24 красавiка 2024, Серада, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскае «Дынама» з Марадонам супраць «Шахцёра» і астатняга свету

4
Берасцейскае «Дынама» з Марадонам супраць «Шахцёра» і астатняга свету

Зорка сусветнага футбола едзе ў беларускі абласны горад.

Квіткі на матч "Дынама" (Берасце) - "Шахцёр" (Салігорск) разлятаюцца як гарачыя пончыкі. Гульня закрые праграму 16-га тура і пачнецца сёння а 20.45. Гаспадары пастараюцца здагнаць гасцей і яшчэ глыбей уплішчыцца ў барацьбу за медалі. Але ўсё адно... Гэта толькі дэталі, што касуюцца перад галоўным, піша "Прессбол".

А галоўны ў Берасці сягоння - старшыня ўправы, дон чэмпіён, сэньёр, камандантэ і сусветная знакамітасць Дыега Арманда Марадона. Ён нарэшце дабярэцца да Беларусі - і гэта той самы факт, які ўводзіць моцную і квітучую ў незвычайнае ўзбурэнне.

Марадона прыляціць а 15.00 проста ў Берасце - у мясцовы аэрапорт, які спецыялізуецца збольшага на таварных і чартэрных перавозках. Адтуль яго павязуць у найлепшы гатэль места - "Эрмітаж", размешчаны ў ціхім цэнтры і, што важна, непадалёк ад стадыёна. Дон Дыега прыбудзе з Масквы, дзе напярэдадні ён назіраў фінал чэмпіянату свету, але нават такая недалёкая дарога патрабуе перадыху. Перадыхнуўшы і перакусіўшы, чым Бог паслаў, а 18.00 высокі госць дасць прэс-канферэнцыю. Там жа, у "Эрмітажы", у прыгожай канферэнц-зале, дзе мяккія дываны і аналагічныя крэслы ў гамбсавым стылі.

Журналісты ўжо ў прачуванні. Не толькі беларускія, але і замежныя - акрэдытацыю на брыфінг атрымалі мэдыі з Расеі, Еўропы, Украіны, Балтыі... Усім карціць убачыць легенду, падыхаць з ім адным паветрам і нават задаць якое-небудзь далікатнае пытанне. З прэс-канферэнцыі уласна праграма знаходжання Дыегі Арманды ў Берасці афіцыйна стартуе - і працягнецца затым ужо на стадыёне.

Якім чынам Марадона будзе залучаны ў гульню, пакуль не ясна. Ці сядзе ў VIP-ложы, ці аддасць перавагу трэнерскай лаўцы - усё гэта высветліцца бліжэй да матчу. Вядома толькі, што перад стартавым свістком 57-гадовы аргентынец звернецца да перапоўненых трыбун з вітальнай прамовай. Так што наказ заўзятарам - займаць месцы зарання, а не прыходзіць упрытык.

Інакш можна прапусціць з'яўленне старога Арманды на АСК "Брэсцкі".

Як ужо паведамлялася, першае знаходжанне Марадоны ў Беларусі пройдзе ў рэжыме бліц. Што зразумела і натуральна: апошні месяц кіраўнік дынамаўскай управы прабавіў у Расеі, прычым зусім не ў шчасным сузіранні. З’яўляючыся чалавекам порсткім, ён па-свойму паўдзельнічаў у чэмпіянаце свету і, трэба меркаваць, трохі стаміўся фізічна і маральна.

Ужо ў аўторак раніцай, паспытаўшы беларускай гасціннасці, ён развітаецца з Берасцем - і адправіцца невядомым маршрутам. Ці то на радзіму ў Аргенціну, ці то ва ўпадабаныя ім Эміраты, што не так ужо важна.

Важна іншае - калі Дыегу чакаць зноў? Зрэшты, гадаць не будзем. Ён сам усё раскажа, а яго спытаюць - канечне спытаюць.

Што да самога матчу, то пра яго трэба разумець наступнае. Задачу бегчы за цягніком берасцейскаму "Дынама" ніхто не касаваў. Каманда бяжыць, з новым галоўным трэнерам Аляксеем Шпілеўскім здабытыя дзве перамогі з агульным лікам 7:0. Футбалісты намагаюцца спадабацца маладому стырнавому. Яны разумеюць, што перыяд дадатковых заявак блізкі - і як бы не атрымаць адстаўку з клуба, дзе ратацыя кадраў традыцыйна высокая. Увогуле, энэргія з "Дынама" так і прэ, а тут яшчэ і Марадона.

Пры гэтым вядома: свае найлепшыя матчы Берасце праводзіць на эмоцыях. Калі вакол і адусюль тлум, калі трыбуны поўныя і гоняць наперад. Калі футбол крышку большы, чым футбол. Сёння на берагах Буга менавіта такі дзень. Не можа быць сумневаў, што харызматычны камандантэ забяспечыць камандзе неверагодны душэўны парыў - і дзеля дадатнага выніку "Дынама" будзе на полі "канаць", каб потым не было пакутліва балюча. На гэта, як той казаў, і разлік - і адзін з сэнсаў прыезду Марадоны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках