25 красавiка 2024, Чацвер, 11:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post: Як Расея перастала быць часткай Еўропы

The Washington Post: Як Расея перастала быць часткай Еўропы
Фота: Getty Images

Тры фазы гэтага працэсу.

"Як чакаецца, Еўразвяз неўзабаве абвесціць, ці будзе ён пашыраць свае эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расеі", – сцвярджае ў The Washington Post (пераклад – inopressa.ru) Эндру Фоксал, дырэктар Цэнтра даследаванняў Расеі і Еўразіі пры лонданскім аналітычным цэнтры Henry Jackson Society.

Спасылаючыся на адзін з сваіх ранейшых артыкулаў, аўтар піша, што стасункі Расеі з ЕЗ не заўсёды былі дрэннымі: "На мяжы трэцяга тысячагоддзя Расея ўважала сябе часткай Еўропы. Яна імкнулася да больш цеснай інтэграцыі з ЕЗ. Але за апошнія 18 гадоў Крэмль паступова павярнуўся спінай да Захаду і цяпер уважае ЕЗ агрэсарам у ходзе новай халоднай вайны".

Фоксал вылучае тры фазы гэтага працэсу.

1. 2000–2005 гады.

Прэзідэнт Ельцын і значная частка расейскай палітычнай эліты хацелі інтэграцыі Расеі з ЕЗ, а прэзідэнт Пуцін першапачаткова імкнуўся ажыццявіць гэтую канцэпцыю.

«У той час Крэмль уважаў ЗША і NATO асноўнымі пагрозамі для нацыянальных інтарэсаў Расеі і галоўнымі перашкодамі для дасягнення яе доўгатэрміновай вонкавапалітычнай мэты – адраджэння ў якасці "вялікай дзяржавы". ЕЗ, наадварот, быў прымальнай асобай Захаду», – гаворыцца ў артыкуле.

Аднак пасля пашырэння ЕЗ у 2004 годзе Расея "пачала абыходзіцца з ЕЗ як з экспансіянісцкай дзяржавай, якая робіць замах на яе суверэнітэт і вонкавапалітычныя мэты", піша Фоксал.

2. 2006–2011 гады.

"У сярэдзіне другога прэзідэнцкага тэрміну Пуціна Крэмль пачаў уключаць ЕЗ у адну групу з ЗША і NATO: усе яны, на погляд Расеі, імкнуліся падарваць расейскі суверэнітэт, дыктуючы палітыку, нормы і каштоўнасці, якія ідуць насуперак расейскім", – гаворыцца ў артыкуле.

"Гэты пераход ад Еўропы да Еўразіі неўзабаве стаў адчувальным", – піша аўтар, згадваючы, што ЕЗ прыпыніў перамовы пра новыя "Пагадненні аб партнёрстве і супрацоўніцтве" з РФ, а потым запусціў праграму "Усходняе партнёрства". Расея, Беларусь і Казахстан стварылі Мытны звяз Еўразійскага эканамічнага звязу, які, паводле словаў Фоксала, "задумваўся як процівага ЕЗ".

3. 2012–2018 гады.

Крэмль расцаніў пратэсты праз фальсіфікацыі на парламенцкіх выбарах 2011 года як элемент заходняй змовы ў мэтах змены расейскага рэжыму. "У адказ Пуцін ужыў захады для ўціску заходняга ўплыву ўнутры краіны і прасоўвання Расеі ў якасці абаронцы кансерватыўных каштоўнасцяў. Крэмль пачаў крытыкаваць ЕЗ за прасоўванне заходніх каштоўнасцяў (асабліва за падтрымку ЛГБТ-супольнасці) як універсальных стандартаў і іх навязванне Расеі", – гаворыцца ў артыкуле.

«Пуцін меркаваў, што ЕЗ дапамог падтрымаць "рэвалюцыю годнасці" ва Украіне», – піша аўтар. "Пасля расейскай анэксіі Крыма і дэстабілізацыі Усходняй Украіны Пуцін перайшоў да яшчэ больш ваяўнічай рыторыкі на адрас ЕЗ. Крэмль запэўніваў, што дзеля абароны суверэнітэту Расеі быў вымушаны паквапіцца на суверэнітэт суседніх краінаў", – гаворыцца ў артыкуле.

На думку аўтара, у найноўшай версіі "Канцэпцыі вонкавай палітыкі РФ" (ад 2016 года) ЕЗ адціснуты на збочыну, наўзамен зроблены акцэнт на "працэсах еўразійскай інтэграцыі". Маецца на ўвазе Еўразійскі эканамічны звяз, пра стварэнне якога было абвешчана ў 2015 годзе, тлумачыць Фоксал.

З 2016 года стасункі Расеі з ЕЗ яшчэ больш пагоршыліся. "Але гэта пагаршэнне адбывалася апошнія 18 гадоў: Расея перайшла ад ацэнкі супрацоўніцтва з ЕЗ як пажаданага да меркавання, што канфрантацыя з ЕЗ неўнікнёная", – заключае аўтар.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках