20 красавiка 2024, Субота, 0:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады адмыслова задумалі падвышэнне пенсійнага ўзросту

49
Улады адмыслова задумалі падвышэнне пенсійнага ўзросту
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.COM

Але ў беларусаў ёсць выбар.

Пасля ініцыятывы аб узняцці пенсійнага ўзросту ў Расеі пра такую магчымасць загаварылі ў беларускім «парламенце».

Што ж адбудзецца, калі зноў падвысяць пенсійны ўзрост для мужчын? Гэтае пытанне сайт Charter97.org задаў старшыні Беоасцейскага абласнога незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Зінаідзе Міхнюк:

- Неяк кіраўнік нашага прафзвязу Генадзь Фядыніч у каментары пра магчымае падвышэнне пенсійнага ўзросту для беларусак, сказаў: «Не чапайце нашых жанчын, не чапайце святое, пакіньце іх у спакоі. А вось усіх чыноўнікаў без выключэнняў перавядзіце на адзіную сістэму прызначэння пенсіі са звычайнымі грамадзянамі. Тады вызваляцца вельмі вялікія грошы». Цяпер я хачу сказаць ад асобы беларусак: «Не чапайце нашых мужчын!»

Напраўду мне блізкая пенсійная тэма. Я сама зусім нядаўна выйшла на пенсію і мне налічылі, смешна нават казаць, няшчасных 200 рублёў ($100). У мяне ўсе пытаюць, як буду жыць на гэтыя грошы. Я ж адказваю, смеючыся, што ў мяне муж малады - аднагодак, яму яшчэ цэлых пяць гадоў працаваць. Ведаеце, калі пенсійны ўзрост падвысілі на тры гады, то ён, вядома, вельмі засмуціўся. Увогуле, кожная сям'я выжывае, не разлічваючы на падачку ад дзяржавы. Інакш пра беларускую пенсію і не скажаш.

Адзначу, што ўсяго ў мяне, маладой пенсіянеркі, 39 гадоў стажу, з якіх прыбралі вучобу і адпачынак па доглядзе за дзіцем. У выніку выйшла 27 гадоў стажу і абуральна, што за іх мне такія капейкі налічылі. Вось як на такую суму можна выжыць?

Калі ж казаць пра беларускіх мужчын-пенсіянераў, то яны ў большасці сваёй разумеюць, што не дажывуць да пенсіі. Тут нядаўна, напрыклад, звяртаўся ў наш прафзвяз мужчына, які мяркуе, што ўлады абышліся несправядліва, падвысіўшы пенсійны ўзрост. Вельмі ён абураўся - і такіх большасць.

- У выпадку чарговага падвышэння пенсійнага ўзросту што будзе з мужчынамі, якія працуюць на прадпрыемствах са шкоднымі ўмовамі працы?

- Скажу так, я – чалец рады Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў. Дык вось, жаночая рада Салігорскага незалежнага прафзвязу, калі пенсійны ўзрост падвысілі на тры гады, наважыў падлічыць, колькі гадоў на пенсіі жывуць гарнякі. У сувязі са шкоднасцю, наколькі я памятаю, яны выходзяць на пенсію на пяць гадоў раней. Тым не менш, актывісткі высветлілі, што пасля выхаду на пенсію гарнякі жывуць тры, чатыры, максімум пяць гадоў. Атрымліваецца, што нават ім дадалі пенсійнага ўзросту так, што яны будуць паміраць, не выходзячы з шахты.

Увогуле, адказваючы на вашае пытанне скажу, што аспект пенсійнага ўзросту вельмі востра стаіць на прадпрыемствах са шкоднымі ўмовамі працы. Не сакрэт, што да пенсійнага ўзросту там дажываюць адзінкі. Улады як быццам адмыслова задумалі падвышэнне пенсійнага ўзросту, каб беларусы проста не дажывалі да пенсіі. Плюс абуральна несправядліва, што пасля смерці пенсіянераў грошы дастаюцца не сям'і, а дзяржаве!

Паміж жанчынамі і мужчынамі існуе розніца ў працягласці жыцця. Але я хачу сказаць дзякуй нашым мужчынам, якім нават і ў галаву не прыходзіла ўздымаюць пытанне раўнавання пенсійнага ўзросту. У маім асяроддзі дакладна няма такіх мужчын. Беларусы мяркуюць, што жанчыны заслужана выходзяць на пенсію раней.

- Чаму афіцыйныя прафсаюзы, у якія ідуць адлічэнні з заробкаў работнікаў, ніяк не рэагуюць на тое, што адбываецца ў краіне?

- Калі людзі прыходзяць па дапамогу ў наш прафзвяз РЭП і высвятляецца, што яны знаходзяцца ў афіцыйных, то мы пытаемся, чаму ж яны не звярнуліся з праблемай у свой прафкам. Дык мне адзін працаўнік распавёў, што прадстаўніца афіцыйнага прафсаюза адкрытым тэкстам сказала яму: «Я за цябе цяпер заступлюся і са мной потым не прадоўжаць кантракт».

Гэта сведчыць аб тым, што кантрактная сістэма закранула ўсіх. Федэрацыя прафзвязаў - толькі культурна-масавы сектар пры адміністрацыі. Яны могуць вечарыну арганізаваць, павіншаваць каго-небудзь ці, у найлепшым выпадку, правесці спартовае мерапрыемства. Ім і ў галаву не прыйдзе заявіць пікет ці мітынг у абарону працоўных.

Калі мне ў Берасці 7 кастрычніка дазволілі правесці пікет за годную працу, то рабочыя завода параілі пайсці ў абласны савет і запрасіць «калегаў». У выніку выйшлі на пікет не яны, а рабочыя, якія разумеюць, што калі не будуць змагацца за свае правы, то за іх гэтага ніхто не зробіць.

Дарэчы, у нас у Берасці ёсць улюбёны плакат: «Еўрапейскім коштам - еўрапейскі заробак». У нас, калі крамы будуюць, то кажуць, што ў іх еўрапейскія кошты, але замоўчваюць, што заробкі ж у Беларусі далёка не еўрапейскія.

Улады ўважаюць нас за дурняў, але якая б дыктатура ў краіне не была, шмат хто ў курсе, як жывуць грамадзяне таго ж Еўразвязу.

- Чаму ў Беларусі такая высокая смяротнасць сярод мужчын?

- Мне здаецца, уплывае той факт, што наша медыцына не робіць прафілактыкі захворванняў, а лечыць ўжо па факце інсульты і інфаркты, якія ўзнікаюць не без «дапамогі» кантрактнай сістэмы.

Я перакананая, што працоўныя кантракты трэба ўкладаць на працяглы час, мінімум, на 3-5 гадоў, а наймальнікам, на жаль, начхаць. Яны падпісваюць на год, каб чалавек нерваваўся. Гэта што, не адбіваецца на здароўі? Кожны год мужчына дрыжыць, падоўжаць яму кантракт ці не. На роўным месцы можна стаць «дармаедам». Як сказаў адзін мой знаёмы, «рабства не скасавалі, яно відазмянілася».

- Паводле статыстыкі, мужчыны лідаруюць сярод беспрацоўных. Адзін з найбольш высокіх адсоткаў прыпадае на 60-74 гады і ад 40 да 44 гадоў. Гэта значыць, беларусы ў працаздольным узросце не могуць знайсці працу, а што ж будзе ў выпадку падвышэння пенсійнага ўзросту?

- Абуральна, што мужчыны ў 40 або 60 гадоў проста не патрэбныя працадаўцам. Калі падымуць пенсійны ўзрост, то адбудзецца чарговы ўсплёск беспрацоўя. Я нават баюся ўявіць, што будзе з гэтымі людзьмі. Куды яны пойдуць...

Напраўду, у кожнага чалавека ёсць выбар: абурацца або пакорліва несці крыж. Хоць у кожны момант нават самы пакорны чалавек можа закіпець і ўзбунтавацца. Працоўным у Беларусі горш, чым беспрацоўным за мяжой.

Падкрэслю, кожны выбірае сам. Да нас у прафзвяз прыходзяць людзі, якія падняліся з каленяў або ніколі на іх не станавіліся. Адзначу, мы чакаем усіх, хто хоча да нас далучыцца і змагацца за годную працу.

Незалежныя прафзвязы - адна з асноў грамадства і дэмакратычнай дзяржавы. Працоўныя павінны пры выбары прафзвязу разумець, што плаціць унёскі важна менавіта той арганізацыі, якая дапаможа змагацца ў выпадку чаго. Спансіраваць «кішэнныя» прафсаюзы няма сэнсу. Як гаворыцца ў адным вершы, «душу ў сабе раба - працы няма цяжэйшай». Вось калі людзі гэта зразумеюць, то сітуацыя ў краіне зменіцца.

Каб скончыць нашу гутарку на пазітыўнай ноце, зычу нашым мужчынам здароўя і сіл.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках