29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пятачок на «Дынама»

7
Пятачок на «Дынама»

Чэмпіянат свету ў футболе, які праходзіць міма мяне, не-не ды і прымусіць успомніць нешта з футбольнага жыцця.

Вось, напрыклад, пятачок заўзятараў на менскім стадыёне «Дынама», які застаўся ў мінулым. Адразу за цэнтральнай брамай, з левага боку пад стэндам з велізарнай турнірнай табліцай чэмпіянату СССР, якая акуратна абнаўлялася, у 60-я, 70-я гады рэгулярна збіраліся футбольныя заўзятары. Нейкага вызначанага дня або часу не было, адбывалася ўсё стыхійна, і збіралася ад некалькіх чалавек да некалькіх дзясяткаў. Гаварылі пра футбол, спрачаліся, часам на падвышаных тонах, але не пераходзячы межаў. Там не трэба было тлумачыць, хто такі Эдзік (Малафееў), Міша (Мустыгін) або Юра (Пагальнікаў). «Рудым» чамусьці звалі Віктара Канавалава, які нядоўга пагуляў за «Дынама», а не меднавалосага Леанарда Адамава. Там збіраліся знаўцы і захавальнікі вуснай гісторыі дынамаўцаў, разнастайных легенд і баек.

Там я пачуў легенду пра Хасе, Генадзя Хасіна. Мабыць, ён быў самым знакамітым персанажам гісторый заўзятараў. Фенаменальны форвард, які валодаў гарматным ударам, біў з двух ног, рваў сетку футбольных брам.

Сваім ударам ён мог забіць чалавека, таму павінен быў апранаць на правую нагу чырвоную папераджальную павязку. А яшчэ ён быў касы, глядзеў у адзін бок, а біў у іншы, таму брамнікі нічога не маглі зрабіць пасля яго ўдараў. Яго баяўся сам Яшын, які нязменна прапускаў ад яго мячы і пусціў у свет прыказку: «У яго сто ўдараў па ліхтарам, а два - па фраерам».

Многія гісторыі былі выдуманымі, як, напрыклад, байка пра касавокасць. Але іх сам Хасін, не зняпраўджваў, разумеючы, што заўзятарам гэта цікава. Легенды пра «смяротную» нагу жылі і ў іншых гарадах і краінах. Так, напрыклад, казалі пра вугорскіх футбалістаў Пушкашы і Кочышы. У трыццатыя гады гэтае ж распавядалі пра ленінградца Міхаіла Бутусава.

Заўзятарскі пятачок на «Дынама» быў скарбніцай інфармацыі аб любімай камандзе і яе футбалістах. Шкада, што гэтая з'ява знікла.

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках