20 красавiка 2024, Субота, 8:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзе вы раней бачылі, каб бохан хлеба каштаваў 17 тысяч?»

40
«Дзе вы раней бачылі, каб бохан хлеба каштаваў 17 тысяч?»

Жыхары Баранавічаў распавялі, што думаюць праз два гады пасля дэнамінацыі.

З моманту, калі беларускія мільёны і тысячы ператварыліся ў рублі і капейкі, прайшло два гады. Дэнамінацыя анансавалася як «чыста тэхнічная працэдура», якая ніяк не паўплывае на жыццё беларусаў, піша intex-press.by.

Звесткі афіцыйнай статыстыкі што да інфляцыі гэта «пацвярджаюць». Вось толькі многія гараджане, пераводзячы кошты на ранейшыя грошы, адчуваюць сябе падманутымі.

1 ліпеня 2016 года ў кішэнях беларусаў зазвінелі капейкі, а цэннікі з шасцю нулямі сталі гісторыяй. Напярэдадні дэнамінацыі многія выказвалі асцярогу, што, як толькі прыбяруць нулі, кошты папаўзуць уверх. Аднак і экспэрты-эканамісты, і кіраўніцтва Нацбанку стараліся супакоіць насельніцтва, запэўніваючы, што «ніякага разгулу інфляцыі» не будзе.

«Дзе вы раней бачылі, каб бохан хлеба каштаваў 15-17 тысяч?»

Большасць беларусаў за два гады да новых грошай, вядома, прывыклі. Куды дзявацца? Нават тыя, каго раздражняе звон дробязі, прыстасаваліся да новых умоў.

- Я перайшоў на безнаяўны разлік. Гэта зручней, чым шастаць паперай і грымець манетамі, - распавёў жыхар Баранавічаў Віталь.

Але некаторыя, бачачы ў краме цэннікі, па-ранейшаму пералічваюць паказаную суму ў тысячы. І не таму, што да новых грошай прывыкнуць не могуць. Хутчэй, не могуць прымірыцца з коштамі, якія пасля гэтага пераліку атрымліваюцца.

- Дагэтуль пералічваю кошты на ранейшыя грошы і кожны раз лаўлю сябе на думцы, што нас дураць. На рынку бачыла паўлітровую пластыкавую шклянку суніц за 100 тысяч ранейшымі. Сто тысяч! За шклянку суніц! Ды за такія грошы гэтыя ягады павінна лячыць усе хваробы і зрошчваць пераломы, а не з'еў і забыўся, - не ўтойвае абурэння гараджанка Наталля.

Гэта пачуццё падману адчуваюць многія. І ў тым, што жыццё паводле адчуванняў стала даражэйшым, вінавацяць менавіта дэнамінацыю.

- Часам за «ўпакоўку» печыва, якая ў далонь змяшчаецца, трэба аддаць 3 рублі. 30 тысяч за пару штук печыва! А дзе вы раней бачылі, каб бохан хлеба каштаваў 15-17 тысяч? А цяпер бачыш - рубель з капейкамі - і быццам нічога, нядорага. Атрымліваецца, што дэнамінацыяй хацелі ўсё спрасціць, бо меншыя грошы сапраўды лягчэй лічыць. А напраўду згулялі з народам злы жарт, проста ашукаўшы ўсіх, - упэўненая жыхарка горада Таццяна.

Статыстыка: кошты раслі рэкордна павольна

Афіцыйная статыстыка сцвярджае, што напраўду за апошнія два гады кошты раслі «рэкордна павольна». Да прыкладу, у траўні 2018 года ў дачыненні да траўня 2017-га кошты выраслі менш, чым на 5%.

Аднак, калі браць асобныя пазіцыі тавараў, то кошты некаторых прадуктаў і нехарчовых тавараў нават у зводках афіцыйнай статыстыкі выраслі.

Узяць тую ж улюбёную беларусамі бульбу. Пасля дэнамінацыі цэннік на яе, нават паводле афіцыйных звестак, вырас амаль удвая. І гэта сярэдні кошт. А калі ўлічыць, што рэальна ў крамах кіло маладой бульбы аштуе не 63 капейкі, як паведамляюць звесткі Белстата, а блізу 90 капеек «на зніжцы», то рост можа выявіцца яшчэ вышэйшым. Моцна падаражэлі і малочныя прадукты. Кошт за пакет малака за два гады вырас амаль на 30%.

Прыкметны моцны рост коштаў і некаторых нехарчовых тавараў. Асабліва бачна гэта на дробязях. Узяць пачак запалак. За два гады ён падаражэў усяго на капейку. Дробязь, здавалася б. А калі перавесці ў адсоткі, то так не здаецца - плюс 25% да кошту ў параўнанні з траўнем 2016 года.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках