16 красавiка 2024, aўторак, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заіка: У Беларусі галоўная якасць, каб добра працаваць - трэба надзімаць шчокі

6
Заіка: У Беларусі галоўная якасць, каб добра працаваць - трэба надзімаць шчокі
ЛЕАНІД ЗАІКА

Дзе беларусу добра жыць, і пра асаблівасці працоўнай міграцыі.

Беларусы сталі часцей выязджаць на заробкі за мяжу. Пра гэта сведчыць статыстыка Дэпартамента працы і міграцыі МУС. За першае паўгоддзе за мяжой ўладкаваліся на працу 5882 чалавекі (на 864 чалавекі больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года), піша «Салідарнасць».

«У 90-я гады з'язджалі разумныя мужчыны і прыгожыя дзяўчаты. А тыя, што засталіся — электарат»

Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія», доктар эканамічных навук, прафесар Леанід Заіка прыгадвае лічбу, названую Мясніковічам, — 450 000 «дармаедаў».

— Гэта прыкладная колькасць людзей, якія з'язджалі зарабляць за мяжу, — мяркуе эканаміст і адзначае, што колькасць гастарбайтэраў складала да мільёна беларусаў.

На думку Заікі, пададзеная Дэпартаментам працы і міграцыі статыстыка — безумоўна, толькі для чыноўнікаў.

— Напраўду мы назіраем два тыпы ад'ездаў. Першы — назаўжды. Гэта самае трывожнае і небяспечнае, бо мы трацім наш чалавечы капітал. Едуць зазвычай самыя канкурэнтныя, моцныя, энэргічныя і тыя, хто не баіцца цяжкасцяў. Было відаць яшчэ ў 90-я гады — з'язджалі разумныя мужчыны і прыгожыя дзяўчаты. А тыя, што засталіся — электарат.

Другі тып ад'ездаў — на час. Цяпер можна працаваць дома, атрымліваючы даходы за мяжой. Зазвычай так робяць нашы праграмісты і кампутарнікі. Мне таксама даводзілася працаваць у замежных універсітэтах, я ад'язджаў туды для чытання лекцый і правядзення даследаванняў. Як човен — выехаў, папрацаваў і вярнуўся ў Беларусь.

Свет становіцца больш кампазіцыйным, праца — больш мабільнай. Вы можаце атрымаць добры кантракт на даследаванні, папрацаваць год, і заробленых 100 тысяч даляраў вам выстарчыць на ўсё астатняе жыццё.

Сучасная карціна міграцыі не адпавядае таму, што было ў 19 ці 20 стагоддзях. Цяпер мазгі падарожнічаюць па ўсім свеце. Самая буйная фірма, якая арганізуе падарожжы мазгоў — Інтэрнэт.

«Выявілася, што нашы бетоншчыкі не ўмеюць рабіць арматуру»

Эканаміст адзначае, што самы просты метад падліку, колькі беларусаў выехала працаваць за мяжу, — апытанні хатніх гаспадарак і насельніцтва.

— Такія даследаванні праводзілі Вардамацкі і Манаеў. Выходзіла, блізу 30 % працоўных выязджае на працу за мяжу. Мяркую, колькасць беларусаў, якія выязджаюць на заробкі, можа дасягнуць і паўтара мільёна.

З ухвалы і пры падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі вольны выезд на працу за межы Беларусі з'яўляецца дзяржаўнай палітыкай.

Гэтую перавагу стварылі беларускія ўлады, дамовіўшыся з расейцамі і казахамі аб адзінай прасторы, якая ў тым ліку прадугледжвае вольны рух працоўнай сілы.

Леанід Заіка называе плюсы, якія дае магчымасць папрацаваць у іншых краінах.

— Гэта тэст, наколькі чалавек здольны працаваць у іншым моўным асяроддзі. Другі момант — павышэнне прафесійнага ўзроўню. Мае знаёмыя прадпрымальнікі наймалі рабочых на будоўлю ў Польшчы. Выявілася, што нашы бетоншчыкі не ўмеюць рабіць арматуру.

У Еўропе высокі попыт на зваршчыкаў, а стаматолагі, журналісты і выкладчыкі гісторыі беларускай дзяржаўнасці не запатрабаваныя.

«Прапаноўваў Мінадукацыі адпраўляць у Расею нашых прафесараў, якія бяруць 350 даляраў»

У ТОП-10 краін, у якія часцей за ўсё адпраўляюцца на заробкі беларусы ўвайшлі: Расея, Польшча, Літва, ЗША, Нямеччына, Чэхія, Фінляндыя, Кітай, Катар, Карэя.

— Спіс краін спецыфічны і вызначаецца прафесійным падыходам, — каментуе ў інтэрв'ю Леанід Заіка. — Сярод гастарбайтэраў шмат будаўнікоў, частка едзе на часовыя заробкі — збіраць ураджай.

Вахтавым метадам беларусы працуюць у газа- і нафтаздабыўных расейскіх рэгіёнах. Шмат жанчын з'язджае працаваць у Расею, у сферу паслуг — догляд дзяцей, прыбіранне дамоў. Можна зарабляць тысячу даляраў на месяц, займаючыся выхаваннем дзяцей. Я прапаноўваў кіраўнікам Мінадукацыі арганізавана адпраўляць у Расею нашых прафесараў, якія бяруць 350 даляраў.

У Польшчу едуць больш адукаваныя і пераважна жанчыны.

У Гішпаніі беларусы працуюць у сэрвісе на пляжах.

У Нямеччыну едуць як аўтаслесары, так і хірургі найвышэйшай кваліфікацыі. Ведаю гісторыю, калі два выдатныя хірургі з Беларусі выязджалі рабіць аперацыі ў нямецкую клініку. Яны рабілі 3-4 аперацыі і бралі свае 10-20 тысяч еўраў за 3-4 дні.

«У Беларусі можна добра ўладкавацца, калі ты працуеш на вуліцы Карла Маркса або Савецкай»

У ЗША зазвычай з'язджаюць тыя, хто, фактычна, з'яўляецца неадукаваным турыстам. Больш за ўсё сярод іх пенсіянераў, якія разлічваюць атрымліваць дапамогу. Там яны жывуць дрэнна, але ніхто з іх у гэтым не прызнаецца.

Мне даводзілася працаваць у Сусветным банку ў ЗША. Я меў апартаменты шэсць пакояў. А мае знаёмыя навукоўцы жылі сціпла, і я не наважыўся запрасіць іх да сябе, бо я іх гэтым шакаваў бы і прывёў бы ў стан кагнітыўнага дысанансу.

Бачыў, як жывуць у ЗША фізікі з інстытута ядзерных даследаванняў. Усе, хто з'язджае з Беларусі ў Нямеччыну і ЗША, не майце ілюзій — будзеце таджыкамі. Або як казаў адзін амэрыканскі дыпламат: «Ты паедзеш і будзеш гноем для сваіх дзяцей».

Кітай, Катар — туды з'язджаюць нашы дзяўчаткі пасля заканчэння кар'еры балерын — танцаваць, займацца сэрвісам. Шмат хто з'язджае працаваць у турыстычных кампаніях.

На Канарскіх выспах маюць патрэбу ў гідах, у работніках турыстычных фірмаў, якія ведаюць хаця б дзве мовы. Перш чым кудысьці ехаць, вывучы хаця б адну мову.

У Чэхію добра з'язджаць вучыцца студэнтам з веданнем чэшскай мовы — яны могуць вучыцца задарма і браць трыста еўраў стыпендыі (заплата прафесара ў Беларусі).

Тых, хто хоча займацца бізнэсам у гэтай краіне, чакае складаны лёс. Ведаю прыклад, калі расейцы купілі невялікі гатэль і не атрымалі нават дазволу на жыхарства. Прыязджаюць у Чэхію як турысты.

У Кітай едуць збольшага прадстаўнікі мастацкіх кірункаў. Звярніце ўвагу, колькі кітайцаў вучыцца ў нашым Універсітэце культуры. У Кітаі мастацтва — гэта добры бізнэс.

У Беларусі таксама можна добра ўладкавацца, асабліва, калі ты працуеш на вуліцы Карла Маркса ці Савецкай. У нашай краіне галоўная якасць, каб добра працаваць — трэба надзімаць шчокі. Замежных моў ведаць не трэба. Ніхто з нашых міністраў на замежнай мове не размаўляе. Чыноўнік, які ведае добра філасофію і эканоміку, у Беларусі выглядае агідна і ненатуральна, — у стылі Жванецкага падрахаваў вынік Леанід Заіка.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках