29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Вільні ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага?

10
У Вільні ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага?

Перапахаванне нацыянальнага героя Беларусі можа адбыцца ўжо ў ліпені.

Такая інфармацыя прыходзіць з кулуараў міжнароднай канферэнцыі «1918 год у Літве і Польшчы з пункту гледжання цяперашняй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы якая праходзіць у Вільні: гісторыя, палітыка, культура», паведамляе nn.by.

Яшчэ ў 2017 годзе, у канцы лета, у Вільні на гары Гедыміна было знойдзена імавернае пахаванне кіраўніка паўстання 1863 года на тэрыторыі Літвы і Беларусі Кастуся Каліноўскага.

«Маецца досыць довадаў таго, што сярод выяўленых парэшткаў ёсць парэшткі і Канстанціна Каліноўскага», - сказаў BNS прафесар Кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Віленскага ўніверсітэта Рымантас Янкаўскас.

Увесь гэты час літоўскія спецыялісты шукалі сваякоў Каліноўскага, каб правесці адпаведную экспэртызу. Той самы Янкаўскас казаў, што было б добра, калі б беларускія ўлады дазволілі эксгумаваць цела брата Канстанціна Віктара, які пахаваны на тэрыторыі Беларусі.

Сваякоў Каліноўскага шукалі, каб правесці генетычны аналіз. Магчыма, ён даў вынікі.

Неафіцыйна адзначаецца, што перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага можа адбыцца ўжо 6 ліпеня на могілках Роса. Найбліжэйшым часам у Літве можа адбыцца прэс-канферэнцыя з гэтай нагоды.

Нядаўна ў Вільні таксама былі знойдзеныя парэшткі іншага паўстанца - Зыгмунта Серакоўскага. У тым, што гэта Серакоўскі, амаль няма сумненняў, бо быў знойдзены ягоны заручальны пярсцёнак.

Кастусь Каліноўскі - лідар паўстання 1863-1864 гадоў на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Ягонымі намаганнямі выдавалася газета на беларускай мове «Мужыцкая праўда».

Каліноўскі быў павешаны 22 сакавіка 1864 года ў Вільні на Лукішках. Яму было 26 гадоў.

Кастусь Каліноўскі стаў адным з сімвалаў барацьбы беларусаў за сваю незалежнасць і ідэнтычнасць. Цяпер выявы Каліноўскага моладзь робіць на графіці, майках, набівае татуіроўкі. У Менску ідзе збор подпісаў за адкрыццё помніка Каліноўскаму.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках