25 красавiка 2019, Чацвер, 21:58
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Дэпутаты бундэстага: ФРГ павінна больш актыўна дапамагаць вызваленню Сянцова

1
АЛЕГ СЯНЦОЎ
ФОТА: КОММЕРСАНТ

Галадоўка ўкраінскага рэжысёра доўжыцца ўжо 31 дзень.

Галадоўка ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, асуджанага расейскім судом да 20 гадоў калоніі паводле абвінавачвання ў «тэрарызме», доўжыцца ўжо 31 дзень, паведамляе «Нямецкая хваля».

Многія міжнародныя грамадскія і праваабарончыя арганізацыі, дзеячы культуры, акцёры, рэжысёры, пісьменнікі і палітычныя дзеячы мяркуюць, што справа Сянцова сфабрыкаваная, і патрабуюць ягонага вызвалення. Акцыі ў падтрымку Сянцова праходзяць у многіх краінах.

Журналісты звярнуліся да дэпутатаў нямецкага бундэстага з пытаннем пра тое, як яны ацэньваюць тое, што адбываецца з Алегам Сянцовым, ці абмяркоўваецца гэтае пытанне ў нямецкім парламенце і якім чынам урад Нямеччыны можа паўплываць на Расею ў справе вызвалення ўкраінскіх палітвязняў.

"Працэс над Сянцовым – частка прапагандысцкага спектакля"

Старшыня парламенцкага камітэта ў правах чалавека і гуманітарнай дапамогі, прадстаўніца Свабоднай дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СвДП) Гідэ Енсэн (Gyde Jensen) нездавальняльна ацаніла той факт, што справа Алега Сянцова – асабліва да пачатку ягонай галадоўкі – не асабліва шырока асвятлялася ў нямецкіх СМІ. Паводле ейных словаў, сітуацыя з Алегам Сянцовым абмяркоўваецца падчас пасяджэнняў камітэта, які яна ўзначальвае, аднак "сумная праўда складаецца ў тым, што большасць падобных выпадкаў становяцца шырока вядомыя толькі тады, калі стан зняволенага ў турму чалавека рэзка пагаршаецца".

У інтэрв'ю Енсэн назвала недапушчальным той факт, што "актывісты, якія змагаюцца за свабоду слова і свабодна выказваюць сваё меркаванне, пазбаўленыя свабоды ў Расеі, зняволеныя ў калоніі і адбываюць там пакаранне паводле цалкам неабгрунтаваных абвінавачванняў".

Эксперт у вонкавай палітыцы з парламенцкай фракцыі Хрысціянска-дэмакратычнага звязу (ХДЗ) Родэрых Кізеветэр (Roderich Kiesewetter), у сваю чаргу, мяркуе, што суд над Алегам Сянцовым і вынесены яму жорсткі прысуд – гэта спосаб застрашвання, абраны расейскімі ўладамі. Працэс над Сянцовым Кізеветэр назваў часткай "прапагандысцкага спектакля пра абарону расейскіх меншасцяў за мяжой", з дапамогай якога кіраўніцтва Расеі спрабуе адцягнуць увагу ад сваёй адказнасці ў канфлікце з Украінай.

Справе Алега Сянцова патрэбны максімальны рэзананс

Дэпутаты розных партый, прадстаўленых у бундэстагу, адзіныя ў тым, што справе Алега Сянцова неабходна надаць як мага большую галоснасць. Вонкавапалітычны эксперт партыі "Звяз-90" / "зялёныя" Амід Нурыпур (Omid Nouripour) выказаў надзею, што ў час чэмпіянату свету ў футболе, які стартуе ў Расеі 14 чэрвеня, "сітуацыя з Алегам Сянцовым атрымае яшчэ большы рэзананс".

"Важна зноў і зноў выступаць з публічнымі заявамі і патрабаваць вызвалення Алега Сянцова. Любы, хто вонкава і ўнутрана спакойна рэагуе на агрэсіўную палітыку РФ, аслабляе сваю пазіцыю на перамовах з расейскім кіраўніцтвам і не ўспрымаецца прэзідэнтам Пуціным у якасці сур'ёзнага суразмоўцы", – упэўнены Нурыпур .

Палітыку хацелася б, каб рэакцыя ўрада ФРГ у справе Алега Сянцова была больш выразнай. Нурыпур выказаў здагадку, што, магчыма, федэральны ўрад не хоча нашкодзіць вядзенню ў сакрэтнай абстаноўцы перамоваў пра вызваленне ўкраінскага рэжысёра. З іншага боку, адзначыў ён, нямецкім уладам варта было б агучыць сваю пазіцыю ў справе Сянцова.

Паводле словаў Нурыпура, "урад Нямеччыны заўсёды асуджаў анэксію Крыма як супярэчную міжнароднаму праву, – і менавіта гэта робіць і Алег Сянцоў. Таму боязь агалоскі (непублічных перамоваў з уладамі РФ) з боку нямецкага ўрада ў гэтым выпадку недапушчальная, паколькі яе можна расцаніць як маўклівае ўхваленне расейскай палітыкі ў Крыме".

Акрамя таго, для аўтарытэту Нямеччыны было б вельмі сумна, калі б стварылася "ўражанне, што нямецкі ўрад больш робіць для сумнеўнага праекту "Паўночная плынь-2", чым для палітвязня Алега Сянцова", заключыў Амід Нурыпур.

Кіраўніца камітэта бундэстага ў правах чалавека Гідэ Енсэн таксама дапускае, што ўрад ФРГ можа весці з расейскім кіраўніцтвам сакрэтныя перамовы пра магчымасці вызвалення Алега Сянцова. У адрозненне ад яе калегі з партыі "зялёных" яна мяркуе, што "часам у падобных сітуацыях бок можа захаваць твар і ў тым выпадку, калі ён удзельнічае ў непублічных перамовах".

"І калі іхнім вынікам стане вызваленне Алега Сянцова, мяне гэта цалкам задаволіць. Так што я б сказала, давайце яшчэ трохі пачакаем", – прапанавала Енсэн.

Пытанне міністру замежных справаў

Тым не менш, паводле ейных словаў, і "ўрад ФРГ, і дэпутаты бундэстага павінны больш актыўна ўдзельнічаць у справе вызвалення Алега Сянцова". У найбліжэйшыя дні пасяджэнне камітэта бундэстага ў правах чалавека і гуманітарнай дапамогі павінен наведаць міністр замежных справаў ФРГ Хайка Мас (Haiko Maas), і Енсэн запэўніла, што як старшыня камітэта, яна задасць міністру "пытанне пра тое, якія захады робіць урад ФРГ для вызвалення Сянцова".

У сваю чаргу парламенцкая фракцыя партыі "Звяз-90" / "зялёныя" ў чацвер, 14 чэрвеня, вынесе на абмеркаванне бундэстага праект рэзалюцыі пра катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека ў Расеі.

Паводле словаў вонкавапалітычнага эксперта Аміда Нурыпура, у "гэтым праекце гаворыцца пра самавольства ўладаў і незаконнае ўтрыманне пад вартай многіх палітвязняў, у тым ліку і Алега Сянцова". "Вядома, можна з нецярпеннем чакаць пачатку чэмпіянату свету ў футболе ў Расеі, але мы не павінны забывацца і пра шматлікіх людзей, якія незаконна змешчаныя ў турмы", – падсумаваў дэпутат бундэстага.