20 красавiка 2024, Субота, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянераў у Беларусі «скароцяць» напалову

69
Пенсіянераў у Беларусі «скароцяць» напалову
КРЫНІЦА: CARICATURA.RU

Для ўладаў можа скласціся патавая сітуацыя.

Расейскі ўрад прапанаваў павысіць пенсійны ўзрост з 55 да 63 для жанчынаў і з 60 да 65 для мужчынаў. Адпаведны законапраект накіраваны ў Дзяржаўную думу РФ.

Петыцыю з патрабаваннем скасаваць законапраект у лічаныя дні падпісалі больш за мільён расейцаў. «У выпадку захавання дэмаграфічных тэндэнцый у Расеі, да 65 гадоў не дажыве 40% мужчынаў і 20% жанчынаў», – гаворыцца ў тэксце петыцыі. У некаторых расейскіх гарадах ужо прайшлі першыя акцыі пратэсту.

Магчымасць пазапланавага павышэння пенсійнага ўзросту цяпер абмяркоўваюць і ўлады Беларусі. Пры гэтым у краіне, пачынаючы з 2017 года, праходзіць «пенсійная рэформа»: да 2022 года жанчыны пачнуць выходзіць на пенсію ў 58 гадоў, а мужчыны – у 63 гады. Пры гэтым пасля 2022 года пенсійны ўзрост жанчынаў і мужчынаў могуць зраўнаваць.

Навошта спатрэбілася павышаць пенсійны ўзрост менавіта цяпер? Чаму гэта робіцца практычна сінхронна ў дзвюх краінах? На пытанні Charter97.org адказваюць доктар эканамічных навук Барыс Жаліба і прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Гомелі Алесь Яўсеенка.

«Крэпасць у аблозе» на плячах пенсіянераў

«Беларуская і расейская эканоміка – наглядны дапаможнік пра адны і тыя хваробы», – мяркуе Барыс Жаліба:

– Абедзве эканомікі неэфектыўныя. І калі Расея прынамсі валодае велізарнымі прыроднымі рэсурсамі, то Беларусь выкарыстоўвае мадэль, якая не змянялася ўжо напэўна гадоў 25. У пенсійных фондах абедзвюх краінаў рэзка не стае сродкаў. Дэфіцыт у ФСАН і ў нас, і ў Расеі пакрываецца з дзяржаўнага бюджэту. Самы просты шлях – скараціць колькасць пенсіянераў. І гэтым самым простым шляхам урады і пайшлі.

А правільным выйсцем было б павышэнне эфектыўнасці эканомік у сваіх краінах. Але тут, як той казаў, пытанне прыярытэтаў. Пуціну неяк задалі пытанне: колькі яшчэ можна аддаваць грошы на самалёты і танкі замест таго, каб укладваць іх у жыццё і здароўе грамадзянаў? Але калі дзяржава хоча весці адначасова дзве вайны, то адказ відавочны. У нас жа прыярытэтам з'яўляецца ўтрыманне сілавых структураў і раздзьмутага дзяржапарату. На пенсіянераў не застаецца ні часу, ні грошай.

«У так званай “саюзнай дзяржаве” працэс павышэння пенсійнага ўзросту незваротны», – мяркуе Алесь Яўсеенка:

– І праходзіць ён будзе сінхронна – на тое ў іх ёсць «саюзная дзяржава». Лукашэнка і Пуцін жывуць у рэальнасці, дзе ім «пагражае» ўвесь свет. Таму на плячах пенсіянераў будуецца «крэпасць у аблозе». Трэба ўтрымліваць сілавую банду: войска, сілавікоў, паліцыі або міліцыі, якія забяспечваюць стабільнасць улады. Пенсійны ўзрост павышаюць у тым ліку таму, каб гэтыя структуры не пачалі паказваць сваю «сілу» супраць абодвух аўтарытарных рэжымаў. Бо іншага спосабу знайсці грошы ў казне няма.

Пенсіянераў «скароцяць» у два разы

«Гэта даволі цынічны шлях – эканоміць за кошт значнага скарачэння колькасці тых, хто дажыве да пенсіі», – перакананы Барыс Жаліба:

– Беларускія і расейскія ўлады «ківаюць» на развітыя краіны, дзе пенсійны ўзрост сапраўды вышэйшы і дасягае 65 гадоў, прычым аднолькавы для мужчынаў і жанчынаў. Але пры гэтым забываюцца адну важную дэталь: якасць і даўжыню жыцця. У Японіі, напрыклад, сярэдняя даўжыня жыцця – 80 гадоў. Японец у стане дажыць да пенсіі ў «добрым здароўі» і потым выдаткаваць яшчэ блізу 15 гадоў на вандроўкі і іншыя радасці жыцця. А сярэдні ўзрост жыцця мужчынаў у Беларусі і Расеі – 64–65 гадоў. Атрымліваецца, што многія проста не дажывуць да пенсіі.

У Расеі да пенсійнага ўзросту не дажывуць блізу 40% мужчынаў. Думаю, што прыблізна такая лічба справядлівая і для Беларусі. Тут усё вельмі блізка. Праблема практычна аднолькавая. Гэта даволі цынічны шлях – эканоміць на тым, што палова мужчынаў не дажыве да пенсійнага ўзросту. Калі ўлічваць адмоўную статыстыку і ў жанчынах, то можна казаць, што і ў цэлым колькасць пенсіянераў у Расеі і Беларусі значна скароціцца.

«Колькасць пенсіянераў, якім будзе неабходна плаціць з ФСАН, пасля заканчэння “рэформы” можа скараціцца прыкладна напалову», – мяркуе Алесь Яўсеенка:

Думаю, што ўлады дамагаюцца нейкага такога паказніка. Давайце возьмем простую статыстыку «ад жыцця». Пенсійны ўзрост для мужчынаў падвысяць да 63 гадоў. У мяне былі 2 старэйшыя браты: адзін з іх памёр у 61 год, другі – у 63. Нават калі ўлічыць, што жанчыны ў Беларусі жывуць даўжэй і складаюць прыкладна палову насельніцтва, колькасць пенсіянераў у выніку можа паменшыцца ў два разы. А можа – і яшчэ мацней. Імунітэт людзей саслаблены не толькі экалогіяй, але і складанай эканамічнай і сацыяльнай сітуацыяй. А паляпшэнняў у гэтай сферы пры цяперашнім рэжыме чакаць не даводзіцца. Многія не дажывуць да новага пенсійнага ўзросту.

Хлеб, малако і кілька ў тамаце

«Пасля развалу СССР і сацлагеру стартавыя ўмовы для Беларусі і Польшчы былі прыкладна роўнымі, але атрымалася тое, што атрымалася», – канстатуе Барыс Жаліба:

Цяпер эканоміка Польшчы развіваецца нашмат больш эфектыўна, і суседняя дзяржава можа сабе дазволіць выплачваць сваім грамадзянам пенсіі, у некалькі разоў большыя, чым у Беларусі. Ды і сярэдні заробак там – блізу 1300 даляраў. Нам з нашым эквівалентам 150 даляраў застаецца толькі зайздросціць. Гэта чарговы раз пацвярджае недасканаласць «беларускай мадэлі» эканомікі і цынічнасць прыярытэтаў у размеркаванні бюджэтных сродкаў.

Атрымліваецца, што ў адных краінах знаходзяць сродкі на годнае жыццё пенсіянераў, а ў нас і ў Расеі – не знаходзяць, ды і не хочуць знаходзіць. Сацыяльны кантракт паміж дзяржавай і пенсіянерамі незваротна парушаны. Заява пра тое, што дзяржава ўсё больш павінна людзям, якія «адпрацавалі» на яе ўсё жыццё, становіцца ўсё больш справядлівым. На жаль, Беларусь і тут не пайшла за цывілізаваным светам.

«У Беларусі атрымалася рэалізаваць антыўтопію Оруэла», – перакананы Алесь Яўсеенка.

– Добра памятаю 90-я гады, я тады кіраваў філіялам партыі БНФ у Гомелі. Тады на нашы рынкі прыязджалі палякі і літаральна мянялі сваю біжутэрыю і ўпрыгажэнні на нашу кільку ў тамаце. То-бок, у людзей тады фактычна не было нічога есці. А цяпер польскі пенсіянер атрымлівае ў чатыры разы больш за беларускага. Польская дзяржава і народ здзейснілі рывок наперад дзякуючы салідарнасці: не толькі прафзвязу і руху «Салідарнасць», але і пачуццю нацыянальнага адзінства. Мы ж такую нацыянальную салідарнасць у адказны момант не выявілі, таму праз 24 гады самі апынуліся ў становішчы людзей, якія шукаюць, што б абмяняць на кільку ў тамаце.

Беларускі пенсіянер цяпер вымушаны харчавацца самым танным наборам: хлеб, малако і кілька ў тамаце. Толькі якасць гэтай кількі стала нашмат горшая. Больш за тое, людзі перасталі саромецца шукаць ежу ў смеццевых баках. Не дэкласаваныя, а тыя самыя пенсіянеры і нават працоўныя. Гэта паказнік: мадэль Лукашэнкі «прыплыла» і пайшла на дно. Праект «сацыяльнай дзяржавы» праваліўся.

Затое ў поўнай меры атрымалася рэалізаваць іншы праект – антыўтопію Оруэла. Міністэрства Міру ў нас займаецца вайной. Міністэрства праўды займаецца хлуснёй. Калі нехта кажа пра «сацыяльную дзяржаву», значыць гэтага няма і значная частка грамадства кінутая на волю лёсу.

Колькасць пераходзіць у якасць

«Для ўладаў можа скласціся патавая сітуацыя, і сацыяльныя пратэсты могуць паўтарыцца з яшчэ большай сілай, чым у 2017 годзе», – рэзюмуе Алесь Яўсеенка:

– Разумееце, масавыя пратэсты, яшчэ больш моцныя, чым «маршы недармаедаў» у 2017-м, могуць адбыцца, калі будуць закранутыя інтарэсы вельмі шырокіх слаёў насельніцтва. Тут спрацоўвае закон фізікі: колькасць пераходзіць у якасць. Самі сабой пенсіянеры не могуць стаць рэвалюцыйнай сілай. Але калі незадаволенасцю будзе ахоплена больш сацыяльных групаў – тады іншая справа.

Пенсіянеры цяпер – не самы гаротны пласт насельніцтва. Цяжэй за ўсё ў Беларусі жывецца маладым. І сацыяльны парадокс Беларусі складаецца ў тым, што ў нас моладзь часта апынаецца залежнай ад матэрыяльнай дапамогі з боку сваякоў пенсіянераў – праз мізэрныя заробкі і высокі ўзровень прыхаванага беспрацоўя. Праз павышэнне пенсійнага ўзросту скароціцца і колькасць працоўных месцаў для моладзі, і колькасць пенсіянераў, якія могуць дапамагаць сваім унукам. Тады сацыяльная база пратэстаў сур'ёзна пашырыцца і сітуацыя для ўладаў можа быць патавай.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках