26 верасня 2018, Серада, 16:37
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Мядзведзеў заклікаў расейцаў самастойна ратаваць эканоміку ад крызісу

15

Дзяржаўных сродкаў не хапае.

Дзяржаўных грошай недастаткова для таго, каб мадэрнізаваць інфраструктуру і паскорыць расейскую эканоміку; улады мяркуюць, што інвеставаць у стымуляванне росту павінен і прыватны сектар.

Пра гэта на пасяджэнні ўрада ў чацвер заявіў прэм'ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў, паведамляе finanz.ru.

Прэзідэнт Уладзімір Пуцін паставіў задачу давесці інвестыцыі ў асноўны капітал да 25% ВУП, нагадаў Мядзведзеў: у першую чаргу, грошы спатрэбяцца "на мадэрнізацыю рэальнага сектару эканомікі" і "абнаўленне" інфраструктуры, якая дасягнула крытычнай стадыі зношанасці – больш за 50%, паводле звестак Падліковай палаты.

Без развязання гэтай задачы "мы наўрад ці зможам дамагчыся неабходных тэмпаў эканамічнага росту, не зможам стабільна развівацца", заявіў Мядзведзеў: "Інфраструктурныя праблемы – яны застаюцца адной з галоўных перашкодаў для інвестыцыі". "Але толькі за дзяржаўныя грошы мы інфраструктурныя праблемы не развяжам, гэта відавочна", – сказаў прэм'ер.

"Трэба больш актыўна прывабліваць у гэтую сферу прыватных інвестараў", падключыць бізнэс і размеркаваць наяўныя рэсурсы, дадаў ён.

Дзяржава, паводле ягоных словаў, дапаможа сістэмнымі захадамі ў паляпшэнні інвестыцыйнага клімату. "Гаворка ідзе пра тое, каб справавое асяроддзе стала больш стабільным і камфортным для прыватных інвестараў, каб мы стварылі ўмовы на макраўзроўні і падтрымлівалі іх, а надалей забяспечвалі прадказальныя правілы гульні ў галіне падатковых плацяжоў, тарыфнага рэгулявання, давялі да заканчэння рэформу кантрольна-нагляднай дзейнасці", – патлумачыў прэм'ер.

У наяўнасці "шызафрэнія эканамічнай палітыкі", піша дырэктар аналітычнага дэпартамента "Лока-Інвест" Кірыл Трэмасаў: у падатковай і бюджэтнай стратэгіі на найбліжэйшыя тры гады, якую Мінфін прапанаваў на мінулым тыдні, наўпрост паказана, што "павелічэнне дзелі дзяржавы ў эканоміцы на 1% ВУП запавольвае рост на 0,5 адсоткавага пункта" за год.

"Але пры гэтым уся бюджэтная канструкцыя – гэта менавіта пра павелічэнне дзелі дзяржавы", – нагадвае Трэмасаў: павышэнне ПДВ, адабранне сродкаў з эканомікі і практычна поўная адсутнасць планаў прыватызацыі дзяржсектару (прыбыткі ад продажу дзярждзеляў – нулявыя да 2021 года).