Невядомыя павалілі крыжы каля рэстарацыі «Поедем поедим»
11- 13.06.2018, 15:06
- 14,713
Абаронцы Курапатаў прадаўжаюць штодзённую вахту.
У ноч на 13 чэрвеня невядомыя павалілі крыжы, якія абаронцы Курапатаў выставілі ля праезду праз ахоўную зону ў рэстарацыю «Поедем поедим», размешчаную ў 50 метрах ад мемарыяла.
Як распавёў «Радыё Свабода» адзін з лідараў пратэсту, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, актывісты падазраюць, што крыжы павалілі супрацоўнікі рэстарацыі - пратэстоўцы ставілі іх як раз, каб перашкодзіць аўтамабілям з прадуктамі ездзіць «незаконнай» дарогай.
Актывісты прадаўжаюць штодзённую вахту (пратэсты доўжацца з пачатку месяца) і спрабуюць не прапускаць у рэстарацыю аўтамабілі з грузамі, агітуюць наведвальнікаў не хадзіць у «кабак на костках», як яны называюць «Поедем поедим». Сёння да пратэсту далучыліся таксама праваабаронцы «Вясны» на чале з Алесем Бяляцкім, якія разгарнулі расцяжку «Курапаты - месца злачынства і смутку».
«Сёння апоўдні ў Курапатах сабраліся чалавек дваццаць, прыехалі людзі з рэгіёнаў, з Бабруйска, з Віцебска, - расказвае Севярынец. - Дзесьці а 12.30 пачаліся інцыдэнты. Смеццявоз і машына з прадуктамі спрабавалі праехаць на тэрыторыю «Бульбаш-хола», шэсць супрацоўнікаў міліцыі і ДАІ спрабавалі зрушыць пратэстоўцаў з праезду.
Дайшло і да штурханіны, на зямлю павалілі Тацяну Севярынец, але адступілі, не змаглі людзей адштурхнуць. Аформілі два пратаколы на мяне і на Аляксандра Туровіча за парушэнне правілаў дарожнага руху».
Вечарам 12 чэрвеня Туровіча затрымалі на выхадзе з Курапатаў, ноч ён правёў у пастарунку, раніцай быў адпушчаны з міліцыі пасля складання трох пратаколаў - абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, дробным хуліганстве і перашкодзе працы грамадскай установы.
Зараз у #Курапаты становіцца ўсё больш горача 🔥
— Viasna (@viasna96) 13 июня 2018 г.
Больш тут: https://t.co/DpMBiuOZKv pic.twitter.com/9rkiTPlYud
Напомнім 31 траўня затрымалі актывістку і рэжысёрку Вольгу Нікалайчык падчас пікету супраць адкрыцця рэстарацыі «Поедем поедим». 7 чэрвеня па дарозе з Курапатаў на дзве гадзіны затрымалі Паўла Севярынца і Вольгу Нікалайчык. 8 чэрвеня затрымалі Дзяніса Урбановічa і Вольгу Нікалайчык.