20 кастрычнiка 2018, Субота, 16:52
Нам патрэбна ваша дапамога
Рубрыкі

Да ўлады дапалі людзі, якіх цікавіць толькі карупцыя

9

Нават у Старажытным Рыме водная сістэма працавала лепш, чым у сучасным Менску.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіла грамадская актывістка, карэнная мянчанка Вольга Нікалайчык, каментуючы патопы на вуліцах Камсамольскай і Рэвалюцыйнай пасля дарагой рэканструкцыі:

- Ведаеце, мне вельмі дзіўна, што наш Менск раптам ператварыўся ў Вэнэцыю. Бо для гэтага няма ніякіх падставаў. У плане вады ў нас у краіне ўсё нармальна.

Патопы, якія працягваюцца ўжо некалькі дзён, сведчаць пра безгаспадарлівасць і недалужнасць улады. Яе поўнае невуцтва ў сучасных гарадскіх справах.

Мы ж не ў Старажытным Рыме, дзе, адзначу, яшчэ ў тыя часы водная сістэма працавала ў разы больш якасна і спраўна, чым сёння ў Менску. Гэта сведчыць аб тым, што ў гарадской управе няма спецыялістаў, узровень работнікаў вельмі нізкі.

Скажу так, патопы адлюстроўваюць усеагульны заняпад у краіне. Беларусь выпадае з цывілізацыйнага кантэксту, і Менск не вынятак. Неўзабаве ўбачым, як на паверхню вылезуць праблемы з шмат якіх іншых сфэр.

Ды што казаць, калі краінай кіруе Лукашэнка - звычайны калгаснік. Ён раскідаў, нагадаю, нават калгас, якім кіраваў. Што з яго ўзяць?

У Беларусі да ўлады дапалі людзі, якіх цікавіць толькі карупцыя. У Еўропе людзей, якія прыйшлі працаваць на важныя пасады, вучаць, яны ведаюць мовы, у большасці сваёй атрымалі некалькі адукацый, маюць досвед. Кіраванне горадам - гэта ж навука!

У нас жа брук або асфальт новы пакладуць - грошы адмыюць і пасля танкамі на іх паездзяць. Чаго ад такіх людзей можна чакаць?

Яны па свежым асфальце гойсаюць, а мы хочам каб у нас вадасцёкі нармальна працавалі? Які абсурд: у цэнтры еўрапейскага места не працуе каналізацыя. Неўзабаве патонем мы ведаеце ў чым...?