АБСЕ расцаніла выбары ў Турцыі як несумленныя
4- 25.06.2018, 18:46
- 12,531
Турэцкая апазіцыя падчас перадвыбарчай кампаніі была пастаўленая ў няроўныя ўмовы з прадстаўнікамі ўлады.
Прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў Турцыі былі несумленнымі, мяркуе Арганізацыя бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ). Падчас выбарчай кампаніі апазіцыя была пастаўленая ў нявыгаднае становішча, у той час як урадавыя палітычныя аб'яднанні - Партыя справядлівасці і развіцця і Партыя нацыяналістычнага руху - надзяляліся неправамернымі перавагамі, гаворыцца ў заяве АБСЕ, апублікаванай у панядзелак, 25 чэрвеня, на падставе паведамленняў назіральнікаў, паведамляе DW.
Такое няроўнае становішча назіралася і ў СМІ пры асвятленні перадвыбарнай гонкі. «На вынік гэтых выбараў паўплывала выяўленыя намі абмежаванне асноўных правоў», - заявіў адзін з назіральнікаў ад АБСЕ Ігнасіа Санчэс Амар.
Тым не менш, назіральнікі АБСЕ прытрымліваюцца думкі, што ў дзень галасавання ў асноўным выконваліся правілы, за некаторымі выключэннямі.
Вынікі галасавання
Паводле вынікаў падліку галасоў на прэзідэнцкіх выбарах у Турцыі ў нядзелю, 24 чэрвеня, перамог дзейны кіраўнік дзяржавы Рэджэп Тайіп Эрдаган, які набраў 52,5% галасоў. За яго галоўнага спаборніка Мухарэма Інджэ прагаласавалі 31,5% выбарцаў.
У выніку парламенцкіх выбараў, якія прайшлі адначасова з выбарамі прэзідэнта, большасць дэпутацкіх мандатаў у парламент атрымаў «Народны альянс», які набраў 53,6%, сфармаваны Партыяй нацыяналістычнага руху і Партыяй справядлівасці і развіцця пад кіраўніцтвам Эрдагана. Апазіцыйную Народна-рэспубліканскую партыю падтрымалі 22,7% выбарцаў. Пракурдская Партыя дэмакратыі народаў атрымала 11,6% галасоў, а «Добрая партыя» - 10%.