19 красавiка 2024, Пятніца, 3:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Справа медыкаў» прырастае новымі прозвішчамі

9
«Справа медыкаў» прырастае новымі прозвішчамі

У лякарнях наўпрост не кажуць, што затрыманыя калегі, а ўдакладняюць, што не ведаюць, дзе яны.

У 1-й гарадской клінічнай лякарні Менску абавязкі галоўнага лекара Алега Фаміна выконвае ягоны намеснік. Супрацоўнікі клінікі адсутнасць галоўнага лекара звязваюць з гучнай карупцыйнай справай. І не выключаюць, што Фамін цяпер за кратамі, хоць афіцыйна гэтую версію праваахоўныя органы не пацвярджаюць. Казаць аб тым, куды знік галоўны лекар 1-й лякарні, ягоныя падначаленыя згаджаюцца не адразу, піша tut.by.

— Ходзяць розныя чуткі. Калі ён не выйшаў на працу, а гэта было яшчэ ў чэрвені, чаго толькі не казалі. Вядома, пра затрыманне таксама. Мы самі пайшлі ў адміністрацыю і спыталі: «Гэта праўда, што ён затрыманы?». Нам адказалі: «Так, праўда», — распавядае TUT.BY супрацоўнік 1-й гарадской клінічнай лякарні. — Мы глядзім праграму «ЧП» па тэлевізары, чакаем, што пакажуць нашага, але яго не паказваюць.

Пасля гэтых слоў да размовы падключаецца яшчэ адна супрацоўніца і звяртаецца да калегі:

— Навошта ты гэта расказваеш? Яно табе трэба? Пойдзем.

Інфармацыю аб тым, што Алег Фамін цяпер не працуе, пацвердзілі яшчэ некалькі чалавек.

— Цяпер абавязкі галоўнага лекара выконвае ягоная намесніца Марына Іванаўна Рэмша, — паведамляюць у прыёмнай. Марына Іванаўна прымае ў сваім кабінеце.

На пытанне, ці праўда тое, што затрыманы кіраўнік, жанчына адказвае:

— У мяне такой інфармацыі няма, няма дакументаў звальнення Алега Юр'евіча, ёсць загад Камітэта аховы здароўя аб прызначэнні мяне выконваючай абавязкі з 22 чэрвеня. Чаму вы ўвогуле думаеце, што яго затрымалі?

— Пра гэта кажуць вашы падначаленыя.

— Яны не валодаюць такой інфармацыяй. Я кожны дзень прыходжу на працу, і супрацоўнікі, якія нічога не ведаюць, пачынаюць казаць, інфармацыя абрастае фантазіяй. Мне тэлефануюць: «Алег Юр'евіч ходзіць па тэрыторыі».

Цяпер медыкі абмяркоўваюць затрыманне яшчэ аднаго галоўнага лекара — Сяргея Карыцькі, кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння.

— Ён пакуль не працуе, выконваю абавязкі я, — кажа TUT.BY Ірына Хмара, намесніца галоўнага лекара.

— З'явілася інфармацыя, што Сяргей Сяргеевіч затрыманы.

— Я пра гэта не ведаю, калі ласка, удакладняйце ў Міністэрстве аховы здароўя.

Ірына Хмара «не памятае», з якога дня яе кіраўнік не выходзіць на працу.

Аб тым, што адным з магчымых фігурантаў зачысткі Міністэрства аховы здароўя стаў і адзін з намеснікаў РНПЦ дзіцячай хірургіі, галоўны лекар Канстанцін Драздоўскі сказаў:

— Я ўстрымаюся ад каментароў.

Дакладна так жа галоўны лекар адказаў на пытанне, ці ўсе ягоныя намеснікі цяпер на працоўным месцы.

Як выявілася, ужо блізу двух тыдняў у медыцынскім цэнтры МТЗ адсутнічае на працы намеснік галоўнага лекара ў медыцынскай частцы Сяргей Сяміжон. Гэтую інфармацыю TUT.BY пацвердзіў галоўны лекар клінікі Мікалай Коўшаль.

— Як даўно яго няма на працы?

— Два тыдні.

— Вы ж галоўны лекар, вы ж павінны ведаць, дзе ён...

— Афіцыйна я нічога не ведаю.

— Ён жа не ў адпачынку?

— Не.

Адзін з менскіх лекараў на ўмовах ананімнасці пагадзіўся расказаць TUT.BY, якая атмасфера цяпер у медыцынскіх установах.

— Сітуацыя цяжкая і абвостраная, кожны медык сябе разглядае як магчымага фігуранта крымінальнай справы. Людзі баяцца штосьці рабіць, каб потым гэта не было расцэненае як карупцыя. І асноўная праблема — адсутнасць інфармацыі, ніхто не растлумачвае сітуацыю, мы чакаем рэакцыі Міністэрства аховы здароўя, — кажа сталічны лекар. — Ведаю, што 9-я лякарня цяжка перажывае за сваіх затрыманых калегаў.

Патэлефанаваць у прэс-службу Міністэрства аховы здароўя і КДБ не ўдалося.

Нагадаем, 25 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў аб тым, што камітэт выявіў маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя Беларусі, затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек.

У іх ліку — дырэктар цэнтра экспэртыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнай управы аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медыцынскай управы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Пазней стала вядома пра затрыманне намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага, галоўнага лекара Менскай абласной лякарні Андрэя Каралько, дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Аляксандра Бялецкага, галоўнага лекара 9-й лякарні Валерыя Кушнярэнкі і загадчыка эндаскапічнага аддзялення Андрэя Саўчанкі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках