24 красавiка 2024, Серада, 15:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Нікалайчык: Улады нервуюцца – значыць, мы ўсё робім правільна

5
Вольга Нікалайчык: Улады нервуюцца – значыць, мы ўсё робім правільна
ВОЛЬГА НІКАЛАЙЧЫК
ФОТА: БНК

Актывістка мае намер працягнуць абараняць Курапаты.

Падрабязнасці свайго затрымання сайту Charter97.org распавяла грамадская актывістка, рэжысёрка і абаронца Курапатаў Вольга Нікалайчык, якая выйшла сёння на свабоду пасля 10 дзён арышту:

- Затрымалі мяне 30 чэрвеня аб 11.30. Мы з Дзянісам Урбановічам і Барысам Анікеевым з Гомеля збіраліся на вахту ў Курапаты. Як раз была чарга «Еўрапейскай Беларусі». Выйшлі з дому, не дайшлі да прыпынку, як да нас пад'ехалі тры міліцэйскія аўтобусы. Адзначу, што яны дзейнічалі спакойна. Спачатку мяне адвезлі ў Першамайскі РУУС, аформілі, а потым павезлі на суд.

На судзе я была адна. Барыса Анікеева пасля медагляду адпусцілі. Я дала яму ключы ад свайго дома, каб ён з актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» і іншымі маімі сябрамі дагледзелі ката. Я прасіла, каб перад арыштам мне далі магчымасць выпусціць з дому ката, які можа памерці пакуль буду ў турме, але мне адмовілі. Добра, што дапамаглі паплечнікі.

Адзначу, што падчас суду я дастаткова добра сябе бараніла. Мне інкрымінавалі першую «хуліганку» праз надпіс на асфальце «Кабак на костках», які змылі шлангам праз тры хвіліны пасля з'яўлення. Другая «хуліганка» была за надпіс на шпалерах на рэстарацыі «Кабак НКВД закрыты» і трэцяя праз тое, што я быццам бы «біла» кулакамі па аўто кліента рэстарацыі і «абражала» яго.

Было відэа і было вельмі смешна назіраць, як цынічна суддзя глядзела запіс, на якім я не біла па аўто, не абражала гэтага Будко, які быў, дарэчы, не прышпіленым і ехаў на хуткасці блізу 50 км на гадзіну. Ён сапраўды вельмі хутка ехаў, чым пагражаў нашым жыццям. Усё гэта, падкрэслю, цалкам выразна відаць на відэа. І вось ён напісаў на мяне заяву. Я буду гадамі дамагацца справядлівасці, падаваць у суд на Будко.

Я ўсіх заклікаюць пісаць масавыя заявы з патрабаваннем судзіць тых, хто здзекуецца з памяці забітых беларусаў, дазволіўшы пабудаваць забаўляльны цэнтр у ахоўнай зоне. Гэтак жа планую падаць пазоў у дачыненні да масавых рэпрэсій супраць абаронцаў Курапатаў. На нас быў здзейснены ўжо не адзін наезд аўто. Мне здаецца, што кіроўцы ў групавой змове супраць актывістаў грамадзянскай супольнасці. Кіроўца абавязаны спыніцца перад жывым шчытом, а яны ехалі на абаронцаў, як быццам хацелі пагуляць намі ў боўлінг!

Увогуле, пасля суда мяне адвезлі на Акрэсціна. Скажу, што там нічога не змянілася. Ва ўсіх камерах не працаваў так званы «месяц» - начная лямпачка. За 10 дзён я змяніла тры камеры і магу гаварыць пра гэта ўпэўнена. Уявіце, у камеры гараць шэсць лямпачак дзённага святла, якія не адключаюць ні на хвіліну ні ўдзень, ні ўначы. Вельмі стамляюцца вочы, пачынае балець галава. Ты знаходзішся пад гэтымі лямпамі кругласутачна. Паводле міжнароднага права гэта ўважаецца за катаванні.

Вельмі ўразіў занядбаны стан ЦІП. Ад рамонту там засталіся толькі сцены і жалезныя «шконкі», усё астатняе прыйшло ў страшны заняпад. Такое пачуццё, што ЦІП кіруе нейкі кіраўнік савецкага разбуранага саўгаса. У той час усё было сапраўды гэтак жа паламанае.

Дык вось, у першай камеры ў мяне не было гарачай вады, а ў другой не было халоднай вады і змываць унітаз даводзілася вядром. У трэцяй камеры была халодная і гарачая вада, але туалет не закрываўся.

Страшна глядзець на матрацы і падушкі. Падушак бракуе. У адной з камер на чатыры ложкі былі тры падушкі. Я давала сукамерніцы камізэльку, якую мне прынеслі ў перадачы. Падушкі мы называлі «рассыпнымі», бо іх увесь час даводзілася перасыпаць у навалачку. Турэмныя кантралёры, калі раніцай прыходзяць, то падушкі і матрацы ператрасаюць і з іх высыпаецца вата. Потым бегаеш па камеры і гэтую вату збіраеш і запіхваеш назад. Гэта ў турэмшчыкаў была гульня такая з намі.

Адзначу яшчэ вельмі важны момант. Для таго, каб пасадзіць у ізалятар і прымусіць працаваць на сметніках - хапаюць усіх запар. За 10 дзён наслухалася ўсякага. Вось можа спакойна ісці жанчына, якая крыху выпіла, напрыклад, на свяце, яе забяруць і пасадзяць на 7-10 дзён, а ў чалавека праца. Увогуле, яны робяць усё, каб людзі бясплатна працавалі на іх уласных аб'ектах.

Нягледзячы ні на што, настрой у мяне выдатны. Мяне сустрэлі паплечнікі, мае дарагія сябры. Цяпер вось варым суп, набылі прысмакаў. Неўзабаве зноў пайду на вахту ў Курапаты.

Ведаеце, у мяне ёсць больш сур'ёзныя каштоўнасці ў жыцці, чым страта гэтых 10 дзён. Улады нервуюцца – значыць, мы ўсё робім правільна, мы - малайцы. Усе тыя, хто сёння прыйшоў мяне сустрэць і падтрымаць, а таксама тыя, хто засталіся ў турме - героі. Мы іх вельмі чакаем і будзем прадаўжаць сваю справу.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках