25 красавiка 2024, Чацвер, 18:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

11 простых практыкаванняў для мозгу, якія дапамогуць захаваць добрую памяць на доўгія гады

4
11 простых практыкаванняў для мозгу, якія дапамогуць захаваць добрую памяць на доўгія гады

Як трымаць розум у тонусе.

Нейробіка - гэта комплекс практыкаванняў, якія дапамагаюць мозгу развівацца. Іх распрацаваў амерыканскі прафесар нейрабіялогіі Лоўрэнс Кац на аснове вынікаў даследаванняў, праведзеных у канцы ХХ стагоддзя, піша сайт healthinfo.ua. Яны давялі: хоць розум сапраўды слабее да старасці, ёсць спосабы трымаць яго ў тонусе нават у шаноўным узросце.

Справа ў тым, што пры вырашэнні аднатыпных, руцінных задач у мозгу высільваюцца атожылкі нервовых клетак - дзяндрытаў. І наадварот, новыя дзяндрыты сінтэзуюцца падчас пошуку нестандартных развязанняў. Практыкаванні нейробікі заснаваныя менавіта на гэтым механізме.

Экспэрты сабралі самыя цікавыя практыкаванні нейробікі:

1. Вывучайце новыя пахі

Раніцай, адразу пасля абуджэння, удыхайце новыя пахі, да прыкладу, водары эфірных алеяў. Гэта абуджае мозг. Нейрабіёлагі сцвярджаюць: наш нюх з'яўляецца адзіным правадніком, наўпрост звязаным з эмацыйным цэнтрам мозгу.

2. Чытайце часопісы не па інтарэсах

Набывайце новыя часопісы (або чытайце артыкулы ў інтэрнэце), якія наогул не належаць да кола вашых інтарэсаў. Пра рыбалку, калі вы захапляецеся модай, пра бізнэс, калі вы рыбак. Не трэба глыбока вывучаць пытанне - дастаткова проста мяняць тэму таго, што чытаеш.

3. Падключайце ногі

На нашых ступнях размешчаная велізарная колькасць нервовых канчаткаў, якія наўпрост узаемадзейнічаюць з мозгам і з усімі астатнімі часткамі цела. Паспрабуйце выконваць некаторыя дзеянні нагамі. Упала дэкаратыўная падушка з канапы? Падчэпіце яе пальцамі ног і закіньце назад. Трэба выбраць новы абутак? Падыдзіце да пытання свядома і максімальна сканцэнтруйцеся на адчуваннях сваіх ног.

4. Чытайце адзін аднаму ўслых

Чытайце адзін аднаму ўслых, чаргуючы ролі слухача і чытача. Падчас чытання ўслых і слухання мозг задзейнічае новыя нейронавыя ланцугі, якія не працуюць, калі мы чытаем пра сябе. Так мозг больш актыўна падключаецца да працэсу.

А псіхолагі кажуць, што чытанне ўслых яшчэ і ўмацоўвае стасункі ў пары.

5. Думайце новымі словамі

Адказвайце на пытанні, не выкарыстоўваючы стандартныя клішэ і штампы. Ці хаця б думайце новымі словамі, новымі фразамі. Фармулюйце адну і тую ж думку ў сваёй галаве па-рознаму, у розных ключах.

6. Змяняйце звыклы тэмп

Мяняйце тэмп звыклых дзеянняў. Паспрабуйце, напрыклад, у новым тэмпе мыць посуд ці прычэсвацца. Калі вы прывыклі ўсё рабіць хутка, свядома запавольце сябе, а калі вы па жыцці марудлівы чалавек, прымусьце сябе здзяйсняць звыклыя дзеянні хутчэй.

7. Карыстайцеся другой рукой

Звыклыя бытавыя дзеянні перыядычна выконвайце нерабочай рукой: левай, калі вы праўшун, і правай, калі вы ляўшун. Паспрабуйце, да прыкладу, другой рукой чысціць зубы, набіраць тэкст на смартфоне, мыць посуд ці наносіць крэм.

8. Шукайце ўзаемасувязі

У якасці гульні-размінкі для мозгу пашукайце ўзаемасувязь паміж цалкам не звязанымі паміж сабой прадметамі. Паспрабуйце спыніцца на дзвюх любых рэчах вакол вас і знайсці паміж імі як мага больш агульнага. Да прыкладу, што агульнага ёсць у кампутарнай мышы і крэсла?

9. Рухайцеся па дому ўсляпую

Перыядычна рухайцеся па дому ўсляпую, спрабуючы арыентавацца з заплюшчанымі вачыма. Асабліва ўпэўненыя ў сваіх сілах могуць паспрабаваць усляпую прыняць душ. Калі зрок заблакаваны, усе астатнія органы пачуццяў рэзка актывізуюцца.

10. Займайце мозг падчас чакання

У чарзе або, да прыкладу, у час адной доўгай паездкі на аўтобусе таксама можна гуляць з мозгам: уважліва абмацваць манетку, вывучаючы яе рэльеф, або гуляць з сабой у словы паводле якога-небудзь прынцыпу (успамінаць словы на літару «к», гарады, імёны і гэтак далей).

11. Па-новаму гатуйце звыклыя стравы

Звыклыя стравы гатуйце па-новаму, эксперыментуючы з густам, парадкам падачы на стол або тэмпературай. Можна дадаць новы соус, прыгатаваць пасту аль дэнтэ, а не разваранную. А можна эксперыментаваць са спосабам гатавання: да прыкладу, мяняць парадак дзеянняў.

Бонус: галоўныя прынцыпы, паводле якіх працуе нейробіка

Практыкаванні нейробікі задзейнічаюць усе 5 органаў пачуццяў чалавека, прычым як мінімум адзін з іх абавязкова павінен працаваць у новым для сябе кантэксце. Пры гэтым выпрацоўваецца нейратрапін - рэчыва, якое спрыяе ўтварэнню новых нервовых клетак і сувязяў паміж імі.

Нейробіка мяркуе ўцягванне ў працу розных тыпаў увагі: адвольнага, міжвольнага і пасляадвольнага. Самы карысны метад - чаргаванне моцнай канцэнтрацыі ўвагі з лёгкімі тыпамі дзеянні.

Пры выкананні практыкаванняў для трэніроўкі мозгу важна далучаць эмацыйны фон: рабіць нешта, што выклікае новыя эмоцыі. Паспрабуйце, напрыклад, панюхаць тэлефон ці штодзённік - гэта дакладна вас здзівіць.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках