22 верасня 2018, Субота, 11:10
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Беларуска: Перажыла шок ад коштаў ва ўкраінскім Ковелі

62

Жыхарка Баранавічаў з'ездзіла па пакупкі да паўднёвых суседзяў.

Карэспандэнтка Intex-press выправілася па пакупкі з Баранавічаў ва ўкраінскі горад Ковель і даведалася, што за колькі там прадаюць і колькі можна зэканоміць, калі ехаць на шопінг да суседзяў.

Ковель знаёмы многім беларускім шапаголікам, бо бліжэйшы, чым Хмяльніцкі – блізу 70 км ад мяжы, але пры гэтым славіцца нядрэнным асартыментам і дэмакратычнымі коштамі. Вось і наша сям'я пры неабходнасці едзе менавіта ў Ковель. І, шчыра скажу, ні разу гэты горад нас не расчароўваў. Пры тым што кожная паездка – гэта рызыка: ніколі не ведаеш, якім курсам і якімі коштамі Ковель сустрэне.

Дарога ў Ковель

Калі ехаць па буйныя набыткі кшталту шпалераў ці сантэхнікі, можна сабе і начаванне ў Ковелі дазволіць: нумар у гатэлі каштуе блізу 10 даляраў за суткі. Але на гэты раз мы ехалі па летнія рэчы, каву і побытавую хімію, таму пастанавілі абысціся без начавання.

З Баранавічаў выехалі блізу 23-й у пятніцу. Паводле досведу мінулых паездак ведалі, што на мяжы можна ўсю ноч прастаяць, ды і да яе 2,5 гадзіны шляху, таму выехалі крыху раней, каб было больш часу на пакупкі.

На мяжы высветлілася, што дарма спяшаліся. Чаргі амаль не было, два пункты пропуску прайшлі прыкладна за тры гадзіны, і ў Ковель прыехалі блізу 6-й раніцы. Натуральна, у такі час усё яшчэ было зачыненае. Мы крыху падрамалі ў машыне, а блізу 8-й выправіліся на рынак ля прывакзальнай плошчы, які адчыняцца раней, там можна танней набыць каву, прадукты і побытавую хімію.

Інфляцыя па-ўкраінску

Пункты абмену валютаў у Ковелі напэўна ёсць, але мы імі яшчэ ні разу не карысталіся: каля кожнага рынку заўсёды стаяць валютчыкі, якія бяруць на абмен не толькі даляры-еўры, але і беларускія рублі. Прычым часта нават з больш выгодным курсам, чым у банках.

На гэты раз курс даляра, а асабліва беларускага рубля, нас не парадаваў. За даляр давалі 26 грыўнаў (амаль на 2 грыўны менш, чым у лістападзе летась, калі мы ездзілі ў Ковель апошні раз), за рубель – 12,5 грыўны замест 13.

А каля палаткі, дзе ўвесь час набываем молатую каву, мы зразумелі, што і кошты ўвесь гэты час не стаялі на месцы.

Да прыкладу, 500-грамовая ўпакоўка ўлюбёнай кавы з лістапада мінулага года падаражэла на тры грыўны (прыкладна на 3%), а кошт на бутэльку сродку для мыцця посуду вырас на дзве грыўны (блізу 7%). Але нават пры ўсім пры гэтым, пераводзячы ўкраінскія цэтлікі на беларускія рублі, мы зразумелі, што прыехалі не дарма.

Гандлявацца можна нават на дробязях

Нават калі даволі часта ездзіш па пакупкі ва Украіну, не перастаеш здзіўляцца гнуткасці ўкраінскіх прадаўцоў. На баранавіцкім рынку на зніжку можна спадзявацца толькі калі скупілі палову тавару ў ралеце. У Ковелі нават на дробязях можна гандлявацца і атрымліваць скідкі. А на рэчах даражэйшых прадаўцы з лёгкасцю скідаюць да 5 даляраў. Да прыкладу, басаножкі з натуральнай скуры, якія і так прадаваліся вельмі танна паводле нашых мерак – прыкладна за 49 беларускіх рублёў – я набыла са зніжкай за 42 рублі. За мужчынскія джынсы, якія каштавалі 54 рублі, мы аддалі 48. Нават на дзіцячыя панамы, якія ў Ковелі каштуюць блізу пяці рублёў, нам зрабілі зніжку.

Адкрыццё – украінскія «сеткі»

Да цяперашняй паездкі побытавую хімію мы заўсёды набывалі на рынку. Праўда, набыткі не заўсёды былі ўдалымі. Вадкія парашкі (у тым ліку вядомых марак) я зараклася набываць на ўкраінскіх рынках, бо яны не спраўляліся нават з лёгкімі забруджваннямі. Мабыць, іх папросту разводзяць вадой.

Гэтым разам з парады маёй калегі мы зазірнулі ў краму побытавай хіміі. У Ковелі, высветлілася, ёсць буйныя гандлёвыя сеткі, якія гандлююць парфумай, касметыкай і побытавай хіміяй. І там, як і ў нас, прадаюць тавары з вялікімі зніжкамі. З той толькі розніцай, што і без зніжак часам яны каштуюць танней, чым у нас на зніжках. Да прыкладу, пену для галення мужу ў краме ў Ковелі мы набылі без усялякай зніжкі за 4,6 рубля. Дакладна такую самую пену, вярнуўшыся ў Баранавічы, я знайшла ў адной сеткавай краме побытавай хіміі за 6,65. На зніжцы.

Апетытныя кошты

Літаральна за дзень да нашай паездкі ў Ковель калега рабіла агляд коштаў на садавіну-гародніну на баранавіцкіх рынках, і мы ўсе дзівіліся кошту трускавак за 12 рублёў за кіло.

Але яшчэ большы шок я адчула, калі ўбачыла кошты на ягады ў Ковелі. Там іх прадавалі ў сярэднім за 4 рублі на нашы грошы! Агуркі, памідоры, капуста – усё гэта таксама каштавала танней, чым у нас.

Дарэчы, ад калегі мы таксама даведаліся, што гародніну, садавіну і ягады можна перавозіць праз мяжу. І хоць гэтым разам мы не набывалі нічога, што можна везці, на будучыню сабе птушачку паставілі.

З эканоміяй і без аналагаў у Баранавічах

Вярнуўшыся ў Баранавічы, пры першай магчымасці я выправілася на рынак, каб параўнаць кошты і падлічыць, наколькі выгоднай была наша паездка. Скажу адразу – параўноўваць было складана, таму што многіх рэчаў, нават падобных на іх, папросту не атрымалася знайсці.

Скуранога абутку, якім у Ковелі рынак літаральна завалены (прычым як мясцовых вытворцаў, так і замежных – ад Польшчы да Кітая), на баранавіцкім рынку амаль няма. А з таго, што ёсць, і выбраць складана, і кошты амаль удвая вышэйшыя.

Скураныя курткі ў Баранавічах каштавалі танней. І я спачатку знервавалася, што пераплаціла ў Ковелі. Але калі паспрабавала знайсці нешта падобнае паводле якасці, зразумела, што дарма перажывала. Адшукала толькі адну падобную куртку, і каштавала яна даражэй. Адзін у адзін знайшлася толькі мужчынская кашуля, але кошт у Ковелі быў на траціну меншы.

Усяго на паездку ў нас пайшло парадку 240 даляраў. За гэтыя грошы мы набылі пяць параў абутку (тры з іх з натуральнай скуры), двое штаноў, дзве кашулі, куртку, дзве панамы, вялікі заплечнік, вялікі набор побытавай хіміі – ад пральнага парашку да асвяжальніку паветра, сёе-тое з посуду, а таксама каву і прысмакі. З вылікам выдаткаў на дарогу чыстая эканомія склала парадку 90 у.а.

Вядома, каб зэканоміць больш, і выдаткаваць трэба нямала. Але лепш некалькі месяцаў адкладаць патроху і потым набыць танней ва Украіне, чым не чакаць, але пераплачваць у Беларусі.