19 красавiка 2024, Пятніца, 15:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як цішотка з «Пагоняй» нарабіла шуму падчас чэмпіянату Беларусі ў футболе

5
Як цішотка з «Пагоняй» нарабіла шуму падчас чэмпіянату Беларусі ў футболе
Фота: fcneman.by

Цішотку з нацыянальным сімвалам адправілі і Аляксандру Хацкевічу.

Нядзельны матч «Нёмана» і БАТЭ запомніўся не толькі развязкай на апошніх хвілінах. Хоць гульня, што і казаць, атрымалася характэрнай, піша «Трибуна».

Убор галоўнага трэнера гарадзенцаў Ігара Кавалевіча нарабіў не менш шуму. Не кожны дзень публічныя персоны ў Беларусі з'яўляюцца на публіцы ў пола, на якім нашыты герб «Пагоня». Асабліва персоны, звязаныя з дзяржаўнымі праектамі - заснавальнікам «Нёмана» з'яўляецца ўправа фізкультуры і спорту Гарадзенскага аблвыканкама.

- Слухай, а праз гэта мяне не таго?.. - пытаўся перад матчам у калег трэнер, мабыць, дасведчаны аб неадназначнай рэакцыі праваахоўнікаў на герб.

У выніку Кавалевіч спакойна дабраўся і да трэнерскай лаўкі, і да пасляматчавай прэс-канферэнцыі, а ягоная каманда зладзіла сапраўдную пагоню за БАТЭ і нават дагнала чэмпіёна.

Фота: fcneman.by

- Я беларус. Гэта культурна-гістарычная спадчына Беларусі. Вы не блытайце маю цішотку з палітыкай. Гэта прыгожая жоўтая майка, якую падарылі сябры, прыгожы знак, - заявіў Кавалевіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Майку Кавалевічу падарыў футбольны агент Валерый Ісаеў. Ісаеў жыве ў Віцебску і ў вольны час, як ён сам кажа, выконвае ролю «заўхоза» ў аматарскай камандзе «Zграя», якая выступае ў гарадской лізе. Сярод іншага загадчык гаспадаркі адказвае за экіпіроўку гульцоў.

- Набываем звычайныя цішоткі, а знаёмая швачка ў віцебскім атэлье нашывае на іх шаўроны з «Пагоняй», заказаныя ў інтэрнэце, - распавядае Ісаеў. - Тры гады таму замовіў сто шаўронаў, цяпер застаецца 20. Майкі робім для футбалістаў, а таксама дорым іх нашым адданым заўзятарам.

Кавалевіч больш за пяць гадоў адпрацаваў у Віцебскай вобласці, трэніруючы «Нафтан» у Наваполацку. Тады ж ён уліўся ў «Zграю» - пола спецыяліст атрымаў як гулец каманды, тым больш ён прадаўжае за яе выступаць, няхай і праводзіць у найлепшым выпадку пару матчаў за сезон.

- Чаму мне павінны рабіць заўвагі, калі герб «Пагоня» афіцыйна дазволены Саветам Міністраў з 2007 года? Няўжо ён нясе агрэсію? Гэта проста гістарычны знак, - кажа Кавалевіч.

На пола акрамя «Пагоні» нанесены лагатып «Zграі».

- Мы робім цішоткі для сябе, думак аб продажы няма, - дапаўняе Ісаеў. - Некалькі дзён таму адправілі пола з такім жа лагатыпам Аляксандру Хацкевічу, які таксама гуляў за нашу каманду.

Агент гатовы аддаць адну майку для розыгрышу сярод карыстальнікаў «Трибуны». Аб правядзенні міні-конкурсу мы абвесцім найбліжэйшым часам.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках