29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўны «Сервалюкса»: Да нас стаўленне, як да рабоў

119
Працоўны «Сервалюкса»: Да нас стаўленне, як да рабоў

Людзей загналі ў кут і здзекуюцца.

У рэдакцыю Charter97.org звярнуўся працоўны найбуйнейшай птушкафабрыкі Беларусі - ЗАТ «Сервалюкс». У лісце, які можна смела назваць «крыкам душы», пералічваюцца вострыя сацыяльныя праблемы, якія сталі тыповымі для работнікаў беларускіх прадпрыемстваў.

«Менш за год таму я ўладкаваўся працаваць на найбуйнейшую птушкафабрыку краіны, а менавіта на фабрыку «Сервалюкс». Фабрыка знаходзіцца ў Магілёўскім раёне ў вёсцы Межысяткі. У сувязі з сітуацыяй, якая склалася ў краіне асаблівага выбару не было. Працу ў Магілёве на сённяшні дзень знайсці дастаткова складана, а тое што ёсць, годна не аплачваецца», - піша рабочы.

«Па прыездзе ў аддзел кадраў я быў накіраваны ў ЦЗПП (цэх забою і перапрацоўкі птушкі) на так званае «выпрабаванне». Пасля праходжання якога вызначаецца пытанне, возьмуць вас працаваць ці не. «Выпрабаванні» пачынаюцца прыблізна а 9-10 гадзіне і заканчваюцца а 17-00 гадзіне. Дадзены, практычна поўны працоўны дзень вам ніхто аплачваць не будзе, а папрацаваць давядзецца на ўсе застаўкі.

І вось, калі вы сябе паказалі са станоўчага боку, то вяртаецеся ў аддзел кадраў на наступны дзень і атрымліваеце накіраванне на праходжанне медыцынскай камісіі санітарнага мінімуму. Пра ўсе нюансы і асаблівасці працы на фабрыцы ў аддзеле кадраў, як і на «выпрабаваннях» вам ніхто не расказвае. Праходжанне медыцынскай камісіі цалкам аплачваеце самі, а гэта блізу 70 рублёў.

І вось, калі пройдзеная медкамісія і сабраныя ўсе патрэбныя паперкі вы вяртаецеся ў цэх, прыступаеце да працы і пачынаеце ўсё паволі дазнавацца. У першы месяц вас асабліва ніхто напружваць не будзе: графік строга 2 праз 2. Працоўны дзень, калі я прыйшоў, быў з 8-00 гадзін да 21-30. Адну гадзіну абеду і паўгадзінны перапынак на адпачынак.

Але з другога месяца пачынаецца самае цікавае. Вас знаёмяць з новым графікам працы. Згодна з гэтым графікам вы ўжо будзеце працаваць не 2 праз 2, а 3 праз 1. Трэці дзень - гэта падпрацоўка, ад якой вы не можаце адмовіцца. Гаворка не ідзе аб добраахвотнай падпрацоўцы ці пра падпрацоўку на вашае жаданне - гэта абавязкова. У выпадку не выхаду паводле графіку на падпрацоўку вас прымусяць напісаць тлумачальную, а таксама не забудуць пазбавіць часткова прэміі. Цяпер людзі ў цэху працуюць з 8-00 гадзін да 23-00. А гэта 15 гадзін пры графіку 3\1. Праца да 23-00 гадзін гэта, як нам сказалі, загад начальніцы цэха Касяковай Л.І. І дай Божа сысці раней. Але і гэта не мяжа, не рэдкія выпадкі працы да 24-00 і да 4-5 гадзін раніцы.

Паколькі фабрыка знаходзіцца за межамі Магілёва, то натуральна ёсць службовы аўтобус, які пасля працы забірае вас з фабрыкі. З горада аўтобус пачынае збіраць людзей а 6-20, а забірае з фабрыкі дзесьці а 23-30.

Я пішу гэта да таго, што дома ты з’яўляешся дзесьці 00-30 гадзін, пакуль паясі, памыешся, на сон застаецца блізу 4-5 гадзін - не больш за гэта. Падымацца даводзіцца рана, дзесьці а 5-00 гадзіне раніцы, бо аўтобус збірае людзей далёка не на кожным прыпынку. Пасля нядоўгачасовага сну вам зноў давядзецца адстаяць цягам 3-х дзён. І вось, калі надыходзіць адзін выходны, то ты проста спрабуеш трохі больш паспаць і хоць бы трохі часу надаць сям'і і дзецям, якіх бачыш толькі ў сне. І ўжо ўвечары пачынаеш падрыхтоўвацца на новую трохдзённую катаргу.

За апошнія паўгода на «Сервалюкс» прыязджала вельмі шмат праверак і камісій. Аднак нікому і справы няма да таго, як там працуюць людзі. Які ў іх графік і што ў іх па 260 і больш працоўных гадзін на месяц. Нікому з рабочых і рота не даюць адкрыць, а паспрабуеш - тут жа пойдзеш шукаць новую працу. Ужо не адзін месяц работнікі цэха просяць сустрэчы з дырэктарам фабрыкі, аднак ім увесь час кажуць, што дырэктар ведае, аднак у яго цяпер няма магчымасці правесці сустрэчу.

Стаўленне да рабочых, як да рабоў. Бязмоўных, бяспраўных рабоў. Людзі баяцца ісці скардзіцца ў якія-небудзь інстанцыі і разяўляць свой рот, бо ніхто не хоча страціць, хоць і такую, але ўсё ж працу. Людзей загналі ў кут і здзекуюцца, як хочуць», - падае шакавальныя факты ў сваім лісце працоўны фабрыкі.

Нагадаем, што ЗАТ «Сервалюкс» - найбуйнейшы ў Беларусі вытворца мяса птушкі. Генеральным дырэктарам групы кампаній «Сервалюкс» з'яўляецца вядомы беларускі бізнэсовец, сябра Юрыя Чыжа Яўген Баскін. 15 сакавіка 2016 года Баскін і чацвёра ягоных супрацоўнікаў былі затрыманыя КДБ. Бізнэсоўца вінавацілі ў нявыплаце падаткаў у вялікай суме. 22 сакавіка стала вядома аб тым, што Яўген Баскін «цалкам кампенсаваў шкоду» і выйшаў на волю.

Напісаць каментар 119

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках