29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Газпрам» адрэзалі ад міжнародных рынкаў капіталу

3
«Газпрам» адрэзалі ад міжнародных рынкаў капіталу

Рашэнне Стакгольмскага арбітражу паставіла пад пагрозу зрыву план замежных пазык расейскага газавага холдынгу.

Рашэнне Стакгольмскага арбітражу, які абавязаў «Газпрам» заплаціць 2,6 млрд даляраў «Нафтагазу Украіны», паставіла пад пагрозу зрыву план замежных пазык расейскага газавага холдынгу, за кошт якіх ён меў намер фінансаваць будаўніцтва трубаправодаў у Кітай, Турцыю і ў абыход Украіны, паведамляе finanz.ru.

Праз арышт актываў у Швейцарыі і Нідэрландах на патрабаванне «Нафтагаза» «Газпрам» быў вымушаны скасаваць намечанае на сярэдзіну чэрвеня размяшчэнне еўрааблігацый, распавяла «Интерфаксу» крыніца, знаёмая з сітуацыяй.

Размяшчэнне павінна было стаць часткай рэкорднай у гісторыі «Газпрама» праграмы запазычанняў: усяго за год холдынг планаваў прыцягнуць 417 млрд рублёў, або траціну ад сумы, неабходнай на капітальныя будоўлі (1,2 трлн рублёў).

З пачатку года «Газпрам» ужо прадаў інвестарам аблігацыі ў рублях (30 млрд рублёў), еўра (750 млн еўраў) і швейцарскіх франках (750 млн франкаў), прыцягнуў крэдыт Credit Agricole (600 млн еўраў), а ў чэрвені планаваў запазычыць у брытанскіх фунтах.

Але размяшчэнне давялося скасаваць: паўстала рызыка, што сродкі, якія прыцягне «Газпрам», адразу ж будуць арыштаваныя ў якасці мер забеспячэння на рашэнне Стакгольмскага арбітражу, тлумачыць крыніца «Интерфаксу».

Першай такія захады пачала прымаць Швейцарыя, дзе зарэгістраваныя Nord Stream AG і Nord Stream 2 AG - «дочкі» «Газпрама», адна з якіх кіруе «Паўночнымі плынямі», а іншая - будуе «Паўночную плынь 2».

Прыставы правялі вопіс маёмасці, а Nord Stream 2 AG паведаміла, што атрымала пастанову аб замарозцы сваіх актываў.

Праз тыдзень, напачатку чэрвеня, былі арыштаваныя долі «Газпрама» ў яго даччыных кампаніях ў Нідэрландах. Аналагічныя меры рыхтуюцца ў дачыненні да брытанскіх структур «Газпрама», распавядала «Интерфакс-Украина» крыніца ва ўрадзе краіны.

Дзеянні галандскіх і швейцарскіх уладаў будуць абскарджаныя, абвясціў «Газпрам» у чацвер: - апеляцыйны суд акругі Свеа задаволіў хадайніцтва расейскай кампаніі і вынес загад аб прыпыненні выканання рашэння Стакгольмскага арбітражу ад 28 лютага 2018 года.

Падставай стала заява «Газпрама», у якой холдынг, спасылаючыся на меркаванне «сусветна прызнанага экспэрта - лінгвіста», абвясціў, што «значная частка арбітражнага рашэння напісаная не арбітрамі, а іншымі асобамі», што «з'яўляецца грубым парушэннем арбітражнага пагаднення».

Нагадаем, разгляд «Газпрама» і «Нафтагаза» ў Стакгольмскім арбітражы быў звязаны з умовамі заключанага восем гадоў таму кантракту пра транзіт газу праз Украіну.

28 лютага арбітраж абавязаў «Газпрам» выплаціць «Нафтагазу» 4,63 млрд даляраў за недаатрыманы газ.

Кантракт патрабуе, каб «Газпрам» штогод перадаваў не менш як 110 млрд куб. м газу для пастаўкі ў ЕЗ, але ў 2017 годзе праз украінскую ГТС на экспарт сышло на 15% менш - 93,4 мільярдаў кубаметраў. Годам раней - усяго 82 млрд, у 2015-м - толькі 67,1 млрд.

Адначасова арбітраж адхіліў патрабаванні «Газпрама» па штрафах за незаконна, як сцвярджалі ў Маскве, адабраныя «Нафтагазам» аб'ёмы транзітнага газу.

З улікам запазычанасці ўкраінскай кампаніі «Газпрам» павінен заплаціць блізу 2,6 млрд даляраў.

Арбітры таксама абавязалі «Газпрам» да заканчэння дзеяння кантракту ў 2019 годзе аплачваць «Нафтагазу» транзіт з разліку 2,35 млрд даляраў за 110 млрд куб. м штогод.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках