Бітар, якія працуюць інспектарамі ў порце горада Баніяс.

Згодна з заявай, усе восем абвінавачваюцца ў парушэнні амерыканскага Закона пра міжнародныя надзвычайныя эканамічныя паўнамоцтвы (IEEPA) і ў адмыванні грошай.

"Абвінавачаныя, як вызначана, уступілі ў змову з мэтай парушыць нашы санкцыі супраць Сірыі і Крыма, што з'яўляецца пагрозай як для амерыканскіх інтарэсаў у рэгіёне, так і для нашай вонкавай палітыкі і нацыянальнай бяспекі. Я дзякую следчым, якія дапамаглі раскрыць гэтыя парушэнні і змусіць парушальнікаў да адказнасці", – заявіў памочнік генпракурора ЗША Джон Дэмерс.

У чым сутнасць прад'яўленых абвінавачванняў

• Паводле заявы мінюста, супрацоўнікі "Совфрахта" нібыта незаконна пастаўлялі авіяпаліва ў Сірыю з дапамогай танкераў "Мухалатка" і "Яз", якія належаць расейскай кампаніі "Транспетрочарт".

• У 2016 годзе мінюст увёў санкцыі супраць "Совфрахта" за ягоную працу ў Крыме і забараніў кампаніі праводзіць аперацыі з далярамі без ліцэнзіі Мінфіна ЗША. Аднак, як адзначаецца ў заяве, кампанія неаднаразова парушала гэтую забарону. Напрыклад, 11 траўня 2017 года Мінфін ЗША заблакаваў два грашовыя пераводы на агульную суму 2,96 млн даляраў, якія, як сцвярджае ўстанова, "Совфрахт" ажыццявіў праз ЗША за дастаўку авіяпаліва ў Сірыю.

• У абвінаваўчым заключэнні гаворыцца, што з кастрычніка 2016 года падсудныя для абыходу забаронаў пачалі працаваць з падстаўной фірмай Maritime Assistance LLC. Паводле словаў следчых, гэтая кампанія кіравалася супрацоўнікамі "Совфрахта". Такім чынам, фірма, што трапіла пад санкцыі, фактычна прадаўжала ажыццяўляць даляравыя пераводы.

• Мінюст ЗША падкрэслівае, што пытанне пра вінаватасць або невінаватасць фігурантаў справы павінен развязваць суд. Артыкул пра парушэнне IEEPA прадугледжвае турэмныя тэрміны да пяці гадоў, а абвінавачванні ў змове з мэтай адмывання грошай – да 25 гадоў зняволення. Абвінавачванні таксама могуць вынікаваць штрафы, блакаванне рахункаў і арышт маёмасці, гаворыцца ў паведамленні Мінюста.

Ні абвінавачаныя, ні кампаніі, на якія яны меркавана працавалі, заяву Міністэрства юстыцыі ЗША пакуль не пракаментавалі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках