19 красавiка 2024, Пятніца, 20:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старыя граблі

1
Старыя граблі
Сяргей Законнікаў

Дык у які бок рухаюцца Расія і Беларусь?

Падзеі, якія адбываюцца сёння ў растурзаным свеце, змушаюць нават мяне, звычайнага чалавека, аглядацца на мінулае, звярацца з ім. Здзіўляе, што аналітыкай не хочуць займацца тыя, хто вершыць палітыку. Не ведаю—несвядома або свядома, ды яны наступаюць на «старыя граблі».

Мілітарысцкая істэрыя, што апанавала не толькі кіраўнікоў Расіі, але і яе грамадства, стала змрочным фактам. Ваенізаваная ўзбуджанасць расіян уплывае на настрой у Беларусі, якая звязана з саюзніцай тысячамі ніцяў, прычым многія з іх засакрэчаныя, бо выпадаюць з прававога поля.

На нашай тэрыторыі знаходзяцца расійскія вайскоўцы, арганізацыйную і людскую базу мае агрэсіўны «русский мир», што выявілася на святкаванні Дня Перамогі. Толькі сляпы і глухі чалавек можа не заўважаць нарастання «братання» сілавікоў дзвюх краін у імя «разгрому агульных унутраных і знешніх ворагаў», не прадбачыць, чым можа скончыцца псеўдапатрыятычны ажыятаж. Расія ўжо вядзе як прапагандысцкую і дыпламатычную вайну, так і баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, у Сірыі. Паралельна яна вырабляе новыя віды ўзбраення, нарошчвае ваенную сілу.

ХХ стагоддзе паказала, чым скончыліся здрада справе міру, дапамога тырану Сталіну ўмацоўвацца ва ўладзе, праводзіць рэпрэсіі супраць уласнага народа і капітуляцыя прад псіхічна неўраўнаважаным нямецкім фюрэрам Гітлерам, у якіх удзельнічалі палітыкі і бізнесоўцы Еўропы.

«Правадыр пралетарыяту» У. Ленін называў еўрапейскіх капіталістаў «глуханямымі». Мала хто ведае пра апошнія запісы ў чарнавіку сенсацыйнага «Письма к съезду» (паміж 23 снежня 1922 г. і 4 студзеня 1923 г.): «В погоне за прибылью капиталисты всего мира захотят завоевать советский рынок, ослепленные жаждой наживы, они будут готовы закрыть глаза на нашу действительность, превратиться в глухонемых. Таким путем мы получим от них продукты и деньги, чтобы создать армию, их капиталы доведут ее до совершенства для будущей победоносной атаки против наших же кредиторов. Заставим глухонемых трудиться для их собственного уничтожения, но для этого надо сначала окончательно превратить их в глухонемых».

Ленін прыкінуў план здзяйснення задумы: новая эканамічная палітыка, фіктыўнае адлучэнне ўраду ад партыі, аднаўленне стасункаў з усімі краінамі. Словам, «сделать все, чтобы глухонемые поверили».

Сучасным заходнім палітыкам, якія яшчэ не прадаліся «залатому цяльцу» з вантробамі, маюць сумленне, гонар і годнасць, было б карысна азнаёміцца з мроямі «кремлевского мечтателя». Тады яны маглі б крытычна асэнсаваць уласныя стасункі з аўтарытарнымі рэжымамі.

Перачытваючы ленінскі тэкст, я ўспомніў мемуары самага непрымірымага да бальшавіцкай улады расійскага эмігранцкага паэта і празаіка Георгія Іванава, дзе расказана пра канцэрт для глуханямых у Пецярбургу: «И вдруг… в зале послышалось какое-то сопение, шорох, гул. Глухонемые слушатели начали подпевать.

Сначала робко, тихо, потом все сильней. Нестройный шум, похожий на ворчанье, все возрастал, делаясь все более нестройным. Уже не ворчанье—лай, блеяние, крик, вой, хрипенье—наполняло комнату…»

Калі аналізаваць дзеянні асобных прадстаўнікоў Захаду ў дачыненні да Расіі і Беларусі, то можна ўбачыць і пачуць падобнае. У хоры «глуханямых» брэхам у абарону аўтарытарных рэжымаў вылучаюцца падкупленыя імі палітолагі і журналісты, якія жывуць у Германіі, Аўстрыі, Італіі, Ізраілі, Англіі, ЗША. Выразна чуваць сытае рохканне еўрапейскіх бізнесоўцаў, што з ласкі правіцеляў-валюнтарыстаў атабарыліся ў славянскіх краях. Высветліць, хто, каму і як дзякуе за «цеснае» эканамічнае супрацоўніцтва, — цяжка, але пампаваць грошы з дзяржаўных рэсурсаў у свае кішэні навучыліся як прадпрымальнікі, так і чыноўнікі. У фінансавым плане не пакрыўджаны і дзеячы з двух бакоў, якія займаюцца культурным абменам.

Замежнікі старанна абслугоўваюць кіруючыя кланы Расіі і Беларусі: адны забяспечваюць ім прапагандысцкую падтрымку, другія куюць грошы і дзеляць з імі прыбытак, трэція праводзяць палітычныя і спартыўныя мерапрыемствы, чацвёртыя арганізуюць для «эліты» выставы, канцэрты і балі.

А як пачувае сябе астатні народ? Расіяне і беларусы, абкладзеныя высокімі коштамі на паслугі, харч, тавары і лекі, падаткамі, штрафамі, выжываюць з апошніх сілаў…

Я нікога не хачу абразіць або прынізіць намаганні сумленных палітыкаў дапамагчы дэмакратызацыі Расіі і Беларусі. Але выніку няма, бо еўрапейцы, выхаваныя ў дэмакратычным свеце, слаба разумеюць прыроду ўсходняга аўтарытарызму, не ўлічваюць адукацыйны, культурны і маральны ўзровень людзей, якія воляй выпадку дарваліся да ўлады. Напрыклад, канцлер Аўстрыі С. Курц, увішна заняўся прагматычным апякунствам і ўлагоджваннем двух узурпатараў, уяўляе іх шчырымі людзьмі і ставіцца так, нібыта тыя маюць прынятае чалавецтвам разуменне прыстойнасці, сумленнасці і праўдзівасці.

Як можна верыць запэўніванням У. Пуціна і А. Лукашэнкі, што Расія і Беларусь, хоць марудна, але стараюцца ісці да дэмакратыі? Дзе канкрэтныя крокі? Міністр замежных спраў Беларусі У. Макей звычайна прыкрываецца мясцовым менталітэтам, незапатрабаванасцю насельніцтвам свабоднага жыцця, катэгорыяй часу, маўляў, на дэмакратызацыю трэба «даже не десятки, но сотни лет». Але гэта—фарысейства і дэмагогія. Больш прамалінейна паводзіць сябе недыпламатычны правіцель. У піку еўрапейскім апанентам ён сцвярджае, што ў Беларусі дэмакратыі болей, чым на Захадзе. А пасля жорсткасці сілавікоў 25 сакавіка г.г. выказаўся так: «Не надо смотреть, какое заявление сделает Евросоюз или Госдепартамент, это их дело—делать заявления. Но не дай бог нам породить ту обстановку, в которой сегодня живут западные государства».

Дык у які бок рухаюцца Расія і Беларусь? Яўна не да дэмакратыі, бо як дыктатараў Сталіна, Гітлера, Мусаліні, Франка, так і новых «аўтакратаў з комплексамі» аб’ядноўвае аднолькавае светаадчуванне—пагарда да звычайных людзей.

Заходнія палітыкі, занятыя прыбытковай, але амаральнай прагматыкай, закрываюць вочы на забойствы, знікненне палітыкаў і журналістаў, уціск правоў і свабод у нашых краінах. Расійскі вучоны, палітолаг А. Піянткоўскі піша: «Своей беспринципностью Запад вырастил у себя под боком ядерного маньяка. Лихой человек бродит по своей ледяной пустыне, размахивая уже не топором, как сто лет назад, а атомной бомбой». А Беларусь пляцецца ўслед за саюзніцай, толькі імітуючы незалежнасць і самадастатковасць.

Безумоўна, назапашаны арсенал ядзернай і іншай зброі вымушае нават агрэсіўных правіцеляў задумацца, перш чым рука пацягнецца да «чырвонай кнопкі». Але цяпер існуе небывалая нашпігаванасць складанымі прыладамі, пануе такое бяспрыкладнае напружанне, што проста можа адбыцца збой, калі не тэхнікі, то нерваў...

Захаду трэба перагледзець меркантыльнасць, скіраваную на атрыманне грошай любымі спосабамі, не дапамагаць умацаванню аўтарытарных рэжымаў, якія нагнятаюць на планеце ваенны псіхоз, а наадварот, маючы рычагі эканамічнага, фінансавага, тэхналагічнага ўплыву, стрымліваць іх і зводзіць на нішто.

Сяргей Законнікаў, «Свободные новости»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках