28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кшыштаф Занусі пра Курапаты: Лёс пабудаванай на хлусні сістэмы відавочны

1
Кшыштаф Занусі пра Курапаты: Лёс пабудаванай на хлусні сістэмы відавочны
КШЫШТАФ ЗАНУСІ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Знакаміты польскі рэжысёр падтрымаў абаронцаў урочышча.

Польскі рэжысёр, сцэнарыст, філосаф і пісьменнік Кшыштаф Занусі выказаўся «Радыё Свабода» з нагоды рэстарацыі каля месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.

- Спадар Занусі, як вы ацэньваеце існаванне такой рэстарацыі побач з месцам расстрэлаў дзясяткаў тысяч людзей? Трэба супраць такога пратэставаць?

- Гэта вельмі прынцыповае пытанне. Развіццё чалавецтва пачалося з таго моманту, калі людзі пачалі хаваць памерлых. Жывёлы мёртвых не хаваюць.

Прымітыўны чалавек пачаў быць чалавекам пасля таго, як пачаў адчуваць сувязь з тым, што прайшло. стаўленне да гэтага месца - гэта паказчык культуры краіны і народа. Мне вельмі сумна, што ў цэнтры Еўропы разуменне гэтага важнага пытання такое слабае.

Я веру, што просты чалавек у Беларусі разумее, што нельга таптацца па могілках і будаваць там рэстарацыю. Гэта благі ўчынак. Мне вельмі прыкра, што знайшліся людзі, якія ў такім месцы хочуць зарабляць грошы. Гэта довад нізкага ўзроўню культуры і вельмі дрэнна паказвае Беларусь у свеце. Думаю, што ўлады Беларусі задумаюцца, ці было добрай ідэяй даць згоду на такую ўстанову.

- Вы ўяўляеце, што нешта такое адбылося б у Польшчы? Якая была б рэакцыя грамадства?

- У Польшчы такое ўявіць немагчыма. Палякі вельмі прывязаныя да месцаў памяці. Варварства здараецца паўсюль, але важная рэакцыя на яго. Я веру, што годная рэакцыя будзе і ў Беларусі.

- Чыноўнікі і работнікі рэстарацыі кажуць, што так, тут побач Курапаты, але шмат дзе пахаваныя людзі, а жыццё ўсё ж прадаўжаецца і, маўляў, давайце думаць пра жывых.

- Жывыя людзі, якія вяртаюцца ў часы варварства, гэта дрэнная ідэя. Думаючы пра жывых, яны дэградуюць і цягнуць за сабой беларускае грамадства. Гэта вельмі прыкра, бо і для жывых людзей у Беларусі дастаткова месцаў для рэстарацый. Я не раз быў у Курапатах. Да іх і так ужо прылепленая аўтастрада. Гэта проста адсутнасць далікацтва ў важных пытаннях.

Вы кажаце, што былі ў Курапатах. Што вы адчувалі ў гэтым месцы. З аднаго боку - гэта месца велізарнай трагедыі, а з іншага - проста не патрэбны дзяржаве галаўны боль, ад якога яна не можа пазбавіцца гадамі.

- Я адчуваў там вялікае гора, як і ў многіх іншых забытых месцах чалавечага цярпення. Усё гэта адбылося так нядаўна. І гэтая кароткая памяць - гэта дрэнны знак для жыхароў Менска. Хачу верыць, што многія ўсё ж маюць пачуццё, што спакой гэтага месца парушаны. Гэта варварства - дрэнны знак на будучыню. Шкада, што многія гэтага не разумеюць. Непавага да памерлых адгукнецца ў будучыні. Дзеці і ўнукі потым будуць гэтага саромецца.

- У Беларусі кажуць, што мёртвым не баліць. Але і жывым не вельмі баліць, бо абараняць Курапаты прыходзіць жменька людзей.

- Мёртвым можа не балець. Але чалавецтва пачалося ад культуры. А мы назіраем у Курапатах ад культуры. І на гэта балюча глядзець. Беларусь пагадзілася на варварства. Пра такія рэчы нават дыскусіі быць не павінна, бо гэта відавочныя рэчы.

- Вы ў адным інтэрв'ю сказалі, што «на хлусні можна пабудаваць толькі прапаганду, якая неўзабаве пройдзе, бо сапраўдныя толькі праўда, прыгажосць і дабро». Чаму з Курапатамі тады ваююць 80 гадоў і гэта ніяк не скончыцца?

- Праўда - адна: сістэма, пабудаваная на хлусні, можа жыць, але яе лёс відавочны. Адна такая сістэма ўжо рассыпалася 30 гадоў таму. І гэта пацвярджае, што на хлусні доўга нічога не існуе. Гэта паўторыцца таксама ў выпадку з Курапатамі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках