25 чэрвеня 2018, панядзелак, 12:52
Рубрыкі

Абаронца Курапатаў: Кіроўца працягнуў нас на капоце, нават міліцыя была ў шоку

10
ФОТА: SVABODA.ORG

Актывісты апавялі падрабязнасці пра інцыдэнт з «Маздай» з расейскімі нумарамі.

Абаронцы Курапатаў, актывісты Дзяніс Садоўскі і Яўген Батура, атрымалі штрафы за выхад на праезную частку, паведамляе belsat.eu.

Кіроўца «Мазды» не спыніўся перад абаронцамі Курапатаў, якія пікетуюць рэстаран «Поедем поедим». Два чалавекі атрымалі лёгкія пашкоджанні.

Адзін з пацярпелых, Яўген Батура, паведаміў у «Фэйсбуку», што кіроўца наехаў на двух чалавек

«У тым ліку і на мяне, – напісаў Батура. – Сінякі, але невялікія. Калі людзі пачалі абурацца (у сведках было 10 чалавек і два супрацоўнікі ДАІ), ён пачаў лаяцца, паддаў газу і нават працягнуў аднаго з нас (Васіля) з метр на капоце. Нават міліцыя была ў шоку».

Пасля здарэння Яўген Батура пачаў відэатрансляцыю ў «Фэйсбуку», у якой відаць, што «Мазда» мае маскоўскую рэгістрацыю.

На відэа кіроўца пытаецца ўдзельнікаў пікету пра іх палітычныя погляды, а таксама, што яны тут робяць і «чаму не працуюць».

Радыё «Свабода» паведамляе, што супрацоўнікі ДАІ склалі пратакол за парушэнне правілаў дарожнага руху на кіроўцу і за выхад на праезную частку – на пяцярых абаронцаў Курапатаў. Аднак жонка кіроўцы «Мазды», С., якая была сведкай сітуацыі, напісала ў «Фэйсбуку», што пратакол склалі толькі на пешаходаў.

Паводле словаў жанчыны, людзі каля рэстарана «Поедем поедим» кідаліся на капот машыны і стваралі аварыйную сітуацыю.

«На шчасце, машыну не пашкодзілі, – напісала С. – страхавую выклікаць не давялося».

З пачатку чэрвеня ў Курапатах пад лозунгам: «Не кабак, а музей» праходзіць акцыя пратэсту супраць адкрыцця тут рэстарана. Ён размяшчаецца ў комплексе будынкаў, які раней называўся «Бульбаш-хол». Улетку там збіраюцца адчыніць таксама лазню. Аб'ект належыць кампаніі «Белновотекс груп».

Курапаты – лес на паўночным усходзе Менска, месца масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Паводле ацэнак даследчыкаў, там загінула ад 30 да 250 тысячаў чалавек. З 1993 года Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў як месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсій.