29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: У Беларусі пабудавалі аграрны феадалізм

46
Леанід Заіка: У Беларусі пабудавалі аграрны феадалізм

Чыноўнікі лічаць, што беларусам дастаткова заробку і ў $150.

У чэрвені ў агульнарэспубліканскім банку вакансій была размешчаная рэкордная колькасць прапановаў – 74,6 тысячы. Даследаванне банка вакансій паказала, што большасць наймальнікаў прапануюць смешныя заробкі – у сярэднім не большыя за $150.

Пракаментаваць сітуацыю сайт Charter97.org папрасіў эканаміста, кіраўніка аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леаніда Заіку:

– Беларусь – краіна бедных. Яе галоўная «візітная картка», калі паглядзець на ўсе праблемы – гэта такая вельмі фундаментальная беднасць, дзе 300–400 еўраў называюцца добрым заробкам. Асабліва гэта тычыцца маленькіх гарадоў і гарадскіх пасёлкаў. Напрыклад, я літаральна два дні таму быў на радзіме Дзяржынскага ў Стоўбцах. Дык там увогуле няма працы пасля ад'езду Фелікса Эдмундавіча. Людзі вымушаныя працаваць за 100–150 даляраў. Можна сказаць, што 300 рублёў ($150) называецца «высокім» заробкам.

З пункту гледжання паводніцкай псіхалогіі, беларускія чыноўнікі мяркуюць, што калі ёсць вакансіі за 150 даляраў, то ўсе павінны на гэтую працу кідацца і быць «задаволенымі». Падкрэслю, самая цяжкая эканамічная сітуацыя менавіта ў гарадскіх пасёлках і маленькіх гарадах.

Існуе яшчэ практыка: людзі выязджаюць з маленькіх гарадоў працаваць у Менск ці Расею. Хтосьці будаўніком, хтосьці рамонтнікам. Выязджаюць працаваць вахтавым метадам цэлымі сем'ямі. Скажам, бацька, а таксама ягоны сын з сям'ёй. У дачыненні да такіх паказнікаў, як якасць працоўнага месца і заробку, у Беларусі, скажу адназначна, становіцца горш, чым у Расеі і Кітаі.

– Беларусы сапраўды вымушаныя працаваць за смешныя грошы. Але ў той самы час людзі не могуць звольніцца праз кантрактную сістэму, якую Міжнародная арганізацыя працы назвала новай формай рабства.

– Кантрактная сістэма не з'яўляецца нечым негатыўным або пазітыўным. Гэта проста юрыдычная дамова, але ў Беларусі яна выкарыстоўваецца як дамоклаў меч. У прынцыпе крок налева, крок направа – і з табой могуць скасаваць кантракт.

Яшчэ хачу вылучыць адзін момант, не думаю, што людзі хацелі б звольніцца і некуды з'ехаць, таму што ў Беларусі, на жаль, нізкая мабільнасць працы.

Людзі зусім няправільна расстаўляюць прыярытэты. Калі ва ўсім свеце на першым месцы стаіць праца, а на другім жыллё, то ў Беларусі людзі хутчэй па-рабску прывязаныя да сваіх дамоў і кватэраў. Гэта значыць, унутры краіны існуе вельмі нізкая мабільнасць. Гэтую памылку паўтарае новае пакаленне беларусаў.

Выпускнікі ВНУ імкнуцца залезці ў пазыкі і набыць кватэры. У адрозненне ад немцаў і амерыканцаў. Тыя да таго часу, пакуль да 35–45 гадоў не стануць на ногі, не будуць набываць нерухомасць. Бо гэта вялікае ўкладанне і што вельмі важна – прывязка. Набыўшы кватэру, выклаўшы за яе вялікія грошы, узяўшы крэдыт – людзі апынаюцца закладнікамі цалкам унікальнай беларускай банкаўскай мадэлі. Яна робіць усіх, хто бярэ крэдыты, – рабамі банкаўскай сістэмы.

Падкрэслю, пытанне сацыяльнай мабільнасці беларусаў вельмі важнае. Не проста па вертыкалі – з працоўнага стаць інжынерам або дырэктарам, а пераехаць з невялікага горада ў больш буйны. Не быць прывязаным. Павышэнне эканамічнай і сацыяльнай мабільнасці прывядзе якраз да пазітыўных працэсаў. Гэтага, дарэчы, улады баяцца.

Адзначу, моладзь з'язджае на вучобу і працу ў Польшчу, Нямеччыну, ЗША. Яна больш мабільная, але пакідае краіну, на жаль, з думкай пра тое, што вяртацца не будзе.

– Ці рэальна выжыць на заробак 300 рублёў, які прапануе ўсё той жа рэспубліканскі банк вакансій?

– Калі правесці эксперымент, то на 300 рублёў я выжыву. Гэта азначае, што не будзе аўто, каву можна будзе выпіць максімальна раз на тыдзень, прадукты харчавання – костачкі, супавыя наборы, самае таннае мяса можна будзе сабе дазволіць максімум раз на тыдзень. Застанецца толькі глядзець тэлевізар і піць чарніла. Цалкам можна выжыць, калі больш нічога не трэба.

Дарэчы, я паглядзеў кошты на квіткі на матч Чэмпіянат свету ў футболе ў Калінінградзе. Добрае месцы на стадыёне каштуе 300 даляраў. Гэта значыць, тры месяцы рачкавання працоўнага ў пасёлку. Самы танны квіток – 120–130 даляраў – гэта пенсія прафесара філасофіі. Увогуле, можна пражыць, але трэба тады толькі глядзець тэлевізар.

Тое, што мае калегі-прафесары атрымліваюць заробак 250 даляраў азначае, што ў краіне ўсталяваная «жэстачайшэ» несправядлівая сістэма працы і «жэстачайшэ» несправядлівая сістэма ацэнкі ўнёску людзей у агульны дабрабыт. Разумееце, у Беларусі пабудавалі аграрны феадалізм. Тут інтэлект не патрэбны. Як правіла, спецыялісты з'язджаюць. Магу дакладна сказаць, што з разумнай моладзі ў Беларусі застаюцца адзінкі.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках