28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы масава бягуць з краіны

130
Беларусы масава бягуць з краіны
КРЫНІЦА: ZASMESHI.RU

Узровень беспрацоўя ў Беларусі надмерны.

230 тысячаў беларусаў не хочуць станавіцца на ўлік у беспрацоўі. Пра гэта сведчаць звесткі з выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, якія апублікаваў штогадовы бюлетэнь «Працоўныя рэсурсы і занятасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

Тым часам беспрацоўных у працаздольным узросце ў нашай краіне – каля паўтара мільёна, сведчыць Белстат. Аднак спецыялісты сцвярджаюць, што нават гэтыя лічбы – заніжаныя, паведамляе «Белсат».

Афіцыйнае беспрацоўе стабільна зніжаецца. Сёлета ў траўні людзей, зарэгістраваных у цэнтрах занятасці, паменшылася на чвэрць у параўнанні з аналагічным перыядам летась – да 54 тысячаў чалавек. Але нават афіцыйная статыстыка ўжо прызнае, што на самай справе беларусаў, якія не могуць знайсці сабе працу, – у разы больш.

Паводле апытання хатніх гаспадарак за мінулы год, Статыстычны камітэт, акрамя афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, налічыў 230 тысячаў беларусаў, якія актыўна шукаюць працу, але не могуць яе знайсці.

«Калі браць афіцыйную статыстыку, якая кажа, што беспрацоўных да 5%, то ў разы тры, я мяркую, можна казаць, што гэтая лічба павінна павялічыцца», – адзначае старшыня Свабоднага прафзвязу металістаў Аляксандр Бухвостаў.

Акрамя пералічаных групаў, паводле звестак Белстата, у краіне жыве 1,4 млн чалавек у працаздольным узросце, якія не працуюць, але і не беспрацоўныя, таму што не шукаюць працы, прынамсі – на радзіме. Больш за палову з іх гэта – студэнты і жанчыны ў дэкрэце. Больш за 90 тысячаў займаюцца хатняй гаспадаркай. Дваццаць з лішнім тысячаў жывуць дзеля свайго задавальнення, бо не маюць патрэбы ў штодзённым зараблянні на хлеб. А яшчэ 80 тысячаў чалавек – працуюць за мяжой. Даследчык пытанняў міграцыі, заснавальнік даследчага цэнтра «EAST» Андрэй Елісееў, аднак, сцвярджае, што афіцыйныя лічбы беларускіх працоўных мігрантаў – заніжаныя ў разы.

«Паводле нашых ацэнак міграцыі ў Польшчу і Расею, колькасць кароткачасовых мігрантаў, якія працуюць за мяжой цягам года, складае да 400 тысячаў», – кажа Андрэй Елісееў.

Спецыялісты канстатуюць: экспарт працоўнай сілы добры для краіны ў кароткатэрміновай перспектыве, бо стварае прыток валюты, якую гастарбайтары пасылаюць дадому. З 2015 года да 2016-га колькасць польскіх працоўных візаў, выдадзеных беларусам, павялічылася ўтрая. Гэта дапамагло стабілізаваць курс рубля ў часе крызісу. Але ў 2017 годзе, калі айчынная эканоміка вярнулася да росту, палякі выдалі беларусам яшчэ ўдвая больш дазволаў на працу, чым за год да гэтага. Спецыялісты перасцерагаюць: гэтая тэндэнцыя – ужо небяспечная, бо становіцца прычынай дэфіцыту пенсійнага фонду і выцечкі мазгоў з краіны, знішчаючы яе канкурэнтаздольнасць.

«Многія прафесіі – і лекары, і іншыя – з'язджаюць за мяжу. Нават вось на заробкі», – адзначае Аляксандр Бухвостаў.

Міжнародныя крэдыторы паказваюць на дзве асноўныя рэчы, якія значна пагаршаюць сітуацыю на рынку працы. Па-першае, субсідаванне неэфектыўнай занятасці на дзяржпрадпрыемствах. На сродкі, якія дзяржава вылучае на аднаго працаўніка, напрыклад, стратнага цэментнага завода, прыватны сектар мог бы стварыць некалькі працоўных месцаў у гэтых або іншых галінах. Другая прычына – мізэрная дапамога ў беспрацоўі. У выніку чалавек, які страціў працу, не мае магчымасці вылучыць час на перакваліфікацыю або пошук годнай вакансій. І, замест гэтага, з'язджае за мяжу.

Напісаць каментар 130

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках