20 красавiка 2024, Субота, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа медыкаў: «Сябра павезлі людзі ў вайсковай форме»

39
Справа медыкаў: «Сябра павезлі людзі ў вайсковай форме»

Работнікі медустаноў абмяркоўваюць масавыя затрыманні.

Больш за 50 чалавек ужо затрыманыя, але махавік так званай «справы лекараў» толькі ўбіраецца ў сілу.

Карупцыйная схема закупаў медыцынскага абсталявання і прэпаратаў, імаверна, характэрная для ўсёй дзяржаўнай сістэмы, сцвярджаюць журналісты «Белсата». Паводле нашай інфармацыі, затрыманы таксама кіраўнік камітэта судовых экспэртыз Андрэй Швед, адбылася першая сустрэча са следчымі хроснага бацькі Мікалая Лукашэнкі Васіля Жарко.

У сталічнай 9-ай клінічнай лякарні на першы погляд будзённы дзень. Хворыя, лекары, перадачы. Але сярод работнікаў установы шуміць «справа лекараў».

«Ну павезлі сёння сябра людзі ў вайсковай форме, пад аховай у кайданках, на міліцэйскім аўто», - распавядае дворнік.

Паводле нашай інфармацыі, толькі ў пятніцу было затрымана да 15 супрацоўнікаў «дзявяткі». Людзі ў камізэльках КДБ выводзілі медыкаў на вачах хворых. Адміністрацыя лякарні недаступная, лекары не на камеру супакойваюць - гаворка ідзе толькі пра працаўнікоў адміністрацыі.

І гэта толькі 9-я лякарня. Учора стала вядома аб затрыманні намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага і кіраўнікоў даччыных прадпрыемстваў міністэрства. Больш за 30 іх калегаў ужо папоўнілі СІЗА цягам апошняга месяца.

Васіль Бяльмач - пенсіянер, але менавіта ён паўгода таму прынёс у праграму «Справы людскія» дакументы, якія і сталі прычынай інфармацыйнай хвалі вакол карупцыі ў медыцынскіх закупах. Нелегальна завезены ў Беларусь пратэз 6-я лякарня Менска прадала Васілю коштам, у разы вышэйшым, чым арыгінал, і без суправаджальных тэхнічных дакументаў.

«Мне ўсюды адмовілі - што тычыцца тэхнічнай інфармацыі аб пратэзе, што з нагоды таго, якія нагрузкі, колькі ён у маім целе можа знаходзіцца. Выяўляецца, гэта ўсё камерцыйная таямніца!» - распавядае пенсіянер Васіль Бяльмач.

Так адказвалі Васілю і суддзі, і высокія супрацоўнікі пракуратуры. Магчыма, такім чынам яны прыкрывалі схему ад тых, хто скардзіўся ў органы. Таму не здзіўляюць і першыя затрыманні высокіх сілавікоў. Паводле нашай інфармацыі, гэта кіраўнік камітэта судовых экспэртыз Андрэй Швед, брат якога кіраваў фірмай «Медтэхнацэнтр». Тэлефоны ўстаноў не адказваюць, а экспэрты задаюць пытанне: чаму толькі цяпер КДБ заняўся справай?

«Спачатку затрымліваюць некалькіх асоб, затым - другая хваля, больш масаваная - трэцяя, і ў выніку ў СІЗА КДБ трапляюць людзі з высокімі пасадамі», - адзначае следчы журналіст «Белгазеты» Аляксандр Федаровіч.

Пытанне ў тым, ці скончылася хваля затрыманняў высокіх службовых асоб. Хросны бацька Мікалая Лукашэнкі Васіль Жарко ўзначальваў міністэрства аховы здароўя з 2006-га да 2016-ы год. І не трэба быць следчым, каб зразумець, што такая татальная карупцыйная схема выбудоўваецца гадамі.

Пакуль справа медыкаў тычыцца «распілоўвання» бюджэтных сродкаў. Пры гэтым толькі ў 6-ай сталічнай лякарні ў сярэднім за год робіцца больш за 500 аперацый па ўжыўленні імпартных пратэзаў. І ў такім выпадку расце кола не толькі суўдзельнікаў, але і пацярпелых беларусаў, якіх, магчыма, ужо тысячы.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках