19 красавiка 2024, Пятніца, 0:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка наступіў на савецкія граблі

59
Лукашэнка наступіў на савецкія граблі
КАРЫКАТУРА: CARTOONBANK.RU

Беларусь стала яскравым прыкладам дзяржавы супраць народа.

Лукашэнка доўгі час казаў, што не павядзе краіну за «цывілізаваным светам» і будзе будаваць сваю мадэль «дзяржавы для людзей». Што ж у яго атрымалася? Вось апошнія навіны «сацыяльнай дзяржавы»:

«Пасля 2022 года пенсійны ўзрост жанчынаў і мужчынаў могуць зраўнаваць. Дзяржава ўжо разглядае такі сцэнар.

Такім чынам улады пастанавілі залатаць дзірку ў ФСАН, на якую не раз паказвалі міжнародныя эксперты».

«Беларускі ўрад абмяркоўваў пытанне пра скарачэнне тэрміну дэкрэтнага адпачынку. “Парламентарыі” ўзнялі гэтае пытанне, абмяркоўваючы праблему дэфіцыту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва».

«Міжнародная Арганізацыя Працы мяркуе, што ў Беларусі мае месца прымус да працы. Прымусовая праца за заробак, на які не згодны супрацоўнік, з'яўляецца прымусам. Такая новая форма рабства ў сучаснай Беларусі».

Можна ўспомніць павышэнне тарыфаў на ЖКГ, дэкрэт аб «дармаедах», які дзеліць жыхароў Беларусі на касты, жабрацкія пенсіі і заробкі, а таксама многае іншае.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, характарызуючы стан нашай краіны, падкрэсліў, што Беларусь рухаецца ад феадалізму да рабаўладання.

Замест заяўленай Лукашэнкам «дзяржавы для людзей», мы атрымалі дзяржаву супраць людзей. Абвал лукашэнкаўскай мадэлі пракаментавалі сайту Charter97.org эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка і прававы інспектар прафесійнага звязу РЭП Леанід Судаленка.

«Атрымалі правінцыйную адсябеціну»

Леанід Заіка апавёў, хто стаяў за ідэяй стварэння лукашэнкаўскай мадэлі:

– Я выдатна памятаю гэты час. Тады я працаваў загадчыкам кафедры эканамічнай тэорыі БДЭУ. Упершыню тэрмін «сацыяльнаарыентаванай» эканомікі агучыў прафесар Марк Самуілавіч Куняўскі. Ён быў спецыялістам у сацыялістычных вытворчых стасунках. Менавіта ён прапанаваў назваць лукашэнкаўскую мадэль «сацыяльнаарыентаванай».

Хоць такой мадэлі няма і ў памоўцы. Ёсць сацыяльная дзяржава, была яшчэ тэорыя сацыяльна-прававой дзяржавы. А беларуская мадэль – поўная адсябеціна, недзе, скажам, правінцыйная.

Эканаміст падкрэслівае, што Лукашэнка нічога не прыдумляў, а будаваў сваю мадэль дзякуючы танным энэргарэсурсам ад усходняга суседа:

– Ён узяў сацыялістычную формулу, дзе былі нізкія тарыфы на ЖКГ, нізкія кошты на бульбу, хлеб і г. д. І ўсё гэта было збудаванае за расейскія грошы.

Скажу больш, Лукашэнка нічога іншага і не ведаў. Ён вучыўся ў правінцыйным ВНУ, скончыў Магілёўскі педінстытут. Думаю, што там сур'ёзна не разглядалася пытанне сацыяльнага мадэлявання.

«Сацыялізм па-лукашэнкаўску»

Прававы інспектар Леанід Судаленка мяркуе, што ў нашай краіне варта казаць пра рабства, а не пра сацыялізм:

– Прафзвязы ўвесь час падкрэсліваюць, што кантрактная сістэма, якая існуе ў нашай краіне, вярнула рабства. Любога непажаданага супрацоўніка могуць імгненна выкінуць на вуліцу. Другі бок медаля – гэта тое, што чалавек страчвае магчымасць звальнення на ўласнае жаданне. А што гэта, як не рабства?

