18 красавiка 2024, Чацвер, 10:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Многім паўстанцам з атрада Валовіча было 18 гадоў»

«Многім паўстанцам з атрада Валовіча было 18 гадоў»

Пад Слонімам ушанавалі памяць аднаго з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстання.

На могілках у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна мясцовыя актывісты, а таксама госці з Гародні, Баранавічаў, Ліды ўсклалі кветкі да крыжа ў гонар паўстанцаў 1831–1834 гадоў, паведамляе «Радыё Свабода».

«Магілы нашых герояў не маем права забываць»

Паводле словаў слонімскага актывіста Івана Бедкі, памяць паўстанцаў на могілках у Парэччы ўшаноўваюць штогод. Сёлета сюды з'ехаліся больш за 30 чалавек. Казалі пра лёс паўстання, пра ягоных герояў, ускладалі кветкі, спявалі гімн «Магутны Божа».

«Атмасфера была вельмі цёплая, патрыятычная, – кажа Бедка. – І што вельмі радуе – амаль усе выступоўцы падкрэслівалі, што магілы нашых герояў не маем права забываць».

«І ў наш час моладзь абараняе Курапаты»

Бедка адзін з актывістаў, хто ставіў памятную дошку Валовічу і паўстанцам. Кажа, што прыходзіць да гэтага крыжа штогод і кожны раз яго працінае ўнутранае хваляванне.

«Міхал Валовіч жыццё сваё склаў на шыбеніцы ў Гародні. Яму было 26 гадоў, яго пакаралі смерцю на загад губернатара Мураўёва-вешальніка 2 жніўня 1833 года. Хоць ён мог бы сядзець у Парыжы і не вяртацца ў Слонім, – кажа Бедка. – А хлопцы, якія з ім былі ў аддзеле, – шмат каму з іх было ўсяго 18 гадоў і яны, маладыя, таксама пайшлі змагацца за свабоду. У цяперашні час адбываецца амаль тое самае – моладзь абараняе Курапаты», – падсумоўвае Бедка.

Сёлета ўшаноўвалі паўстанцаў без міліцыянтаў

Дагэтуль невядомае месца, дзе знаходзіцца магіла Міхала Валовіча. Паводле адной з версій, яго пахавалі паўстанцы, паводле другой – цела выкупіла маці і пахавала побач з уніяцкай царквой у Парэччы, якую збудавалі Валовічы. На тым месцы, дзе яшчэ да 2003 года стаяў крыж.

У 2003 годзе праваслаўны святар, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазней мясцовыя людзі адшукалі яго побач са Шчарай і паставілі на могілках.

Учора на могілках у Парэччы падчас ушанавання паўстанцаў лунала мноства бел-чырвона-белых сцягоў і не было міліцыянтаў, ніхто ў цывільным з камерамі не сачыў за тымі, хто сабраўся.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках