26 верасня 2018, Серада, 16:36
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Жарко не ведаў: Як КДБ «зачышчае» сферу аховы здароўя

25
ВАСІЛЬ ЖАРКО

Барацьба афіцыйнага Менска з карупцыяй выклікае хутчэй усмешку, чым ухваленне.

У Беларусі працягваюць змагацца з гідрай карупцыі. Затрыманыя больш за пяць дзясяткаў медыкаў, чыноўнікаў міністэрства аховы здароўя і бізнэсоўцы. Беларускі КДБ рапартуе аб канфіскацыі пятнаццаці мільёнаў карумпаваных даляраў. Праўда ў многіх мясцовых назіральнікаў, барацьба афіцыйнага Менска з карупцыяй выклікае хутчэй усмешку, чым ухваленне, піша «Белсат».

Дзясяткі чыноўнікаў, медработнікаў і бізнэсоўцаў практычна падарвалі беларускі сектар дзяржзакупак, пастаўлялі прэпараты і абсталяванне завышанымі коштамі і нанеслі шматмільённую шкоду дзяржаве. Так паводле версіі КДБ выглядае так званая справа лекараў, у якой замяшаны нават намеснік міністра аховы здароўя. Як жа так выйшла, што службы гадамі не ведалі пра карупцыйныя схемы?

«Гэтыя дзяржзакупкі. Мы з калегамі ўжо 15 гадоў пра гэта гаворым, ды і іншыя экспэрты выказваюцца. Дзяржзакупкі, тэндары, конкурсы, заўсёды былі карупцыйнай кармушкай, а цяпер дайшло да таго, што сталі саджаць чыноўнікаў з вышэйшых эшалонаў улады», - кажа журналіст-даследчык Аляксандр Фёдаровіч.

Але, не з самых вышэйшых. Экс-міністр аховы здароўя, а цяпер віцэ-прэм'ер Васіль Жарко - уладальнік катэджа плошчай на палову квадратнага кіламетра, проста заявіў, што ні пра што і не ведаў. Не ведаў міністр, гадамі не ведала б і КДБ, калі б год назад занепакоеная жыхарка вёскі Копысь, не пацікавілася ў Лукашэнкі - чаму айчынныя лекі даражэйшыя за замежныя аналагі.

«Калі вы ставіце пытанне аб тым, што ў нас задарагія лекі, значыць ёсць праблема. І абяцаю вам, што мае памочнікі прааналізуюць - што там за дарагія лекі», - запэўніваў Лукашэнка.

І праз год гэты аналіз скончыўся масавымі пасадкамі. З аднаго боку барацьба з карупцыяй у Беларусі не новая.

«Менавіта тэма барацьбы з карупцыяй была галоўнай у прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі 94-га года - першых выбараў. У яго даўно ёсць імідж змагара з карупцыяй», - кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

І дзякуючы такім гучным справам, гэты імідж утрымліваецца дзесяцігоддзямі. Лукашэнку ўспрымаюць як змагара за законнасць нават у суседняй Расеі, дзе пра карупцыю таксама ведаюць не па чутках.

Рэжым Пуціна трымаецца на карупцыі

Пераследуюць, ці хаця б спрабуюць, карупцыю і там. Але ёсць кардынальнае адрозненне, расейскі лідар гэтым не займаецца асабіста.

«У Пуціна няма такога іміджу. Тут сістэмнае адрозненне. У Расеі карупцыя - гэта неабходны элемент функцыянавання дзяржапарату. Гэта частка дзяржапарату. Калі гэтую карупцыю ўзяць і скасаваць, то рэжым раскідаецца», - упэўнены Карбалевіч.

Тым часам у Беларусі ў гэтым годзе за руку на хабары злавілі нават памочніка Аляксандра Лукашэнкі Гарадзенскай вобласці. А свае партфелі страцілі міністры спорту і сельскай гаспадаркі. Здавалася б - пасадкі за пасадкамі, а бясстрашных хабарнікаў усё больш!

«Яны разумеюць, што пасады займаюць яны часова, калісьці гэта ўсё спыніцца і таму пажадана падрыхтаваць сабе такі залаты парашут. Ну, а барацьба з карупцыяй - гэта вядомы элемент, улады кажуць, маўляў бы даўно ўжо ўсё зрабілі, але праклятыя карупцыянеры не даюць», - кажа Аляксандр Фёдаравіч.

І вось, 24 гады пасля першых выбараў генпракуратура паведамляе аб амаль падваенні колькасці карупцыйных спраў. Амаль чвэрць стагоддзя ідзе барацьба і чвэрць стагоддзя пераможцы няма. Толькі тыя, хто саступіў - беларускія грамадзяне.