25 красавiка 2024, Чацвер, 8:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта перавернуты свет»: беларускі актывіст распавёў, як яго арыштавалі ў Расеі

6
«Гэта перавернуты свет»: беларускі актывіст распавёў, як яго арыштавалі ў Расеі
АРЦЁМ МАРКІН
ФОТА: АЛЕСЬ ЗЯЛЁНЫ, BELSAT.EU

Удзельнік «маршу недармаедаў» - аб метадах расейскай ФСБ.

Анархіст Арцём Маркін правёў два дні ў расейскай турме і быў высланы з краіны, бо «ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы». Ён вярнуўся ў Менск і распавёў падрабязнасці свайго затрымання ў інтэрв'ю карэспандэнту belsat.eu.

30 чэрвеня ў мястэчку Прамухіне Цвярской вобласці праходзіла навуковая канферэнцыя «Прамухінскія чытанні», прысвечаная ў тым ліку аналізу моладзевых пратэстаў 1968-га года. Акрамя лекцый, удзельнікі дапамагалі ў рэстарацыі сядзібы Міхаіла Бакуніна.

Як тлумачыць Арцём Маркін, на гэту падзею сабраліся не толькі анархісты, але і проста «крытычна думаючыя людзі» – там былі не толькі расейцы, але і шмат замежнікаў. З беларусаў там быў толькі Арцём.

«Раніцай 8 ліпеня ў вясковы дом, дзе мы начавалі, увайшлі супрацоўнікі мясцовай паліцыі. Спачатку мы іх не бачылі, а толькі чулі пытанне «ці ёсць тут хто-небудзь?» Потым яны падышлі да мяне і папрасілі паказаць дакументы, усе трое былі ў форме. Яны паказалі свае пасведчанні, але сітуацыя была стрэсавая, і прозвішчы я не паспеў запісаць. Убачыўшы мой беларускі пашпарт, яны пачалі штосьці спраўджваць у базе звестак на тэлефоне».

Арцёму не патлумачылі, што гэта за база, і чаму яго персанальныя звесткі там апынуліся. Неўзабаве паліцыянты заявілі беларусу: ён неўязны і павінен прайсці з імі для разбіральніцтва.

«На вуліцы былі паліцэйскія машыны, людзі ў цывільным і жанчына з аддзела міграцыі. Я пытаўся, чаму я неўязны ў Расею, але паліцыянты сказалі, што прычыну мне растлумачаць толькі супрацоўнікі ФСБ, і толькі калі мы праедзем у пастарунак».

Хлопец вельмі здзівіўся, бо дагэтуль у яго не ўзнікала праблем з расейскімі ўладамі. Некаторы час ён нават працаваў у Маскве. Мяжу перасякаў легальна, памежнікі бачылі ягоны пашпарт і не задалі ніводнага пытання.

«Чамусьці супрацоўнікі ФСБ не маглі мне перадаць пастанову аб высылцы з краіны на месцы, ім трэба было пагаварыць са мной менавіта ў пастарунку. Ужо ў аддзеле паліцыі ў Таржку, куды мяне прывезлі, я даведаўся: са мной будуць гутарыць людзі з Цэнтра «Э» (падраздзяленне ФСБ у барацьбе з экстрэмізмам). Толькі на судзе я даведаўся, што аднаго «эшніка» звалі Раман Безусін. Спачатку мне ўручылі паведамленне, што я павінен пакінуць Расею да 13 ліпеня на падставе падпункта 1 часткі 1 артыкула 27 адпаведнага Федэральнага закона, бо «ўяўляю пагрозу нацыянальнай бяспецы, цэласнасці межаў і бяспецы жыцця грамадзян Расейскай Федэрацыі. Потым сфатаграфавалі, нягледзячы на маё абурэнне. «Сядзі ціха, закрый рот», – такі быў адказ».

Арцём адразу паспрабаваў высветліць, допыт гэта ці проста размова, а, калі допыт, то хто вядзе пратакол? Са слоў анархіста, супрацоўнік ФСБ задаваў у асноўным агульныя пытанні аб канферэнцыі, навошта ён прыехаў, ці ўдзельнічае ў палітычных арганізацыях. Арцём на ўсе пытанні адказваць адмовіўся.

«Галоўнай асцярогай было, што маё затрыманне неяк звязанае са справай «Сеткі». Гэта вялікая крымінальная справа супраць анархістаў у Расеі, якую актыўна раскручвае ФСБ, а арыштаваных катуюць. Тым больш у афіцыйнай фармулёўцы сілавікоў адзначаецца, нібыта ячэйка арганізацыі ёсць у Беларусі... Аднак яны не ўжывалі фізічнай сілы ў дачыненні да мяне, не казалі нічога, звязанага з «Сеткай», і я хутка зразумеў, што гэта не мой выпадак» .

Разам з тым, Арцём узгадвае, як адзін з сілавікоў спытаў: «Сяброў тваіх на мінулым тыдні ў лесе САХР паклаў, крута, а?». Маецца на ўвазе затрыманне анархістаў пад Крупкамі 30 чэрвеня, калі сілавікі з аўтаматамі амаль 5 гадзін пратрымалі актывістаў на зямлі. На думку Арцёма, такія словы расейскага праваахоўніка сведчыць пра вельмі цеснае супрацоўніцтва з беларускімі органамі ў пераследзе чальцоў анархістычнага руху.

Не дабіўшыся паказанняў, Маркіна павезлі на медыцынскі агляд, але той катэгарычна адмовіўся. Паводле ч.1 арт.6.9 Каап РФ, адмова ад агляду дае падставы меркаваць, што чалавек ужываў наркотыкі. Таму на яго склалі пратакол і змясцілі ў камеру пастарунку ў Таржку.

«Умовы там былі жудасныя: камера 2 на 2 метры, куды набіліся шэсць чалавек. На падлозе пясок, рэшткі ежы з перадач, паветра не паступае. Ніякай бялізны не выдаюць, таму давялося проста на падлозе ляжаць. У такім стане я правёў 27 гадзін».

Арцёма асудзілі на 2 дні адміністрацыйнага арышту. Астатні час пасля суда ён адбываў пакаранне ў агульнай камеры СІЗА ў Таржку.

«Канвой і ахова глядзелі на мяне больш з цікаўнасцю, чым з агрэсіяй. Для іх з'яўленне «палітычнага» было рэдкасцю. У камеры СІЗА спачатку мы спалі на «сцэне» – насціле з дошак, без бялізны. Але потым на маю просьбу яе прынеслі, сталі крыху лепш ставіцца. Адпусцілі мяне на волю роўна ў тэрмін. Калі я выходзіў, то хацеў пакінуць ежу з перадачы сваім сукамернікам, але ахоўнік забараніў. «Гэта ў іншых месцах дзяліцца добра, а ў нас – не». Ну што скажаш, гэта перавернуты свет».

27-гадовы Арцём Маркін не ўпершыню трапіў пад рэпрэсіі. Летась 15 сакавіка пасля дазволенага ўладамі маршу недармаедаў, яго з паплечнікамі брутальна затрымалі на тралейбусным прыпынку сілавікі ў цывільным. Тады анархіст атрымаў 12 дзён арышту ў ЦІП на Акрэсціна.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках