29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ён стаў душой «Вашынгтона»

1
Ён стаў душой «Вашынгтона»

Самы непрыкметны герой фіналу Кубка Стэнлі.

Улетку 2017-га Дэвантэ Сміт-Пеле патрапіў у цяжкую сітуацыю, піша by.tribuna.com. Ягоны кантракт (смешныя 1,3 млн) выкупіў «Нью-Джэрсі» - каманда, якая мела ледзь не найгоршы склад нападу ў НХЛ. Нават там Сміт-Пеле выявіўся непатрэбным, хоць ён сапраўды ахвяраваў сабою дзеля клуба: «Дэвілс» ведалі, што я ўвесь чэмпіянат гуляў траўмаваным. Не тое, каб мяне прымусілі выходзіць на лёд, але я казаў пра сваю траўму. Калена балела так, што я ледзь мог рухацца. Мне ж патрэбная нага, каб катацца».

Цемнаскуры форвард атрымаў свой кантракт праз два дні пасля адкрыцця рынку - ім зацікавіўся «Вашынгтон», які сутаргава спрабаваў упісацца ў столь заробкаў і шукаў таннага форварда для ботам-лайн. Сміт-Пеле падпісаў гадавое пагадненне на смешныя 650 тысяч даляраў - крыху вышэй за мінімальны заробак. Прычым кантракт быў двухбаковым - у АХЛ нападнік зарабіў бы толькі 300 тысяч.

Дэвантэ быў выбраны «Анахаймам» у другім раундзе драфта НХЛ-2010 - на тым самым, дзе «Вашынгтон» заслупаваў за сабой Яўгена Кузняцова. У «Дакс» у Сміт-Пеле з'явіўся выдатны настаўнік - 41-гадовы Тэему Селяне, з якім яны правялі вялікую частку сезона-2011/12. Фін быў ментарам для клубнай моладзі і вельмі дапамог ёй у развіцці: «Ён знаходзіцца на арэне і на лёдзе нават тады, калі ў нас няма трэніровак, ён сапраўдная машына. Ён дагэтуль гуляе так, як быццам дэбютуе ў лізе» - з захапленнем казаў пра партнёра Сміт-Пеле. Здаецца, ДСП сёе-тое пераняў у «фінскай успышкі».

Упершыню Дэвантэ па-сапраўднаму праславіўся ў розыгрышы Кубка Стэнлі-2014 года: вялікую частку года ён правёў у фарм-клубе, але яго выклікалі на галоўныя матчы сезону. Брус Будро нават выпусціў яго ў вызначальны момант шостай гульні з «Даласам»: «Анахайм» саступіў за 30 секунд да канца і рызыкаваў зацягнуць серыю да 7 матчу. Але Сміт-Пеле зраўняў лік - а «качкі» даціснулі спаборніка ў овертайме.

Нягледзячы на паспяховы плэй-оф - пяць шайб і найлепшы снайпер каманды - ён хутка згубіўся. Яго абмянялі ў дубаломны «Манрэаль» на Іржы Секача, але там Дэвантэ пратрымаўся год - на дэдлайне яго махнулі ў «Дэвілс» на Стэфана Мато. У цемнаскурага нападніка быў кароткі адрэзак у канцоўцы сезона-2015/16 калі ён запаліў у «Нью-Джэрсі», але пасля гэтага зусім выпарыўся. Аднак з тойкі згаданых тут хакеістаў у НХЛ цяпер гуляе толькі Сміт-Пеле.

У «Вашынгтон» Дэвантэ прыходзіў як масоўка - сярод такіх гульцоў, як Алекс Чэйсан, Тайлер Грэёвак і Энтані Пелуса. Але на колер скуры пачаткоўца клуб ставіў асобна: 51% насельніцтва сталіцы ЗША - афраамерыканцы, і сярод гарадоў з камандай НХЛ вышэйшы паказчык толькі ў Дэтройце. Доўгі час у «Кэпіталс» гулялі прыкметныя цемнаскурыя гульцы: легендарны тафгай Доналд Брашыр, Джоэл Уорд, аўтар самага спрэчнага гола ў гісторыі ЧС Энсан Картэр - Сміт-Пеле нядрэнна ўпісваўся ў гэтую гісторыю. А ў выніку абышоў іх усіх.

Сміт-Пеле забіў толькі сем шайбаў у рэгулярцы. Але столькі ж - у плэй-оф, прычым большасць з іх былі вызначальнымі: альбо пераможныя, альбо тыя, якія раўнялі лік. У фінале супраць «Вегаса» ДСП забіў тройчы.

У трэцім матчы «Вегас» абудзіўся пасля ляпа ад Холтбі і пры мінімальным адрыве панёсся наперад, але гэта працягнулася нядоўга - пасля гэтай шайбы «Кэпс» спакойна давялі матч да перамогі.

У чацвёртай гульні Сміт-Пелл забіў, як выявілася, пераможны гол, удала падыграўшы сабе канькамі перад кідком

І сёння - самы прыгожы і самы важны з трох галоў, які зраўняў лік у гульні.

«Сміт-Пеле - уладальнік Кубка Стэнлі» - год назад гэта здалося б зусім дурным і нясмешным анекдотам.

Пра Дэвантэ вы яшчэ абавязкова пачуеце - вельмі хутка ён можа патрапіць у цэнтр скандалу: на прыём да Дональда Трампа ён ісці не мае намеру. «Ён кажа абсалютна відавочныя расісцкія і сэксісцкія рэчы. Шмат што з таго, што ён кажа, гэта хамства. Я не хачу ўдавацца ў палітыку, таму я не ведаю астатніх ягоных поглядаў. Але ягоную рыторыку я катэгарычна не падзяляю. Я яшчэ не прыняў канчатковай пастановы, але, думаю, для сябе я ўжо ўсё вызначыў», - для хакеістаў, якія звычайна прытрымліваюцца больш кансерватыўных поглядаў, гэта нетыпова.

Але прыём будзе восенню, а сёння Сміт-Пеле - герой. Кузняцоў і Бэкстрэм былі мазгамі каманды, Авечкін - сэрцам, а Сміт-Пеле і Уілсан - яе душой.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках