19 красавiка 2024, Пятніца, 19:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяржава можа сканфіскаваць валютны ашчадак беларусаў

55
Дзяржава можа сканфіскаваць валютны ашчадак беларусаў

Быць гэтаму ці не быць – залежыць ад нас саміх.

Міністэрства фінансаў Беларусі баіцца, што можа страціць значную частку даходаў бюджэту пасля заканчэння ў Расеі «падатковага манеўру» ў нафтавым сектары.

Агульны аб'ём страт можа перавысіць $2 млрд, што складае амаль 20% даходаў рэспубліканскага бюджэту ў варунках 2018 года.

Якімі могуць быць наступствы для беларускай эканомікі і грамадзян нашай краіны? На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леў Марголін.

- Страта Беларуссю 20% бюджэту – наколькі яна рэальная? Ці апраўданыя асцярогі Міністэрства фінансаў?

- Асцярогі Мінфіна ў гэтай сітуацыі цалкам абгрунтаваныя. «Дабрабыт» урада ўжо больш дзесяці гадоў грунтуецца на тым, што Беларусь дамагаецца ад Расеі бязмытнай пастаўкі нафты і прадае далей нафту і нафтапрадукты з падаткам, і гэты падатак пакідае ў сябе ў бюджэце.

Пасля «падатковага манеўру», калі замест падатку расейскім прадпрыемствам павялічваецца падатак на здабычу, таму расейскі бюджэт нічога не губляе – проста з адной кішэні грошы перакладаюцца ў іншую.

А Беларусь будзе набываць нафту ўжо іншымі коштамі: здымаецца пытанне сталага ўзгаднення кошту з РФ, але затое губляецца сталая і надзейная крыніца даходу ў выглядзе вывазнога мытнага падатку на нафту.

Таму ўраду ёсць чаго баяцца. У «суцяшэнне» ім магу толькі сказаць: трэба было разумець, што такое «шчасце» не будзе вечным. Трэба было за 20 гадоў неяк злезці з нафтагазавай іголкі.

Як гаворыцца: з такім «шчасцем» і дагэтуль на свабодзе – дзіўна.

- Што яшчэ можа чакаць Беларусь, пасля заканчэння «падатковага манеўру», акрамя страты прыбыткаў ад нафтавых падаткаў?

- Акрамя страты 20% бюджэту гэта яшчэ і прывядзе да значнай страты страты валютнага прыбытку дзяржавы. А страта валютнага прыбытку ў варунках сталага росту вонкавай запазычанасці багатая сур'ёзным падзеннем курсу беларускага рубля, – тым, што мы праходзілі ўжо неаднаразова. Гэта можа стаць моцным ударам па манетарнай палітыцы Нацбанку і рэальнага кошту нашых грошай.

- Наколькі моцным можа быць падзенне курсу рубля?

- Не ўпэўнены, што дойдзе да трохразовага падзення курсу, як гэта было ў 2011 годзе. Але, аднак, абясцэньванне будзе досыць сур'ёзным. Я б гэта параўнаў з валютным крызісам у Расейскай Федэрацыі ў 2015 годзе, калі пасля падзення коштаў нафты і эканамічных санкцый за Крым, курс рубля абрынуўся больш чым удвая.

Штосьці падобнае можа адбыцца і ў Беларусі, калі з бюджэту выпадуць даходы ад нафтавых падаткаў. Але калі расейцы адчулі крызіс 2015 года ў меншай ступені, то на беларусах такое падзенне курсу рубля адаб’ецца нашмат мацней.

- Чаму?

- Мы не Расея, беларускі рынак значна вузейшы, мы насычаем яго значна слабей за кошт унутраных рэсурсаў. І ў нас падзенне рубля закране даслоўна кожнага: гэта імгненна адаб'ецца на спажывецкіх коштах – спачатку імпартных тавараў, а потым і беларускіх.

- «Падатковы манеўр» скончыцца ў найбліжэйшыя некалькі гадоў. Што будзе з грашовымі зберажэннямі беларусаў? Ці варта ўжо пачынаць хвалявацца?

- Тыя, хто трымае зберажэнні ў беларускіх рублях, адназначна знаходзяцца ў зоне рызыкі. Іх запасы могуць проста «згарэць».

Але і для тых, хто трымае зберажэнні ў замежнай валюце, сітуацыя не нашмат лепшая. Дзяржава можа накласці на валютныя зберажэнні абмежавальныя захады, «выключыць» іх на нейкі час з вольнага абарачэння.

- Гэта значыць, дзяржава можа проста «замарозіць» валютныя рахункі грамадзян?

- Безумоўна. Гэта ўжо не раз бывала ў гісторыі. Напрыклад, у апошнія гады існавання СССР дзяржава абмяжоўвала зняцце грошай з дэпазітаў і магчымасць пералічэнняў. І цяпер грошы грамадзян могуць быць замарожаныя на пэўны час, гэта значыць, да нейкага года яны будуць «канфіскаваныя» дзяржавай і іх нельга будзе зняць.

Такія абмежавальныя захады цалкам могуць быць уведзеныя.

- Якія яшчэ метады можа выкарыстоўваць улада для кампенсацыі нястачы ў 20% бюджэту?

- Пачнуцца спробы атрымаць нейкія валютныя крэдыты – у першую чаргу ад той жа Расеі. Маўляў, праз вас у нас пачаліся такія праблемы.

Але ж дзяржпазыка і так дасягнула рэкордных паказчыкаў...

Гэта дакладна, і кожнае наступнае пакаленне беларусаў завінавачваецца крэдыторам усё больш і больш. Завінаваціўся кожны, уключна з нованароджанымі, 4 тысячы даляраў або 4,5 – гэта ўрад мала хвалюе. А вось беларусы павінны задумацца: гэта мае для іх значэнне або не?

- Прынамсі, можна дакладна сказаць: многіх хвалюе, што будзе з коштамі бензіну праз страты дзяржавай нафтавых падаткаў?

- Думаю, з коштамі паліва адбудзецца той жа, працэс, які ў нас ужо спакваля пачаты: імклівага скачка ўлады пабаяцца дапусціць, але кошт будзе падвышацца паэтапна.

І будуць падвышаць датуль, пакуль не зраўняюцца з расейскімі. А расейскія, у сваю чаргу, праз «падатковы манеўр» будуць расці. Таму і беларускія зраўняюцца з імі на нашмат больш сур'ёзным узроўні, чым цяпер.

- У «Раснафце» кажуць аб росце коштаў у паўтара разы. Гэта значыць, беларускі бензін падаражэе на столькі ж?

- Не бяруся называць дакладныя лічбы, але падаражанне аўтамабільнага паліва будзе вельмі і вельмі сур'ёзным.

Трэба ўлічваць, што значную долю ў коштах нафтапрадуктаў складае акцызны падатак. І калі дзяржава адмовіцца ад яго, наважыцца падзяліць цяжар з насельніцтвам – то кошт бензіну не будзе расці так сур'ёзна.

- Ці здольная беларуская дзяржава на такое «джэнтльменства» ў стаўленні да грамадзян?

- Не, у нашым выпадку такое немагчыма.

Беларуская дзяржава, калі чымсьці і ахвяруе, то толькі пад вялікім націскам народных пратэстаў. Калі падвышэнне коштаў выкліча масавыя акцыі, накшталт «Стоп-бензін», то тады ўлада можа пайсці на саступкі.

Паглядзіце: бензін сёлета даражэў 8 або 9 разоў – і кожны раз на 1-2 капейкі. З гэтага напрошваецца выснова, што ўлада баіцца сацыяльных пратэстаў і дзейнічае вельмі асцярожна, калі іх прадчувае. Таму тое, як будзе развівацца сітуацыя з коштамі бензіну, быць ці не быць многім непрыемным наступствам «падатковага манеўру», шмат у чым залежыць ад дзеянняў саміх беларусаў.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках