23 красавiка 2024, aўторак, 18:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Ганаруся, што ўдзельнічаю ў пратэстах супраць БелАЭС

3
Павел Севярынец: Ганаруся, што ўдзельнічаю ў пратэстах супраць БелАЭС
ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: BELARUSPARTISAN.ORG

Палітыка аштрафавалі больш чым на тысячу рублёў.

Лідара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі судзілі ў Савецкім раённым судзе Менску. Паўла Севярынца абвінавацілі ў парушэнні дазволенага парадку правядзення Чарнобыльскага шляху і закліках да акцый пратэсту супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС, паведамляе «Радыё Свабода».

На судзе Павел Севярынец зняпраўдзіў звесткі міліцыі з пратаколу, паводле якога 26 красавіка з прамовай ён выступаў ля кінатэатра «Кастрычнік», дзе збіраліся ўдзельнікі Чарнобыльскага шляху, а не каля капліцы ўжо пасля шэсця. «Там мітынг быў дазволены», - намагаў Павел Севярынец.

Што да заклікаў да грамадзян удзельнічаць у меркаваных штомесячных акцыях пратэсту супраць будоўлі Астравецкай АЭС - то Севярынец прызнаў, што інфармаваў людзей пра акцыі пратэсту, бо ўважае будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне за злачынства.

«Як выпускнік геаграфічнага факультэта БДУ добра ўяўляю гэтую небяспеку. Астравецкая АЭС пабудаваная ў месцы чатырох геалагічных разломаў, будаваць там АЭС нельга, і я ганаруся, што далучаюся да пратэстаў супраць гэтай будоўлі», - сказаў Павел Севярынец.

Апазіцыйны палітык мяркуе, што будаваць АЭС менавіта ў Астравецкім раёне Лукашэнка загадаў кіраўнік Расеі Пуцін, «каб была магчымасць шантажаваць Еўропу».

Сведчыў супраць палітыка супрацоўнік міліцыі Павел Мацкевіч. Другі сведка, міліцыянт Сяргей Журко, у суд не з’явіўся.

Што да чарговага штрафу Павел Севярынец адмахнуўся: «Наперадзе яшчэ столькі судоў, у мяне толькі за Курапаты амаль 20 пратаколаў...»

Судзіла Паўла Севярынца суддзя Савецкага райсуду Вера Галаўкова, якой Павел Севярынец заяўляў адвод, але выніку не дамогся. Таксама суддзя Галаўкова адмовілася весці працэс па-беларуску. Яна аштрафавала палітыка на 45 базавых адзінак - 1102 рублі 50 капеек.

Чарнобыльскі шлях прайшоў у Менску 26 красавіка. Шэсце і мітынг былі дазволеныя сталічнымі ўладамі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках