26 красавiка 2024, Пятніца, 0:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суддзя ў Берасці спалохаўся копіі карціны «Суд Камбіса»

14
Суддзя ў Берасці спалохаўся копіі карціны «Суд Камбіса»
ФОТА: СЯРГЕЙ ПЯТРУХІН

Людзей, якія трымалі рэпрадукцыі, выклікаюць на гутаркі ў міліцыю.

Міліцыя праводзіць праверку аб факце дэманстрацыі ў судзе Ленінскага раёна Берасця пасля працэсу над праціўнікам будаўніцтва акумулятарнага завода Дзмітрыем Бекалюком плакатаў з копіямі фрагмента карціны нідэрландскага мастака Герарда Давіда «Суд Камбіса» або «Здзіранне скуры з прадажнага суддзі», паведаміў TUT.BY праваабаронца Раман Кісляк.

Са слоў праваабаронцы, у міліцыю на размову выклікалі амаль 10 чалавек, ужо апыталі семярых.

«У міліцыі людзям задаюць пытанні пра тое, што гэта за карціна, хто ім выдаў яе копіі, навошта яны яе дэманстравалі і ці выказвалі гэтым пратэст. Паводле нашых звестак, праходзяць дзве праверкі. Адна ў рамках крымінальнага заканадаўства, паводле артыкула за абразу суддзі. Другая - у рамках адміністрацыйнага, за парушэнне правілаў арганізацыі масавага мерапрыемства», - патлумачыў Раман Кісляк.

Нагадаем, копіі фрагмента карціны «Суд Камбіса» прадэманстравалі людзі, якія прыйшлі ў суд Ленінскага раёна падтрымаць Дзмітрыя Бекалюка і Алега Ярмоленку. Актывістаў судзілі за збор подпісаў пад зваротам аб адстаўцы кіраўніцтва Берасця, Берасцейскага раёна і вобласці. Карціна, напісаная ў 1498 годзе, гістарычна прызначалася для залы суда, каб служыць напамінам суддзям аб іх абавязку і бесстароннасці.

Збор подпісаў за адстаўку кіраўнікоў гар-, рай- і аблвыканкама стартаваў 16 красавіка. Яго ініцыявалі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем.

Пытаннем будаўніцтва занепакоеныя жыхары Берасця, некалькіх найбліжэйшых вёсак і садовых таварыстваў. Галоўнае, што хвалюе людзей, - гэта ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Аднак праведзеная да пачатку будаўніцтва экспэртыза паказала, што «негатыўнае ўздзеянне праектаванага аб'екта на атмасфернае паветра, паверхневыя і падземныя воды, нетры, глебы, жывёльны і раслінны свет, а таксама на чалавека нязначнае», а «ўвод праектаваных аб'ектаў у эксплуатацыю не прывядзе да парушэння прыродна-антрапагеннай раўнавагі».

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках