Галоўны трэнер «Нёмана»: «Пагоня» – культурна-гістарычная спадчына Беларусі
3- 18.06.2018, 11:55
- 15,963
Ігар Кавалевіч расказаў пра сваё стаўленне да нацыянальных сімвалаў.
Ігар Кавалевіч, галоўны трэнер гарадзенскага футбольнага клуба «Нёман», выйшаў на матч з «БАТЭ» 17 чэрвеня ў майцы з гербам «Пагоня». Заўваг ад кіраўніцтва ён не атрымаў.
«Нёман» гуляў з чэмпіёнамі краіны на хатнім полі. Заўзятары заўважылі на рукаве жоўтай майкі-пола Ігара Кавалевіча нашыўкі з нацыянальным гербам. На чырвоным фоне відаць белы малюнак вершніка і надпіс «Belarus».
Ігар Кавалевіч расказаў «Свaбодзе», што майку яму падарылі блізу месяца таму аматары футболу з Віцебска.
Ён гуляе за віцебскую аматарскую футбольную каманду «Стая».
«Я сем гадоў працаваў у Наваполацку (ФК "Нафтан". – Заўв). Там у мяне засталіся сябры.
Часам гуляю разам з імі, наступны матч – 2 ліпеня», – кажа трэнер «Нёмана».
На афіцыйную гульню Ігар Кавалевіч апрануў падораную майку ўпершыню.
Для яго герб «Пагоня» – гістарычна-культурная каштоўнасць Беларусі.
«Я беларус. Гэта культурна-гістарычная спадчына Беларусі. Вы не блытайце маю майку з палітыкай. Гэта прыгожая жоўтая майка, якую падарылі сябры, прыгожы знак», – тлумачыць Кавалевіч.
Заўзятары пачалі перажываць, што трэнеру «за самадзейнасць» могуць зрабіць заўвагу. Аднак ён сам адзначыў, што прэтэнзій з боку кіраўніцтва да яго не было. Ды і ён не разумее, за што.
«Чаму мне павінны рабіць заўвагі, калі Пагоня афіцыйна дазволеная Саветам Міністраў з 2007 года? Няўжо яна нясе агрэсію? Гэта проста гістарычны знак», – дзівіцца Кавалевіч.
Гульня скончылася з лікам 2:3 на карысць «БАТЭ». Барысаўская каманда забіла вызначальны гол на апошняй хвіліне асноўнага часу.
Наконт гульні ў трэнера «Нёмана» змешаныя пачуцці: добрыя ад барацьбы, прыкрыя – ад няўдалай канцоўкі.
«Думаю, пасля гэтага матчу мы будзем толькі мацнейшымі. Памылкі ва ўсіх бываюць. Мы ўратавалі шмат матчаў на апошніх хвілінах. Праз усё трэба прайсці, у тым ліку праз такую вайну», – мяркуе трэнер.
«Нёман» пасля 12 праведзеных матчаў займае 6-е месца ў табліцы (21 бал), БАТЭ – першае (31 бал).
ФК «Нёман» вядомы сваёй арыентацыяй на беларускасць. Вясной падчас гульні з «Віцебскам» фанаты разгарнулі ў перапынку велізарную Трэцюю статутную грамату БНР.
Ігар Кавалевіч узначальвае «Нёман» з 2016 года.
Яму 50 гадоў, родам з Берасцейскай вобласці. З 1988 года ў якасці гульца выступаў за беларускія, расейскія і адну азербайджанскую каманду. За «Нёман» гуляў у 2001–2003 гадах. З 2005 года пачаў трэнерскую кар'еру.