Прававы інспектар мяркуе, што гэтыя два моманты ніяк не вяжуцца з «дзяржавай для людзей», пра якую кажа Лукашэнка:

– Cкладваецца ўражанне, што «сацыяльная дзяржава» жыве сваім жыццём, а працоўны клас – сваім. Тая палітыка, якую дэкларуе Лукашэнка, супярэчыць нашай рэальнасці.

«Не развязалі простыя пытанні, а цяпер усё шандарахнулася»

Леанід Заіка мяркуе, што ўлады не прайшлі экзамен часам і разбазарылі патэнцыял краіны на пачатку 1990-х:

– Трэба было развязваць самыя простыя пытанні. Створаны рынак працы, рынак прамысловых тавараў, рынак харчавання. Падумаць пра канкурэнцыю. Развязаць самыя простыя пытанні. Стварыць cур’ёзны матор для беларускай эканомікі.

Лукашэнка гэтага не разумеў і трапіў у тэарэтычную пастку. Наступіў на савецкія граблі. Ягонае атачэнне не цікавілася сацыяльным мадэляваннем. Нашы вярхі прадаўжалі будаваць сацыялізм cа скажоным тварам. З нечалавечым тварам.

Дзейнічалі паводле марксісцка-ленінскіх схемаў. Праз 20 гадоў гэта ўсё шандарахнулася.

«Давялі краіну»

Леанід Судаленка падкрэслівае, што палітыка Лукашэнкі настолькі сапсавала імідж Беларусі, што яна трапіла ў спіс краінаў трэцяга свету:

– Нашу краіну ўключылі ў кароткі спіс МАП (міжнародная арганізацыя, якая сочыць за справядлівасцю стасункаў «наймальнік – працаўнік». – Заўв. Сharter97.org). Мы на вельмі дрэнным рахунку ў заходніх калегаў. Нас разглядаюць як краіну, дзе зусім не зважаюць на прафзвязы.

Мне вельмі шкада як грамадзяніну Беларусі, што ўлады давялі краіну да такога стану, што яе ўключаюць у падобныя ганебныя спісы.

Прававы інспектар заяўляе, што наша краіна патрапіла на аловак міжнародных арганізацый:

– Безумоўна, цяпер мы знаходзімся пад пільнай увагай міжнародных арганізацый. Гэта ніяк не дадае іміджу нашай краіне на міжнароднай арэне. Улады сваімі ж рукамі ператвараюць Беларусь у трэцеразрадную краіну, дзе не зважаюць на правы працоўных і прафзвязаў увогуле.

«Маёнткаўтваральная наменклатура»

Леанід Заіка звяртае ўвагу на тое, што Беларусь загразла ў карупцыі:

– Замест эканомікі ў іх атрымаліся маёнткі, катэджы і мерсэдэсы. Зусім не сацыялістычнага тыпу. Калі мы гаворым пра наменклатуру ў СССР, то гэтых людзей можна было зразумець, яны жылі больш-менш сціпла. А асяродак Лукашэнкі стаў «маёнткаўтваральным».

Яны пачалі набываць сабе мерсэдэсы, а падтрыманне сацыяльнай інфраструктуры стала для іх нецікавым.

Вось глядзіце, Лукашэнка прызначыў сваім «назіральнікам» у Гарадзенскай вобласці, кажучы мовай «уладзімірскага цэнтрала», чалавека, у якога дзесяць кватэраў, дзесяць машынаў. Узнікае пытанне: навошта ты такога чалавека бярэш?

Эканаміст Леанід Заіка паспрабаваў растлумачыць, што мы атрымалі ў выніку кіравання Лукашэнкам:

– У нас атрымалася змяшаная эканоміка, або смешная. Каму як падабаецца.

З'явіліся дзесяць тысячаў мільянераў, паўстала каласальная прорва паміж чыноўнікамі і «новымі беднымі», паўстала прорва паміж людзьмі, якія знаходзяцца на вяршыні піраміды ўлады, і тымі, хто жыве ў гарадах і вёсках.

Гэта сацыяльна-расколатае грамадства. Эксперымент Лукашэнкі вельмі дорага каштаваў для нашага грамадства, – падсумаваў Леанід Заіка.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках