25 красавiка 2024, Чацвер, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка спрабуе змякчыць удар перад перамовамі з Расеяй

10
Лукашэнка спрабуе змякчыць удар перад перамовамі з Расеяй
Фота: Getty Images

Паміж «хаўруснікамі» назапасілася шмат праблем.

Рассельгаснагляд з 18 чэрвеня зняў абмежаванні на пастаўку ў Расею малака з трох беларускіх прадпрыемстваў пад гарантыі Менска. Гэта можа некалькі змякчыць будучыя перамовы Лукашэнкі і Пуціна, якія адбудуцца заўтра, 19 чэрвеня, піша ng.ru.

На сустрэчы, на думку экспэртаў, будуць абмяркоўвацца балючыя для бакоў тэмы: двухбаковыя стасункі, узаемадзеянне ў ЕАЭС і вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва.

Сустрэча адбудзецца напярэдадні пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) «саюзнай дзяржавы», якое пройдзе ў аўторак у Менску. Напярэдадні экспэрты прагназавалі, што яна будзе даволі жорсткай, бо ў дачыненні хаўруснікаў назапасілася шмат праблем, і Лукашэнка неаднаразова рэзка выказваўся аб дзеяннях Расеі.

У першую чаргу гэта, вядома, «малочны канфлікт», бо за ім стаяць рэальныя фінансавыя страты - амаль 600 млн даляраў за год. Больш за тое, Лукашэнка папракнуў Расею ў тым, што ў ЕАЭС не працуюць механізмы, закліканыя здымаць гандлёвыя бар'еры, што хаўрусніца ўзводзіць паўнавартасную мяжу паміж дзвюма краінамі, руйнуючы шматгадовыя дасягненні. Ну і, нарэшце, пасля святкавання Дня Перамогі Аляксандр Лукашэнка казаў пра тое, што «камусьці карціць, што дзіўна - у Расеі прыватызаваць гэту Перамогу». Усе гэтыя абставіны і заявы далі экспэртам падставы прагназаваць, што перамовы будуць жорсткімі.

У сувязі з гэтым зняцце абмежаванняў на пастаўкі малака хоць бы з трох беларускіх прадпрыемстваў (КВУП «Мазырскія малочныя прадукты», ААТ «Тураўскі малочны камбінат» і ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат») дазваляе выказаць здагадку, што тая «дарожная карта», якую тыднем раней распрацавалі і прынялі аграрныя міністэрствы дзвюх краін, сапраўды будзе працаваць.

Нагадаем, што пра яе змест ні пасля сустрэчы на ўзроўні віцэ-прэм'ераў, якія курыруюць аграрныя галіны ў дзвюх краінах, ні пасля пасяджэння саюзнага Саўміна, якое прайшло на мінулым тыдні, не паведамлялася.

Як вынікае з паведамлення Рассельгаснагляду, цяперашняе зняцце абмежаванняў носіць крыху ўмоўны характар. Яно прынятае «пад гарантыі беларускага боку, а таксама пры ўмове падачы цягам месяца з моманту адкрыцця паставак звестак лабараторнага маніторынгу адгружанай прадукцыі ў асноўных тыпах лекавых сродкаў, выяўленых раней у прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў», - гаворыцца ў паведамленні. Рассельгаснагляд папярэджвае, што ўся прадукцыя гэтых трох прадпрыемстваў пройдзе «ўзмоцнены лабараторны кантроль...з адборам спецыялістамі службы не менш за 10 пробаў ва ўсіх групах рызыкі».

Як паведамлялася напярэдадні, на парадку дня ВДС - вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў 2017 годзе, справаздача саюзнага Саўміна аб выкананні бюджэту «саюзнай дзяржавы», праграма супольных дзеянняў у галіне замежнай палітыкі на 2018-2019 гады, вайсковая дактрына «саюзнай дзяржавы».

Тэма вайсковага супрацоўніцтва, на думку аналітыкаў, таксама можа выявіцца балючай для абмеркавання. Нагадаем, што напярэдадні з падачы амерыканскіх СМІ абмяркоўвалася тэма размяшчэння ў Польшчы вайсковай базы ЗША.

Некаторыя экспэрты выказалі здагадку, што гэта дасць Расеі нагоду вярнуцца да абмеркавання пытання размяшчэння расейскай вайсковай базы ў Беларусі. Калі міністру замежных спраў Уладзіміру Макею ў Брусэлі задалі пытанне на гэтую тэму, ён адказаў няпэўна. «Трэба ўлічваць крокі, якія будуць здзяйсняць нашы суседзі», - заявіў ён. Пасол РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў, праўда, заявіў, што гэтае пытанне пакуль зусім не абмяркоўваецца.

Таксама на ўзроўні чутак цыркулявала інфармацыя аб тым, што ў рамках пасяджэння ВДС Уладзімір Пуцін прадставіць Лукашэнку новага амбасадара Расеі ў Менску. Цяперашні кіраўнік дыпламатычнай місіі Аляксандр Сурыкаў знаходзіцца на сваёй пасадзе ўжо 12 гадоў. Калі падчас ягонай нядаўняй прэс-канферэнцыі журналісты папрасілі яго пракаментаваць гэтыя чуткі, то ён іх не пацвердзіў, але і не зняпраўдзіў.

Фігура будучага пасла таксама можа апынуцца праблемнай тэмай. На гэтую пасаду прадказвалі былога міністра сельскай гаспадаркі Аляксандра Ткачова, які займаў вельмі жорсткую пазіцыю з нагоды беларускага малака і без хітрыкаў рэкамендаваў тутэйшым вытворцам шукаць іншыя рынкі.

Лукашэнка, у сваю чаргу, паспрабаваў змякчыць сітуацыю напярэдадні перамоваў, якія не абяцаюць быць простымі. Ён прыехаў у Маскву на адкрыццё чэмпіянату свету (ЧМ) у футболе. Напярэдадні мусіраваліся чуткі, што Лукашэнка, спасылаючыся на недамаганне пасля паездкі ў Кітай, на саміт ШАС, адмовіцца ад паездкі на ЧС. Аднак яны не пацвердзіліся. Лукашэнка прыехаў, прычым не адзін, а ў кампаніі сваіх сыноў і ўнука. Фактар падрыхтоўкі да ВДС адыграў у гэтым немалую ролю, мяркуюць мясцовыя назіральнікі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках